У Нацыянальным алімпійскім камітэце прайшла нарада, прысвечаная ўказe «Аб аказанні дзяржпадтрымкі спартыўным клубам». Намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч у сваім выступе адзначыла: калі канкрэтны від спорту не будзе прыносіць вынік, у будучыні яго будуць фінансаваць на ўзроўні ДЮСШ, піша Onliner.by.

«Я думаю, што нам усё-такі трэба падыходзіць, як бы гэта ні было складана, да тэмы перагляду нацыянальных зборных. У нас склалася сітуацыя па не вельмі вялікай колькасці зборных, якія з’яўляюцца нацыянальнымі, дзе мы ўстойліва не паказваем і не можам паказаць вынік. Мы шчыра гэта прымаем і прызнаём. Паказчык павінен быць адзін: ёсць змена ці няма змены.
Калі няма вынікаў і ўвогуле няма ніякай надзеі, што калі-небудзь яны будуць, і няма змены, якая прыйдзе, значыць, гэты від спорту будзем максімум фінансаваць на ўзроўні ДЮСШ. Усё, што звязана са спортам высокіх дасягненняў, — гэтую тэму трэба заканчваць і пераразмяркоўваць гэтыя грошы на тыя віды спорту, якія могуць паказаць вынік. 30-е, 35-е, 40‑е месца — можа, гэта і добра, але калі гэта пастаянна і без усялякай надзеі…
Краіна кампактная, не ўсе віды спорту мы можам ахапіць, і, напэўна, гэтай гуманітарнай дзейнасцю трэба перастаць займацца. Я не гатова сказаць, каго гэта закране, але я адразу кажу, што гэтае пытанне мы будзем абмяркоўваць», — сказала Наталля Пяткевіч.
Яна таксама падкрэсліла, што пытанні прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі і прадаўжэння стыпендый будуць пераглядацца з улікам таго, наколькі атрымальнікі выконваюць узятыя на сябе абавязкі.
— Па месцах, па заваяваных медалях, дзе яны будуць планаваны, па адпаведных выніках выступлення. Таму што бяруцца абавязкі вялікія, нешта абяцаецца, але потым як у анекдоце: прабачце, не змагла.
Таму ўсё-такі мы павінны на старце быць шчырымі паміж сабой, браць абавязкі, якія рэальна можам выканаць, і несці за іх адказнасць, уключаючы фінансавую ў аб’ёме аказанай дзяржаўнай падтрымкі, выдачы стыпендый і гэтак далей, — сказала Наталля Пяткевіч.
Каментары