Архіў

Сяргей Радштэйн. Ісламскі фундамэнталізм: брацтвы рэлігійных трацкістаў

№ 41 (250), 8 кастрычніка 2001 г.


 Ісламскі фундамэнталізм: брацтвы рэлігійных трацкістаў

«Тыя, хто ўчыніў тэракты ў ЗША, не пакінулі сьлядоў. Калі ЗША мяркуюць, што згоншчыкі былі сапраўднымі злачынцамі, дык гэтыя людзі ўжо мёртвыя. Ніхто ня будзе забіваць сябе па загадзе іншага або дзеля дасягненьня чужых мэтаў. Калі гэта ня так, то няхай Буш знойдзе ў Амэрыцы чалавека, гатовага ўчыніць самагубства. Амэрыцы відней, якія былі матывы ў тэрарыстаў-камікадзэ»

Мула Амар, кіраўнік Талібану

Ісламскія экстрэмісты сталіся страшным сном сучаснага заходняга грамадзтва. Заходняя цывілізацыя не разумее, што рухае імі, хоць з ісламскім фундамэнталізмам знаёмая даўно – вахабіты былі завадатарамі паўстаньня сіпаяў у Індыі яшчэ ў 1857 г.

Часопіс Economist выдатна акрэсьліў прынцып дзеяньня ісламісцкіх арганізацыяў: they are operating through a loose fraternity of members (яны дзейнічаюць як вольнае брацтва). Сябры ісламісцкіх групаў не абавязкова мусяць браць удзел у апэрацыях. Іх ніхто да гэтага не змушае. Удзел – сьвядомы выбар некаторых зь іх. Яны ўпэўненыя ў несправядлівасьці існага ладу, якую трэба выправіць, а ў астатнім іх перакананьні вельмі розныя.

Ва ўмовах “ні вайны, ні міру”, у якіх доўгі час жыве Палестына, Паўднёвы Лібан ці Альжыр, мяжу паміж так званым мірным насельніцтвам і актыўнымі змагарамі можна правесьці толькі статыстычна, бо ўцягнутыя амаль усе, нібы ў партызанскіх зонах Беларусі ў апошнюю вайну. Звычайна гэткае неакрэсьленае брацтва самаарганізуецца вакол аднаго ці некалькіх рэлігійных аўтарытэтаў. Прыкладам можа быць шэйх Ясін, духовы правадыр Ісламскага руху супраціву (“Хамас”).

Ісламісцкія арганізацыі можна падзяліць на дзьве плыні – “рэгіянальныя” (“Хізбаллаг” з “Хамасам”) і “міжнародныя” фундамэнталісцкія групоўкі (“Аль-Кайда” бэн Ладэна). Схільнасьць проціставіць першых другім прасочваецца нават у словах афіцыйных асобаў ЗША, якія такім чынам спрабуюць звузіць кола верагодных праціўнікаў.

Доўгі час Захад і арабскія рэжымы заплюшчвалі вочы на ісламскі фундамэнталізм і нават заахвочвалі ягонае пашырэньне, лічачы яго эфэктыўным сродкам супраць левых партыяў і савецкага ўплыву. Аднак апошнім часам лявіца таксама пачала далучацца да ісламскага руху ў мусульманскіх краінах. Напрыклад, у Эгіпце не засталося аніводнай партыі, якая не заклікала б да ўвядзеньня шарыяту.

Ісламскі фундамэнталізм нельга атаясамліваць з рэлігіяй. Гэта экстрэмісцкая рэвалюцыйная ідэалёгія, пабудаваная на рэлігійным грунце, якая мае шэраг супольных рысаў з трацкізмам. Лёгіку палітычнай барацьбы, скіраванай на рашучую зьмену палітычнай сыстэмы, і ейныя мэтады (ад дыскусіі да фізычнага зьнішчэньня) распрацавалі менавіта левыя. Яны стварылі поле дзеяньня, якое з 70-х пачалі займаць ісламісты. Левых і ісламістаў збліжае й супольнае непрыманьне ўсяго заходняга, перадусім амэрыканскага.

Калі ўлічыць, што рэвалюцыйная барацьба ісламскіх экстрэмістаў мае на мэце перш за ўсё скіданьне мясцовых рэжымаў, робіцца зразумелай яе лёгіка. Страціўшы надзею ўласнымі сіламі рэвалюцыянізаваць ісламскія грамадзтвы, яны вырашылі сутыкнуць свае рэжымы з Захадам. Антыарабская і антыісламская ксэнафобія, што выбухнула пасьля атакі на Амэрыку, – акурат тое, што патрэбна ісламістам.

Адным з адмоўных бакоў крыжовае выправы супраць тэрарызму стане кансалідацыя экстрэмісцкіх арганізацыяў. У ісламскім сьвеце выразы накшталт “крыжовая выправа” выклікаюць прыкладна такія ж асацыяцыі, як слова “пагром” у габрэяў, а таму сымпатызантаў у бэн Ладэна не паменее.

Ад таго, які адсотак насельніцтва змогуць мабілізаваць ісламісцкія групоўкі, залежыць фармат магчымай вайны ў Аўганістане. Так, пасьля ўводу туды савецкіх войскаў ісламісты мабілізавалі каля 3 тысячаў еменцаў, 2 тысячы эгіпцянаў, пад 3 тысячы альжырцаў, прыблізна па 400 чалавек з Іраку й Тунісу, да 200 лібійцаў і ня менш за 5000 савудаўцаў.

Урадам тых краінаў мабілізацыя была тады на руку, бо дазволіла вырашыць праблему ўнутрыпалітычнай напружанасьці, але гэтым разам урады не падтрымаюць ахвотнікаў ехаць на вайну. Калі тая вайна панізіла ціск, гэтая яго падвысіць.

Ісламісцкія групоўкі радыкалізуюцца толькі да тае пары, пакуль ня прыйдуць да ўлады. Паказальны прыклад Ірану. Перамога ісламскай рэвалюцыі спыніла радыкалізацыю настрояў у краіне, бо ўсякая рэвалюцыйная ідэалёгія пасьля здабыцьця ўлады яе носьбітамі страчвае свой асноўны зьмест – рэвалюцыйнасьць. Рэвалюцыянэры, змагаючыся з дэманамі, самі робяцца гэтымі дэманамі, пацьвярджаючы вядомыя словы Ніцшэ. Або гінуць.

Ісламісты ня маюць праграмы пабудовы новага грамадзтва. У апошнім інтэрвію бэн Ладэн накрэсьліў эканамічную плятформу “праўдзівай ісламскай дзяржавы”. Ягоны ідэал – аўтаркія, г.зн. пераход да натуральнай гаспадаркі ў памерах краіны. Да гэтага зводзіліся амаль усе ісламісцкія эканамічныя дактрыны – прыкладам, канцэпцыя таўхіднай (адзінабожнай) эканомікі ў Іране, правальныя эканамічныя праекты ў Аўганістане й Судане.

Словам, калі недзе й прыйдуць да ўлады “праўдзівыя мусульмане”, то можна сьмела казаць, што празь нейкі час новы рэжым мала будзе розьніцца ад старога, зноў пачнецца крызыс, зноў новыя фундамэнталісты запатрабуюць ліквідацыі несправядлівасьці – зачараванае кола. Добра сказаў пра тое эгіпецкі сацыёляг Галі Шукры: “новыя разнавіднасьці фундамэнталізму ставяць праблемы, але не прапануюць ніякага рашэньня”. Гэтая заўвага ў роўнай ступені датычыць любога фундамэнталізму, хрысьціянскага ці нацыяналістычнага.

Сяргей Радштэйн


Каментары

Цяпер чытаюць

Побач з Лукашэнкам на хакеі з'явілася новая прыгажуня10

Побач з Лукашэнкам на хакеі з'явілася новая прыгажуня

Усе навіны →
Усе навіны

Знік папулярны тыктокер, які вёў блог па-беларуску. Імаверна, шукаць яго трэба ў войску7

Беларуска, якая водзіць трамвай ва Уроцлаве, падчас змены выратавала бяздомную кошку і цяпер шукае ёй гаспадароў1

Прэм'ер Літвы: Дрон, што ўпаў у краіне, быў украінскім13

У Мінскім раёне затрымалі двух хлопчыкаў-зачэпераў

ЗША на перамовах з Украінай патрабуюць вываду войск з Данбаса20

Севярынец расказаў, як у шклоўскай калоніі сачылі, каб ён на Дзень Волі не вывесіў бел-чырвона-белы сцяг4

«Перспектыў нуль»: у Літве зрабілі выснову пасля кантактаў Лукашэнкі з ЗША5

Белстат назваў сярэдні заробак па краіне за люты1

Іранская апазіцыя не выходзіць на вуліцы, бо іх занялі ўзброеныя прыхільнікі рэжыму аятол5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Побач з Лукашэнкам на хакеі з'явілася новая прыгажуня10

Побач з Лукашэнкам на хакеі з'явілася новая прыгажуня

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць