Культура44

Леаніду Дранько-Майсюку — 60!

Сёння спаўняецца 60 год Леаніду Дранько-Майсюку — беларускаму рупліўцу, паэту, аўтару словаў усім вядомай «Полькі беларускай». Рэдакцыя «Нашай Нівы» далучаецца да віншаванняў!

Да журбы дакранайся, нібы да жалеза;
Языком выцалоўвай марознае шкло,
Разумеючы простае: тое паэзія,
Што ніколі паэзіяй і не было.

Што ні ёсць — усё добра, усё мае рацыю,
I пад каменем кожным гадзючыцца верш…
Ты — паэт камарына-слязлівае нацыі
За здароўе сваё воцат п'еш!

Пі, закладнік сваёй дабрыні з'алкаголенай,
Пі на зайздрасць падонкам, няздарам усім —
Ты застаўся. А ім? Не застацца ніколі ім
Ні паэмай, ні вершам, ні словам жывым;

Пі, усё безназоўнае любячы, помнячы,
Цень Купалы вітаючы прошчай сваёй…
Як цудоўна — паэтам так сумна на поўначы!
Як цудоўна — жалеза лагодзіць журбой!

***

У Вашым голасе квітнеюць астры,
Якіх не бачыў я раней.
Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна…
У Вашым голасе квітнеюць астры,
I кожнай кветцы Бог сказаў: квітней.

Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна —
Ці варты музыкі такой?!
Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай,
Калі гучаць арфічна Вашы астры
Па-над пустой канцэртнай асакой.

Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай,
Не ведаю і ведаць не хачу.
Запамінаю голас Ваш прыязны;
Нібыта верш, запамінаю астры, —
Па-школьнаму, на памяць іх вучу.

Запамінаю голас Ваш прыязны…
Пакінь, пакінь, глыбокая струна,
Шум глыбіні і неспакой рамансны,
Каб у крыві маёй квітнелі астры…
Кроў — гэта ваза, што не мае дна.

***

Калі атручана крыніца,
Душа, выходзячы з бяды,
Нанова хоча нарадзіцца
У Крэве, бо якраз туды
Гасподзь заўсёды мосціць кладку —
Да вечна чыстае вады,
Каб да шчаслівага пачатку
Ты не спыняў сваёй хады.

***

Ты, — памножаная на неба
I падзеленая на страх, —
Здабываеш са смутку срэбра
Старажытных вясёлых драхм.

Ты далей, чым слова д а л ё к а,
I чысцей за ўсе халады…
Неўрадлівы пясок сірока
Засыпае твае сляды.

Ты ўжо чуеш, як свечка плача
На блакітным летнім акне,
Пройдзе восень над Белай дачай
I патоне ў нашым віне.

Што ж цябе, дарагая, страшыць?
Ну, адкуль ён, адкуль ён — страх?
На віне пацалункі нашы,
Дзякуй Богу, не на слязах.

I калі я твой брат старэйшы,
То паслухай мяне хоць раз:
Багдановіч апошнім вершам
Ад самоты пазбавіў нас, —

А ў самотнейшыя хвіліны
Уначы, пад газніцы бліск,
Не ў Вільню — пісаў у Афіны
Да Вацлава нясмелы ліст.

Каментары4

Цяпер чытаюць

У Беларусі рэзка вырасла доля стратных прадпрыемстваў — такіх ужо траціна. Чаму так адбываецца?17

У Беларусі рэзка вырасла доля стратных прадпрыемстваў — такіх ужо траціна. Чаму так адбываецца?

Усе навіны →
Усе навіны

Жлобінскі мужчына хаваўся ад судовых выканаўцаў у лясным шалашы1

У Мінску некаторыя дарогі зробяць вузейшымі

Расія страціла яшчэ адзін самалёт Су-341

Забудзьцеся пра нафту і газ. Як вада можа стаць зброяй у вайне ЗША і Ізраіля супраць Ірана

«Сала як масла, такога нідзе не знайсці». Як сям'я са слуцкай вёскі ператварыла хатнюю гаспадарку ў брэнд9

Мерц хоча выправіць з Германіі дахаты 80% сірыйцаў. Яго ўжо моцна раскрытыкавалі29

Заходнія вятры прынеслі ў Беларусь першыя пылкі-алергены1

«Няма магчымасці далей цягнуць бясплатны фармат». Фестываль Tutaka ўпершыню будзе браць грошы за ўваход7

Літовец паехаў наведаць сваякоў у Беларусь — яго арыштавалі і далі 15 гадоў. Кажуць, што за шпіянаж2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі рэзка вырасла доля стратных прадпрыемстваў — такіх ужо траціна. Чаму так адбываецца?17

У Беларусі рэзка вырасла доля стратных прадпрыемстваў — такіх ужо траціна. Чаму так адбываецца?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць