Тэатр11

У Мінску паставілі мюзікл на беларускай мове з удзелам дзяцей з аўтызмам 

Сямейны інклюзія-тэатр «i» завяршыў падрыхтоўку прэм'ернага спектакля, у якім разам з прафесійнымі акцёрамі граюць дзеці з аўтызмам. Музычны дэтэктыў на беларускай мове «Флейта-чарадзейка» гледачы змогуць пабачыць 3 чэрвеня ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Арганізатарамі тэатра выступілі МДГА «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» і кампанія velcom.

«Ідэя стварыць інклюзіўны тэатр з'явілася каля двух гадоў таму», — распавяла дырэктар МДГА «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» Таццяна Якаўлева. — Але тады грамадства да яе было не гатовае. Сёння ўсё атрымалася — сумеснымі намаганнямі неабыякавых людзей і арганізацый мы стварылі платформу, якая дасць магчымасць не толькі рэалізаваць творчы патэнцыял дзяцей з аўтызмам, але і змяніць стаўленне беларусаў да праблемы аўтызму. За мяжой да такіх людзей ставяцца, як і да любых іншых, ім усюды адчыненыя дзверы. Тое ж самае рана ці позна будзе і ў Беларусі».

«Першая п'еса Сямейнага інклюзія-тэатра «i» пастаўленая ў кароткія тэрміны, — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў. — Творчая група імкнулася паспець прэзентаваць спектакль да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Гэта далёка не першы праект velcom, накіраваны на фарміраванне ў Беларусі інклюзіўнага грамадства. Напрыклад, velcom упершыню ў краіне арганізаваў акцыю «Light It Up Blue» з уключэннем сіняй падсветкі на фасадах вядомых аб'ектаў сталіцы. Акрамя таго, пры нашай падтрымцы МДГА «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» распрацавала «Камунікатар ДАР» — мабільную праграму, якая спрашчае размову людзей з аўтызмам».

Праект можна цалкам лічыць міжнародным: яму дапамагаюць беларускія і замежныя артысты, драматургі, мадэльеры і музыканты. Тэатр бачыць сваёй місіяй распаўсюджваць на нацыянальным узроўні ідэю грамадства роўных магчымасцяў. Арганізатары праекта ў першую чаргу хочуць звярнуць увагу на праблему дзіцячага аўтызму.

Першы спектакль новага тэатра будзе ў жанры мюзікла. П'еса поўная дэтэктыўных загадак і алегорый, а таму павінна быць цікавая як дзецям, так і дарослым. У аснове сюжэту — прыгоды двух дзяцей, якія прыехалі да дзядзькі ў вёску і апынуліся ў казачным сусвеце. Каб выратаваць лес і аднавіць натуральны цыкл прыроды, персанажы адпраўляюцца на пошукі чароўнай флейты. Паколькі рэальны і выдуманы светы цесна пераплеценыя, падарожжы дзяцей прыводзяць да нечаканых наступстваў.

Мастацкі кіраўнік тэатра Ірына Пушкарова распавяла «НН» пра мюзікл і асаблівасці працы з дзецьмі.

— Якая ідэя ўкладзеная ў гэты мюзікл?

— Паказаць першы спектакль, дзе дзеці з аўтызмам нароўні з іншымі дзецьмі пакажуць нешта неймавернае. Мы хочам паказаць людзям, каб яны не баяліся і зразумелі, што з аўтызмам можна жыць, працаваць, і гэта абсалютна не страшна. На сцэне ніхто не зможа адрозніць, дзе дзіця з асаблівасцямі развіцця. Паколькі гэта мюзікл, то на сцэне будзе гучаць мноства жанраў — ад класікі да поп-музыкі. Але самае галоўнае – паказаць нашым дзеткам беларускую культуру, таму ўвесь мюзікл будзе на роднай беларускай мове.

— Якія асаблівасці працы з дзецьмі былі падчас падрыхтоўкі да мюзікла?

— Дзеці з аўтызмам праходзяць такія ж этапы і цяжкасці, як і астатнія. Усе яны не прывучаныя да беларускай мовы, з-за малой яе колькасці ў іх жыцці. Шмат хто з іх не ходзіць у школу, але з задавальненнем удзельнічае тут, ім гэта падабаецца. Асабліва бачна гэта менавіта на сцэне – яны адно аднаго падтрымліваюць. У астатнім усё вельмі добра, бо побач з намі заўсёды знаходзяцца псіхолагі.

Ёсць іншая праблема. Наша задача — даць ім будучыню, таму што пакуль яе ў іх няма. Шмат хто з іх не можа пайсці ў дзіцячы садок, школу. А калі не скончаць школу – няма профільнай адукацыі, няма наступнай ступені і прафесіі. Тэатр у гэтым сэнсе шматфункцыянальны, бо дзеці змогуць тут расці, развівацца, пры жаданні — застацца тут і мець прафесію.

Пастаноўшчыкам спектакля выступіў вядомы рэжысёр Ігар Сідорчык. Асноўную сцэнаграфію і дэкарацыі стварае Веніямін Маршак, а ў распрацоўцы касцюмаў удзельнічае куцюр'е Янж Нядвецкі, упрыгожваннямі якога карыстаюцца Джоні Дэп і Патрысія Каас. Прадзюсарам выступіў заснавальнік Альтэрнатыўнага тэатра Леанід Дынерштэйн, а мастацкім кіраўніком — артыстка балета і рэжысёр Ірына Пушкарова. Песні для спектакля сачыніла Вольга Залеская, а кампазітарам і аўтарам лібрэта стала Марыя Дземянкова.

Першая пастаноўка Сямейнага інклюзія-тэатра «i» пройдзе 3 чэрвеня ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Кошт квіткоў на большасць месцаў складае ад 50 да 100 тысяч рублёў.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Мінчукі скардзяцца на атручванне пасля наведвання вядомага рэстарана. Працу ўстановы прыпынілі4

Мінчукі скардзяцца на атручванне пасля наведвання вядомага рэстарана. Працу ўстановы прыпынілі

Усе навіны →
Усе навіны

Ва ўсім свеце перастаў працаваць Starlink

Гродзенскі «Нёман» перавярнуў гульню з «Кошыцамі», прайграючы 0:21

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе11

Знялі з пасады намесніка гендырэктара ТАСС, які браў інтэрв'ю ў Лукашэнкі1

Памёр Вячка Станкевіч3

Школа эканомікі і бізнэсу ЕГУ: што яна сабой уяўляе і чым адрозніваецца ад БДЭУ6

Сярод загінулых у авіякатастрофе ў Амурскай вобласці быў прынамсі адзін беларус5

Міністр фінансаў расказаў, на што Беларусь просіць грошай у Расіі4

Адмін беларускай Вікіпедыі: Давайце спынім пісаць пра бяздарнасцяў толькі таму, што яны беларусы або эмігранты63

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчукі скардзяцца на атручванне пасля наведвання вядомага рэстарана. Працу ўстановы прыпынілі4

Мінчукі скардзяцца на атручванне пасля наведвання вядомага рэстарана. Працу ўстановы прыпынілі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць