3 красавіка Усеагульны сход сузаснавальнікаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта прызначыў рэктарам ЕГУ прафесара, доктара Г. Дэвіда Поліка, паведамляе сайт навучальнай установы.

Кіраўнічая рада ЕГУ, якая рэкамендавала прафесара Поліка Усеагульнаму сходу сузаснавальнікаў для прызначэння, наказала яму ўзначаліць універсітэцкую супольнасць і вырашыць наступные задачы: дасягненне адпаведнасці патрабаванням наступнай афіцыйнай акрэдытацыі ўніверсітэта на працягу двух гадоў, развіццё і рэалізацыя новага стратэгічнага плана для універсітэта і збалансаванне бюджэту ўніверсітэта. Гэтыя задачы больш падрабязна выкладзены ў дакуменце Кіраўнічай рады пад назвай «Тры галоўныя выклікі новаму Рэктару ЕГУ».
«Прафесар Полік мае значны вопыт у кіраўніцтве ўніверсітэтамі, як у Злучаных Штатах, так і ў іншых краінах. Ён будзе працаваць у цесным супрацоўніцтве з Кіраўнічай радай і ўсімі зацікаўленымі бакамі для распрацоўкі стратэгіі ЕГУ. Яго шырокі досвед у галіне стратэгічнага планавання і пераходнага кіравання ў розных адукацыйных і культурных кантэкстах, гэтаксама як звязаныя з гэтым навыкі, будуць надзвычай неабходныя для ЕГУ ў бліжэйшыя гады», — адзначае Даніэль Таршыс, старшыня Кіраўнічай рады ЕГУ.
Праф. Полік адзначае, што выклікі, з якімі сутыкнулася супольнасць ЕГУ ў дадзены момант, толькі падкрэсліваюць значнасць місіі Універсітэта як для грамадзян Беларусі, так і для ўсіх свабодных і адкрытых грамадстваў па ўсім свеце.
«Дзякуючы праніклівасці і мужнасці заснавальніка і Прэзідэнта ЕГУ праф. д-ра Анатоля Міхайлава, адданасці выкладчыкаў і студэнтаў Універсітэта, ЕГУ здолеў перажыць ціск і пагрозы, якія суправаджаюць усе вялікія праекты. Для мяне вялікі гонар быць запрошаным кіраваць Універсітэтам у такі крытычны момант яго гісторыі», - падкрэслівае Рэктар праф. Д. Полік.
У працэсе пошуку Рэктара ўдзельнічала 19 кандыдатаў з сямі краінаў. Многія з іх мелі высокую кваліфікацыю. Сямёра былі запрошаныя ў Вільню на суразмоўе з Пошукавым Камітэтам, выкладчыкамі і студэнтамі. Напрыканцы працэсу пошуку Кіроўная рада разглядала тры кандыдытуры: прафесара Дэвіда Поліка, доктара Аляксандра МІлінкевіча і прафесара Таццяны Шчытцовай.
«Пошук Рэктара быў шчыльна звязаны з працэсам карэктыроўкі місіі ўніверсітэта і забяспячэння яго стабільнай фінансавай будучыні. ЕГУ наканавана мець шырокі спектр ідэнтычнасцяў. Як гэта закладзена ў самой назве, ЕГУ заснаваны на еўрапейскіх каштоўнасцях і арыентаваны на гуманітарныя веды. Адначасова ён з’яўляецца літоўскім універсітэтам, які кіруецца нормамі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Гэтаксама ніхто на ставіць пад пытанне яго беларускія карані і пакліканне, бо абсалютная большасць студэнтаў і выкладчыкаў – беларусы. Галоўная яго задача — забеспячэнне якасці адукацыі і навуковых даследаванняў», – падкрэслівае Таршыс.
Прафесар Дэвід Полік выконвае абавязкі рэктара ЕГУ з кастрычніка 2014 г.
Да гэтага ён выконваў абавязкі першага прарэктара і быў кансультантам ва ўніверсітэце. Прафесар Полік быў прэзідэнтам і прафесарам філасофіі ў чатырох амерыканскіх вышэйшых навучальных установах: інстытуце Мастацтваў у Чыкага, каледжы ў Лебанон-Вэлі, Паўднёвым каледжы ў Бірмінгеме і Джяржаўным універсітэце Нью-Ёрка (Кортленд), дзе ён быў таксама провастам і віцэ-прэзідэнтам па акадэмічных пытаннях. Ён быў таксама дэканам Каледжа мастацтваў і навук ва ўніверсітэце Сіэтла ў Вашынгтоне, дырэктарам Міжнароднага каледжа і загадваў кафедрай філасофіі ва ўніверсітэце Сэнт- Джонс.
Прафесар Полік атрымаў ступень бакалаўра ў галіне філасофіі ва Універсітэце Сан-Дыега, ступень магістра філасофіі ва Універсітэце Атавы, Папскі ліцэнзіят у філасофіі (Ph.L.) ва Універсітэта Святога Паўла ў Атаве, ступень доктара філасофіі ва Універсітэце Атавы ў галіне фенаменалогіі герменеўтыкі, эстэтыкі і гісторыі мастацтваў.
Яго бабуля і дзядуля паходзяць з Беларусі.
Каментары