Меркаванні6161

PUSSYянарыі, альбо Не дазваляецца. І ўсё...

А сапраўды, амаральнасць улады ці амаральнасць прыватных асоб — што больш небяспечнае для грамадства?

Апошнім часам да ўсіх вядомых свету рэвалюцый дадалася яшчэ адна: рэвалюцыя Pussy Riot. Ну, можа, паўтары, калі ўзгадаць Femen. Нехта, магчыма, дадасць яшчэ сэксуальную рэвалюцыю. Але без сэксуальнай рэвалюцыі не абыходзілася аніводная іншая. Больш за тое: менавіта сэксуальныя рэвалюцыі стваралі калі не глебу для сацыяльных рэвалюцый, то іх палкі дух і самаахвярны пакутлівы вобраз. Дастаткова нагадаць знакамітую карціну Дэлакруа «Свабода на барыкадах»...

Ёсць сэнс параўнаць той вобраз Свабоды з вобразам Pussy Riot альбо Femen, каб пераканацца ў тым, што сучасныя рэвалюцыі спеюць, да прыкладу, не на жабрацкіх сялянскіх палетках, а ў бардэлях, не ў галовах і сэрцах, а ў месцы, сціпла прыхаваным за іншаземным тэрмінам «pussy»...

Я, вядома, рызыкую наклікаць на сябе гнеў абаронцаў панк-гурту, калі выкажу думку з тых, ад якіх, па выразе адной з чытачак «НН», «патыхае сумнай саўковасцю». Але выкажу: у любога нармальнага, падкрэсліваю, нармальнага, не толькі веруючага чалавека так званая пратэстная акцыя Pussy Riot выклікае пачуццё мярзотнасці, пра якое чамусьці не прынята гаварыць услых. Не меншае за пачуццё мярзотнасці, якое выклікае расправа ўлады над маладымі жанчынамі.

Адна справа — Pussy Riot, іншая — маладыя жанчыны, некаторыя з дзецьмі. І магутная, у поўным абмундзіраванні, улада, якая пад выглядам абароны законнасці і парадку дэманструе перад усім светам сваю прагу дробнай помсты.

Здаецца, я ведаю, адкуль гэта прага: ад прыўлашчанай манаполіі на амаральнасць, маўляў, толькі я, улада, маю права на бескультурнасць, хлусню, цынізм і духоўнае цемрашальства.

Чаму, адкажыце, можна грамыхаць танкамі на могілках пад назвай Красная плошча і нельга вычварацца ў царкве?!

Чаму, адкажыце, можна ўслых абражаць не толькі кіраўнікоў тых ці іншых краін, але і самі краіны накшталт «казёл» альбо «мала не падасца», і нельга звяртацца да Багародзіцы ад імя pussy?!

Чаму, адкажыце, можна карыстацца двудушшам царкоўных іерархаў, каб не згубіць уладу, і нельга карыстацца амбонам, каб гэту ўладу адаслаць куды падалей?!

Чаму «дазваляецца ўсё» ўладзе і не «дазваляецца ўсё» прыватным асобам, асабліва калі яны аб’ядноўваюцца ці то ў апазіцыйныя партыі, ці то ў грамадскія няўрадавыя арганізацыі, ці то ў панк¬гурты?

Але амаральнасць улады не павінна апраўдваць амаральнасць прыватных асоб.

Падсудныя з Pussy Riot настойвалі на тым, што яны здзейснілі не хуліганскую, а палітычную акцыю, хаця дапусцілі «этычную памылку». Але «этычна памылковыя», амаральныя ўчынкі як сродкі палітычнага пратэсту толькі садзейнічаюць умацаванню амаральнай улады, пакідаючы грамадству адзіны сродак яе змены — крывавы і бязлітасны Riot. У перакладзе — бунт. Бяскрыўдны, па сутнасці, для ўлады Riot «дзевачак», маўляў, усяго толькі шоу, насамрэч адлюстроўвае гэту тэндэнцыю, па-сучаснаму гаворачы, трэнд.

Між тым, змены аўтарытарных рэжымаў на дэмакратычныя выспяваюць паступова і адбываюцца пад ціскам грамадства, якое яднаецца па прынцыпах высокай маралі. Брытанская Індыя і Махатма Гандзі, Чэхаславакія і Вацлаў Гавал, Савецкі Саюз і Андрэй Сахараў...

Калі падобныя змены ў рэшце рэшт адбудуцца ў Беларусі, то побач з паўстане імя Васіля Быкава...

Я пішу гэтыя нататкі 25 жніўня, дзень у дзень праз 44 гады пасля сапраўды мужнага ўчынку сямі дысідэнтаў, якія разгарнулі на Лобным месцы плакаты супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію. Іх жорстка збілі, кінулі ў турмы і псіхлякарні, але іх уплыў на грамадства, іх мужнасць, на той час у адзіноце, іх маральная перавага над Крамлём мелі хай сабе аддаленыя, але непераадольныя палітычныя наступствы.

Я не ведаю, як называць Лобнае месца пасля таго, як на ім, не толькі ў саборы, вар’яцелі pussy…
Але наступствы відавочныя: з аднаго боку вандалізм у якасці дэманстрацыйнай салідарнасці ды небяспечны заклік ствараць дружыны ў абарону праваслаўных сімвалаў і святынь, з іншага — сумнеў у маральнасці ліберальнай апазіцыі пуцінскаму рэжыму. А можа, спіленыя з цяжкой рукі Femen крыжы ў розных месцах Расіі — супраціў цемрашальству і сучаснаму клерыкалізму? Не, не бачу розніцы паміж вандаламі з Femen і вандаламі на могілках Курапат...

Але ёсць наступствы і малавідавочныя.

Пасіянарыя ў перакладзе з іспанскай — палкая жанчына.

Пасіянарнасць — увогуле палітычны сінонім палкай рэвалюцыйнасці. Пры ўсім захапленні яе прыкладамі менавіта яна даводзіць у рэшце рэшт да гулагаў і руйнавання храмаў.
Нават калі хавае твар і выстаўляе напаказ pussy...

Не, усё ж не ўсё дазваляецца.

Не ўсё.

Каментары61

Цяпер чытаюць

У Крыме разбіўся самалёт з 29 расійскімі вайскоўцамі8

У Крыме разбіўся самалёт з 29 расійскімі вайскоўцамі

Усе навіны →
Усе навіны

Сілавікі запатрабавалі ад былога палітзняволенага распіску, што ён не вернецца ў Беларусь3

Беларусы абурыліся, што шакаладка «Любімая Алёнка» «пахудзела». На прадпрыемстве адрэагавалі3

Беларус стаў найбуйнейшым гандляром кветак у Эстоніі, скарае Фінляндыю і нацэльваецца на Швецыю6

Іранскія лідары амаль не камунікуюць паміж сабой праз страх праслухоўвання і ліквідацыі4

Чаму малочныя прадпрыемствы адмовіліся ад шкляной тары?7

У Крупскім раёне заўважылі мядзведзя-гіганта ВІДЭА6

Беларусы размятаюць квіткі ў Стамбул на чэрвень — усё праз канцэрт Каржа6

У пары патагонскіх мар у Мінскім заапарку нарадзіліся двое дзетак1

У Татарстане гарыць «Ніжнякамскнафтахім» — пацярпелі больш за 50 чалавек, адзін загінуў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Крыме разбіўся самалёт з 29 расійскімі вайскоўцамі8

У Крыме разбіўся самалёт з 29 расійскімі вайскоўцамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць