Калі вашы бацькі дажылі да 100 гадоў, ці значыць гэта, што і вы пражывяце доўга? Навукоўцы далі адказ
Даследчыкі прааналізавалі здароўе больш як дзвюх тысяч нашчадкаў доўгажыхароў — і вось іх высновы.

Людзі, якія дажываюць да ста гадоў, сустракаюцца надзвычай рэдка і даўно цікавяць навукоўцаў. Адно з галоўных пытанняў — што дазваляе ім жыць так доўга і якую ролю тут адыгрывае спадчыннасць.
Навукоўцы з Медыцынскага каледжа Альберта Эйнштэйна ў Нью-Ёрку вырашылі праверыць, ці перадаецца перавага доўгажыхароў іх дзецям. Для гэтага, як піша Scence Alert, даследчыкі прааналізавалі даныя трох працяглых даследаванняў. У іх удзельнічалі больш за 2300 дзяцей людзей, якія пражылі не менш за сто гадоў, і больш за 1700 чалавек, чые бацькі не былі доўгажыхарамі.
Вынікі ва ўсіх трох групах аказаліся падобнымі. Як пішуць аўтары, у дзяцей доўгажыхароў рызыка развіцця гіпертаніі была на 32% ніжэйшая, сардэчна-сасудзістых захворванняў на 33%, а рызыка смерці ў любым узросце на 42% ніжэйшая, чым у кантрольнай групе. У двух з трох даследаванняў у нашчадкаў доўгажыхароў таксама была меншая рызыка інсульту.
Больш за тое, хваробы ў іх не толькі ўзнікалі радзей, але і з'яўляліся пазней. Напрыклад, гіпертанія ў сярэднім развівалася прыкладна на пяць гадоў пазней, а смерць наступала ў сярэднім на тры гады пазней, чым у людзей з кантрольнай групы.
Пры гэтым навукоўцы не выявілі істотнага зніжэння рызыкі захварэць на рак. Аўтары дапускаюць, што дзеці доўгажыхароў могуць лепш пераносіць анкалагічныя захворванні і радзей паміраць ад іх, але для пацвярджэння гэтага патрэбныя дадатковыя даследаванні.
Справа не толькі ў здаровым ладзе жыцця
Можна было б выказаць здагадку, што дзеці доўгажыхароў проста пераймаюць ад бацькоў больш здаровы лад жыцця. Дыета, курэнне, адукацыя і сацыяльна-эканамічнае становішча сапраўды ўплываюць на верагоднасць узроставых захворванняў.
Аднак даследчыкі параўналі людзей з падобнымі паказчыкамі па гэтых фактарах, і перавага дзяцей доўгажыхароў усё роўна захоўвалася.
Гэта сведчыць, што прычына можа быць глыбейшай і прынамсі часткова тлумачыцца генетыкай. Некаторыя людзі, відаць, атрымліваюць у спадчыну дадатковую біялагічную перавагу, якая павялічвае іх шанцы на больш доўгае і здаровае жыццё.
Цяпер чытаюць
«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі
Каментары