Архіў

Жыцьцёвыя сьцежкі Франака Аляпновіча

№ 24 (286), 28 чэрвеня 2002 г.


Жыцьцёвыя сьцежкі Франака Аляпновіча

дзесяць мяхоў беларускай гісторыі

Наш славуты творца Францішак Аляпновіч нарадзіўся ў 1883 г. у Вільні, у сям’і зьбяднелага Караля й Марыі. У школе Франак Аляпновіч ня бліскаў талентам, разумеючы, што нельга да часу паказваць яго расейскаму імпэрыялізму. Таму й сядзеў дзеля кансьпірацыі па два гады ў адной клясе.

Адзінае, што добра давалася хлопцу, дык гэта маляваньне. Настаўнік быў прадвесьнікам Малевіча, а Франакавы чорныя квадраты былі самыя чорныя і самыя квадратныя ва ўсёй школе. Асабліва ўдалы квадрат атрымаўся на парадным партрэце самадзержца ўсяе Русі Мікалая ІІ. Пасьля такога мастацкага акту Франак змушаны быў у сьпешным парадку кінуць гімназію. Не заплаціўшы нават за апошнія два гады навучаньня, ён падаўся ў вольны сьвет, а дакладней — у хіміка-тэхнічную школу, што хранічна пакутавала на недабор, бо туды імкнуліся трапіць адно эсэры-бамбісты.

Пасьля няўдалага практычнага іспыту па хіміі, Франак Аляпновіч зьбягае з пажарышча школы ў невядомае разам з вандроўнай батлейкай. Некалькі гадоў разам з артыстамі ён бадзяўся па Ўсходняй Эўропе, спасьцігаючы азы акторскага майстэрства. Нават у карчме, калі калегі адпачывалі, Франак настойліва працаваў над вобразам п’янага Несьцеркі.

У 1908 годзе яго ловяць і дэпартуюць у Вільню. Там Аляпновіч стварае гумарыстычны часопіс “Пяркунас”, але летувісы не разумеюць ягоных жартаў і выданьне банкрутуе. З гора Франак публікуе ў беларускім друку пару артыкулаў пра фінансавыя спэкуляцыі ў часе расейска-японскай вайны і просіць палітычнага прытулку ў Кракаве.

Потым, змучаны тугой па Радзіме, вяртаецца ў Вільню й трапляе ў турму на год: па ягонай справе Мікалай ІІ выдаў асобны дэкрэт.

У хуткім часе Вільню займаюць кайзэраўскія войскі, якія прызнаюць беларусаў за асобную нацыю, а Аляпновіча — за драматурга. Франак рэгіструе драматычны гурток, выдае п’есы “На вёсцы” (яе пасьля скарыстаў у якасьці сцэнару рэжысэр Л.Галстрэм) і “Калісь” (з жыцьця наркаманаў).

Адначасова Аляпновіч выкладае ў школцы, працуе пажарнікам, карэктарам бюлетэню “Гоман”, кантралёрам электрычных лічыльнікаў і яшчэ малюе партрэты турыстаў пры Вострай Браме.

Жыцьцёвыя нягоды ня зьменшылі ягонае любові да чорных квадратаў. Упрыгожыўшы гэтай фігурай выяву кайзэра Вільгельма, што вісела ў віленскай вайсковай камэндатуры побач з электрычным лічыльнікам, Аляпновіч змушаны быў уцякаць праз фронт у савецкі Менск. Дабіраецца ён туды за 8 дзён, ушчэнт стаптаўшы новыя “Салямандэры”.

У Менску з рэквізытаў тэатру Галубка Франаку даюць галёшы “Чырвоны трохкутнік”, гімнасьцёрку й галіфэ. У такім гарнітуры ён далучаецца да працы трупы. Крыху разабраўшыся ў сутнасьці савецкай улады, Францішак піша пьесу “Страхі жыцьця”. Сябры пачынаюць мякка раіць яму пераключыцца на асьветніцкую працу, калі й надалей хоча бачыць белых медзьвядзёў толькі на малюнках. Ні радыё, ні тэлебачаньня ў беларускіх вёсках тады не было: бальшавікі не праводзілі туды электрычнасьць, каб сяляне не глядзелі польскіх парнафільмаў й не зрывалі хлебанарыхтовак. Адзіным сродкам падвышэньня культурнага ўзроўню народу мог стацца тэатар. І Аляпновіч піша брашуру-дапаможнік “Тэатар на вёсцы”. Лёс большай часткі накладу невядомы — зласьліўцы сьцьвярждаюць, што яна пайшла на самакруткі.

Зразумеўшы марнасьць асьветніцкіх намаганьняў, Франак кідаецца ў камэрцыю. Ён піша працяг Купалавага бэстсэлера “Паўлінка”. Насычаныя блізкімі народу эротыкай і п’янствам, “Заручыны Паўлінкі” выклікалі шквал крытычных рэцэнзіяў і трывалыя аншлягі. Зайздросьлівы Саюз пісьменьнікаў падае на яго ў суд за парушэньне аўтарскіх правоў. Тады Аляпновіч вяртаецца ў Вільню й дапісвае там сваю драму “Манька”, але дзеля большага посьпеху называе яе “Дрыгва”.

Прыгнечаны польскімі панамі заходнебеларускі народ, пабачыўшы афішы, хлынуў у тэатры. Сотні сялянаў кінуліся да касаў, несучы крывёю заробленыя злотыя. Але ў фінале гледачы, якія восем актаў чакалі зьяўленьня дзеда Талаша, зразумелі, што іх падманулі, што ніякая гэта не “Дрыгва”, і пачалі крычаць “Аўтара! Аўтара!”, маючы на мэце спагнаць зь яго заробленыя крывавым мазалём “златуўкі”. Аляпновіч не зарыентаваўся і выйшаў... У наступную хвіліну ён уцякаў ад разьюшанага натоўпу ў бок вакзалу, удаючы, што сьпяшаецца ў Менск, на сэмінар па рэфармаваньні мовы.

У БССР Аляпновіча сустрэлі з салютам, пахваліліся посьпехамі беларусізацыі й пачалі вазіць па рэстарацыях. Урэшце, п’янаму і зьнясіленаму, прапанавалі застацца ў БССР. Францішак дрыготкай рукой падпісвае заяву і аддае замежны пашпарт. 1 студзеня 1927 г. яго пасадзілі на 10 гадоў за шпіянаж на карысьць Сальвадору.

Франак будаваў камунізм у адной асобна ўзятай турме аж да 1933-га, пакуль яго, дзякуючы пратэкцыі ў адміністрацыі прэзыдэнта РП, не абмянялі на Церашкевіча, які прайграў у даміно агенту дэфэнзывы ўсю касу Грамады.

У Вільні Францішак выдае настальгічную кнігу “Ў капцюрох ГПУ”.

Сталін, дазнаўшыся пра гэта, забараніў пераводзіць Аляпновічаў заробак у польскія банкі й зарокся мяняцца палітвязьнямі з капіталістычным сьветам. А пасьля чарговага перавыданьня, у верасьні 39-га, рушыў з Чырвоным войскам на Польшчу — лавіць Аляпновіча. Той хаваўся як мог: уначы пілаваў дровы па вёсках, удаючы сябе за батрака, а ўдзень хаваўся ў багне, дыхаючы праз саломінку й разважаючы, уцякаць да немцаў ці не. Аднак тыя прыйшлі самі. Францішак вяртаецца ў Вільню й пачынае выдаваць там “Белорусскую газету” — праўда, не па-расейску (немцы не дазволілі).

У 1943 годзе ён піша сваю апошнюю камэдыю “Круці не круці — трэба памярці”. А праз год стрэл невядомага тэрарыста перарваў ягонае жыцьцё...

Аднак уважлівы чытач заўважыць двухсэнсоўнасьць у назьве апошняй п’есы. Некаторыя эміграцыйныя крыніцы сьцьвярджаюць, што Аляпновіч, які прадбачыў паразу немцаў, інсцэнаваў сваё забойства й таемна зьехаў у Лацінскую Амэрыку. Замест яго пахавалі акоўца, труп якога Францішак выкупіў у паліцыі шчэ ў 1942-м і перахоўваў у кніжнай шафе, рызыкуючы жыцьцём і здароўем.

Што сталася з Аляпновічам на чужыне, дакладна невядома. Мала хто зь сьведамых беларусаў глядзіць лацінаамэрыканскія тэлесэрыялы, а дарэмна: у “Пану міністру” і “Няскончанай драме” можна адчуць знаёмы стыль...

Руслан Равяка


Каментары

Цяпер чытаюць

На «Гродна Азоце» скончыў жыццё самагубствам намеснік начальніка цэха

На «Гродна Азоце» скончыў жыццё самагубствам намеснік начальніка цэха

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску на беразе Цнянкі службовая аўчарка МНС пакусала некалькіх сабак. Ратавальнікі гатовыя ім дапамагаць1

На саміце ў Арменіі Ільхам Аліеў моцна паспрачаўся са старшынёй Еўрапарламента9

Каля ўзбярэжжа ААЭ гарыць карэйскі танкер. У вайне ЗША з Іранам новы віток

У былой Валадарцы плануюць адкрыць музей1

«Перадвыбарчы папулізм». У МЗС адрэагавалі на выказванне спікера армянскага парламента пра Беларусь як губерню Расіі24

Ты рускамоўны чалавек свету ці ты чалавек беларускі? Кейс Насты Рагатко58

«Валасы дыбарам». У ютубе з'явіліся відэаролікі па гісторыі Беларусі, ад пачатку да канца напісаныя штучным інтэлектам7

У Берліне на 8 і 9 мая забароняць чырвона-зялёны сцяг і партрэты Лукашэнкі4

Выйшла на свабоду палітзняволеная Вольга Чукарава, якая ў зняволенні амаль аслепла5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На «Гродна Азоце» скончыў жыццё самагубствам намеснік начальніка цэха

На «Гродна Азоце» скончыў жыццё самагубствам намеснік начальніка цэха

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць