Грамадства2323

Лукашэнка прапанаваў Тапузідзісу распаўсюдзіць сетку «Кароны» на вёскі

Аляксандр Лукашэнка 8 верасня правёў рабочую сустрэчу са старшынёй рады дырэктараў ТАА «Тытунь-інвест» Паўлам Тапузідзісам, на якой абмяркоўвалася рэалізацыя праекта па комплексным гандлёвым абслугоўванні насельніцтва, якое пражывае ў сельскай мясцовасці і невялікіх населеных пунктах.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што напярэдадні ў інтэрнэце азнаёміўся з інфармацыяй на некаторых рэсурсах «з пахам жаўцізны». «Прачытаў, што там за некалькі гадоў назапасілі пра Лукашэнку, і, рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, падумаў пра тое, што калі б гэтыя жоўтыя пісакі ведалі, як я напружваю бедных бізнэсменаў, дык яны, напэўна, напалову менш пісалі б паскудства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«У мяне няма звычкі для сябе асабіста нешта прасіць. Ніводны бізнэсовец пра гэта не скажа», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Ён адзначыў важнасць рэалізацыі праекта ў сферы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, асабліва сельскага. Пры гэтым ён канстатаваў, што часам складваецца несправядлівая сітуацыя, калі на вёсцы тавары ў крамах, у тым ліку прадукты, прадаюцца па цэнах даражэйшых, чым у горадзе.

«Не скажу, што нам патрэбна замена белкаапсаюзаўскага гандлю, — патрэбна канкурэнцыя, каб мы бачылі рэальную карціну. І вось тады я папрасіў, каб ты спланаваў у адным з раёнаў Беларусі такую сетку абслугоўвання. І ты мне адназначна заявіў, што гэта будзе па цэнах ніжэй, чым існуючыя. Гэта мяне падкупляе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў выпадку паспяховай рэалізацыі запланаванага ў адным з раёнаў аналагічную схему можна будзе ў наступным выкарыстаць па ўсёй краіне. «Вядома, трэба, каб насельніцтва абслугоўвалася дастойна», — падкрэсліў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым нагадаў, што ў Беларусі ўжо склалася сістэма пражывання людзей на вёсцы і ў раёнах ў цэлым.

«Ёсць аграгарадкі, яны стабільныя і сталыя, яны назаўсёды (не думаю, што нехта гэтую сістэму зломіць). У раённым цэнтры павінен быць прыстойны гандлёвы цэнтр, які будзе размеркавальным цэнтрам па ўсім раёне. У аграгарадках павінны быць паменш крамы, але прыстойныя. Там павінны людзі купіць усё, што іх цікавіць. гэта значыць тавар, які ёсць у Мінску, ён павінен быць даступны для нашых вяскоўцаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Трэці ўзровень — вялікія вёскі, якія былі калісьці цэнтрамі калгасаў, саўгасаў, — яны застануцца. Там ёсць крамы, іх трэба прывесці ў парадак. Або пабудаваць просценькую крамку».

Чацвёрты ўзровень, паводле слоў Лукашэнкі, — невялікія вёскі, якія было прынята называць неперспектыўнымі. Разам з тым ён адзначыў, што цяпер актыўна заклікае бізнесменаў прыняць удзел у адраджэнні і навядзенні парадку ў гэтых населеных пунктах, асабліва тых, адкуль яны самі родам. «Гэта ж усё-такі нечая радзіма. І мне ўжо кажуць, што каля тысячы такіх бізнесменаў, якія хочуць адрадзіць сваё радавое гняздо. У адваротным выпадку вёска загіне. Але там пакуль жывуць людзі. Іх трэба, мабыць, абслугоўваць праз аўталаўкі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён упэўнены, што бізнэс на вёсцы можа паспяхова развівацца, і не толькі гандаль, але і аказанне ў комплексе розных дадатковых паслуг. «Але на паверхні ляжыць гандлёвае абслугоўванне. Вось гэты блок пытанняў я хачу не проста абмеркаваць, а хацеў бы, каб ты годна рэалізаваў без усялякіх празмернасцяў. Бо ты як прыватнік свае грошы проста траціць марна не будзеш і не павінен, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мяне цікавіць, каб ты вельмі эканамічна, прытым аптымальна, стварыў у адным з раёнаў такую сетку, якая і табой, і іншымі гандлёвымі аператарамі будзе рэалізоўвацца па ўсёй краіне».

Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў абмеркаваць падрыхтоўку пакета дакументаў па лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу і падтрымцы ў Беларусі прадпрымальніцтва, бо Павел Тапузідзіс быў непасрэдна ўключаны ў гэтую працу.

У сваю чаргу бізнесмен адзначыў, што сацыяльная адказнасць бізнесу на сённяшні дзень вельмі важная. «Сапраўды, людзі павінны адраджаць свае вёскі. Мы ўсе з вёскі. Я нарадзіўся ў глухой вёсцы ў гарах Грузіі. Вы абсалютна слушна кажаце: мы абавязаныя давезці да вёскі тое, што ёсць у горадзе. І пры гэтым мы не павінны замяняць адну сетку іншай. Бо Белкаапсаюз — гэта сёння развітая структура ў вёсцы», — сказаў Павел Тапузідзіс.

«Яна ж не толькі гандлюе, але і закупляе ў насельніцтва лішкі прадукцыі — функцыі вялікія», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«У іх гіганцкія сацыяльныя функцыі, таму што людзі на вёсцы павінны атрымліваць увесь комплекс паслуг. Гэта такія ж нашы людзі, такія ж беларусы, і не павінны ні чым быць абмежаваныя», — пагадзіўся Павел Тапузідзіс.

Каментары23

Цяпер чытаюць

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА3

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Кіраўнік Следчага камітэта Расіі заклікаў праверыць дзіцячую кнігу «Шкодныя парады». У ёй пабачылі сумнеўныя ўстаноўкі10

Праваабарончы цэнтр «Вясна» адкрыў дадатковы офіс у Варшаве4

«Тысячу даляраў за месяц — рэальна». Колькі цяпер зарабляюць медыкі ў Беларусі?21

Украіна прапаноўвала перайменаваць частку Данбаса ў «Донілэнд» у гонар Трампа7

Трамп заявіў, што не хоча падаўжаць перамір'е з Іранам і чакае бамбардзіровак3

Амерыканцы алічбавалі трафейныя дакументы са Смаленскага архіва, вывезенага нацыстамі. У ім варта шукаць і дакументы па беларускім пытанні6

Турэцкі палітык стаў мемам з-за сваіх вусоў4

У Расіі затрымалі гендырэктара самага буйнога выдавецтва «Эксмо». Шмат іх кніг прадаецца і ў Беларусі2

Студэнты ЕГУ баяцца вяртацца дадому13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА3

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць