Усяго патроху1313

Як гродзенскі кіроўца стаў знакамітасцю на YouTube

Больш за 30 000 падпісчыкаў з розных краін сочаць за гродзенцам Максімам, які з 2014 года вядзе свой канал на YouTube, дзе распавядае пра працу дальнабойшчыка і дзеліцца сваім меркаваннем пра навакольную рэчаіснасць. Hrodna.life звязаўся з вядомым кiроўцам.

Некалькі гадоў таму Максім зразумеў, што трэба ў сваім жыцці нешта змяніць: набрацца новых уражанняў, злавіць новую энергетыку, асвяжыць мазгі. Гродзенец вырашыў стаць дальнабойшчыкам і ездзіць у Еўропу.

«Я зразумеў, што лепшыя лекі ў гэтай сітуацыі — падарожжы. Не важна якія, чым больш — тым лепш. Я пачаў думаць, як мне ўсё арганізаваць так, каб мне за гэтыя падарожжы яшчэ і плацілі. Выхад знайшоўся хутка — праца дальнабойшчыкам.

На YouTube я натрапіў на відэа некалькіх блогераў-дальнабойшчыкаў, якія ездзілі па Еўропе і здымалі свае прыгоды. Мне вельмі спадабалася, я падумаў: чаму б і не? Выдатныя дарогі, новыя машыны, цывілізацыя і плюс 2000 еўра у месяц на выдаткі і забавы. У мяне ўжо быў невялікі досвед кіравання грузавікамі, але ў Еўропе я быў усяго некалькі разоў на легкавой машыне і далей за Польшчу не заязджаў».

Надакучыла распавядаць — стаў паказваць

Максім сабраў усе патрэбныя дакументы, разаслаў рэзюмэ ў еўрапейскія транспартныя кампаніі і без праблем уладкаваўся на працу ў адну з кампаній.

«Я яшчэ не пашкадаваў ні разу — праца аказалася вельмі цікавая, дык яшчэ і ўся Еўропа паўстала перада мной ва ўсёй сваёй красе. Яна відавочна адрознівалася ад той Еўропы, якую паказваюць па нашых навінах. Я быў шчыра ўражаны. Выдатны клімат, чыстыя і роўныя дарогі, вельмі добрыя і спагадлівыя людзі.

За тыдзень можна было пабываць у некалькіх краінах, а там ёсць на што паглядзець. Па прыездзе бацькі і сябры прасілі мяне распавесці пра мае прыгоды. Я спачатку распавядаў адным, праз дзве гадзіны іншым, потым трэцім і гэтак далей. Я вырашыў наступным разам узяць з сабой камеру, каб ужо паказваць, а не расказваць. Я адкрыў канал на ютубе і заліваю відэа туды. Так мае бацькі і сябры могуць аператыўна ўсё глядзець».

За некалькі першых відэа Максім набраў каля 2.5 тысяч падпісчыкаў і пад кожным відэа сотні каментароў. Ён і сам не ведае адкуль у яго з’явілася столькі падпісчыкаў. Новае хобі гродзенцу так спадабалася, што ён працягвае здымаць.

«Пазней я пачаў здымаць яшчэ і навучальныя відэа: як сабраць усе патрэбныя дакументы, як знайсці правільнага працадаўцу, што з сабой узяць у дарогу. Гэта тэма таксама аказалася вельмі запатрабаванай на фоне татальнага беспрацоўя ў краінах СНД і не менш татальнага падзення ўзроўню жыцця. Было вельмі прыемна чытаць каментары падпісчыкаў-кіроўцаў, якія праходзілі спецыяльнае навучанне ў Літве i мае навучальныя відэа транслявалі ім на занятках у аўташколах».

«Злой дальнобой, я твой подписчик!»

Па статыстыцы асноўная маса падпісчыкаў Максіма — расiяне, на другім месцы ўкраінцы, а потым ужо беларусы. За імі ідзе Літва, Польшча, Германія і г.д. Ёсць падпісчыкі нават з Аўстраліі, Новай Зеландыі і Мексікі. Аўдыторыя канала вельмі розная, але пераважна гэта мужчыны ад 20 да 55 гадоў.

«Многія, нагледзеўшыся маіх відэа, проста кідаюць працу і сыходзяць скараць дарогі Еўропы. Мяне глядзяць і гродзенцы. Да прыкладу, за мінулы тыдзень мяне пазналі на вуліцы шэсць разоў. Людзі падыходзяць i вітаюцца. Мы, бывае, падоўгу размаўляем, калі ёсць час.

Адзінае, трохі напружвае, калі хто-небудзь пачынае крычаць праз тры касы ў супермаркеце: «Злой дальнобой, я твой подписчик!» і пачынае паказваць на мяне пальцам. Людзі вакол пачынаюць глядзець у мой бок і шаптацца. Такая ўвага мне не вельмі падабаецца.

Але ў большасці людзі вельмі прыемныя і адэкватныя. Многія проста падыходзяць падзякаваць за тое, што я дапамог iм вызначыцца ў жыцці, паказаў кірунак і навучыў усяму, што ім спатрэбіцца».

Максім здымае на камеру Sony, мацуе яе ў кабіне і здымае ўсё як ёсць. Такія відэа даюцца прасцей за ўсё — усё ўжывую, мінімум мантажу. На выраб аднаго такого відэа ў сярэднім сыходзіць 6—8 гадзін. Складаней з навучалымі відэа, на гэта можа сысці два тыдні.

«Зрабіць трэба адзін раз і добра. Раблю я адзін, а глядзець і слухаць будуць дзясяткі і сотні тысяч. Касячыць нельга. Мая дзейнасць дазваляе мне працаваць у лепшых кампаніях свету. Уладальнікі еўрапейскіх і амерыканскіх транспартных кампаній дасылаюць мне на пошту запрашэнні з просьбамі працаваць у іх, бо гэта, на іх думку, станоўча адаб’ецца на рэпутацыі іх бізнэсу. Маё хобі выдатна дапамагае мне ў жыцці».

Трэба рабiць, што падабаецца

Назваўся Максім «Злым Дальнабоем» невыпадкова. Аналіз паказаў, што з такім словазлучэннем у YouTube гродзенец аказаўся адзіным. Правакацыя ў назве плюс сарафаннае радыё адыгралі сваю ролю, і зараз 50% новых людзей, якія прыходзяць да гродзенца на канал, шукалі яго менавіта па гэтым словазлучэнні. Але па жыцці Максім добры.

«Я займаюся любімай справай і мне гэта падабаецца. Усім пачаткоўцам-вiдэаблогерам параю паважаць свайго гледача. Гэта значыць, паважаць яго права на добры гук і выдатную карцінку, вядома, па меры сіл і бюджэту. Самае галоўнае — рабіць тое, што падабаецца. Таму што калі не падабаецца, то нічога не атрымаецца».

Каментары13

Цяпер чытаюць

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе20

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Усе навіны →
Усе навіны

Найбуйнейшы тэрмінал Расіі на Чорным моры спыніў экспарт нафты пасля атакі ўкраінскіх дронаў2

Каля Егіпта на фоне іранскага крызісу знайшлі вялікае радовішча прыроднага газу

Пад Гроднам нарадзілася авечка-панда ФОТЫ1

Рыбак злавіў на Нёмане сазана памерам з парася ФОТА5

Самая паспяховая беларуская бізнэсвумен удвая павялічыла прыбытковасць здабычы рыбы на Далёкім Усходзе5

Амаль паўтары тысячы гектараў на Гомельшчыне больш не будуць лічыцца радыяцыйна небяспечнымі5

Сельскую гаспадарку Дубровенскага раёна даручылі ратаваць бізнэсмену Баскіну3

У Будапешт для ратавання Орбана перад самымі выбарамі прыехаў Джэй Дзі Вэнс31

Рэкордная паездка расіяніна па Беларусі — сем парушэнняў за адну дарогу8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе20

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць