На тэрыторыі гістарычнай Бабруйскай крэпасці хочуць адрамантаваць самую вялікую казарму. Гэты будынак знаёмы многім аматарам кіно: менавіта ў яго двары некалькі гадоў таму пабудавалі дэкарацыі нацысцкага канцлагера для здымак еўрапейскага фільма.

Пра гэта стала вядома з заяўкі, размешчанай сайце дзяржаўных закупак. Згодна з ёй, Упраўленне капітальнага будаўніцтва Бабруйска шукае падрадчыка для распрацоўкі праектнай дакументацыі на першую чаргу работ на былой казарме па вуліцы Дуніна-Марцінкевіча, 1. На гэты этап выдзелена каля 285 тысяч рублёў з гарадскога бюджэту.

Размовы пра тое, што з Бабруйскай крэпасцю трэба нешта рабіць, ідуць ужо не першае дзесяцігоддзе. Як і ў Брэсце, крэпасць тут калісьці знішчыла гістарычнае ядро горада, але так і не змагла стаць яго паўнавартаснай арганічнай часткай. Доўгі час масіўныя цагляныя пабудовы стаялі ў руінах, прыцягваючы хіба што аматараў закінутых месцаў, гісторыкаў і кінарэжысёраў.
Згодна з дакументацыяй, былая казарма, якую цяпер плануюць адрэстаўраваць, — самы буйны будынак на тэрыторыі крэпасці. Яго агульная плошча складае амаль 16 тысяч м2.



Трохпавярховы П-падобны гмах з чырвонай цэглы быў узведзены, як мяркуецца, у 1830 годзе. Праект распрацоўваў архітэктар Інжынернага дэпартамента Аляксандр Штаўберт — аўтар многіх знакавых будынкаў не толькі ў Бабруйску, але і ў Санкт-Пецярбургу.
Казарма перажыла многае: і перабудовы ў 1920‑я гады, калі дабудавалі трэці паверх, і разбурэнні падчас Другой сусветнай вайны, пасля якіх будынак аднаўлялі, не зважаючы на яе архітэктурныя асаблівасці і зносячы гістарычныя прыбудовы.
Сёння гэтая велізарная казарма стаіць месцамі цалкам без даху, праз дзіры ў якім прараслі дрэвы, са шматлікімі расколінамі ў сценах і абваленымі перакрыццямі. Стан будынка ацэньваецца як перадаварыйны і аварыйны.
Што плануюць зрабіць?
Праектныя работы хочуць завяршыць да чэрвеня 2026 года. Мэта цяперашняга этапу — не поўнае аднаўленне будынка, а яго тэрміновае выратаванне. Галоўная задача будаўнікоў — спыніць далейшае разбурэнне гісторыка-культурнай каштоўнасці дажджамі і снегам.

Для гэтага плануюць правесці маштабныя супрацьаварыйныя работы:
- Разабраць завалы, зняць стары шыфер і дэмантаваць згнілыя драўляныя бэлькі перакрыццяў і крокваў, якія пагражаюць абвалам.
- Умацаваць аварыйныя сцены з дапамогай спецыяльных ін'екцый і спіралепадобных анкераў.
- Закласці аконныя і дзвярныя праёмы драўлянымі шчытамі (на першым паверсе — газасілікатнымі блокамі), каб абмежаваць доступ вандалаў унутр.
- Аднавіць страчаную кроквенную сістэму і зрабіць новы фальцавы дах цёмна-зялёнага колеру. Менавіта такі колер, як паказваюць архіўныя даследаванні і дакумент XIX стагоддзя «Збор фасадаў», быў характэрны для казённых будынкаў таго часу.
- Знесці савецкія прыбудовы з сілікатнай цэглы, якія псуюць гістарычны выгляд.
Пасля завяршэння гэтых работ будынак будзе закансерваваны без прыстасавання пад нейкую новую функцыю, напрыклад, гатэль ці музей.



Кіношны канцлагер
Для многіх беларусаў гэты закінуты будынак знаёмы не з падручнікаў гісторыі, а з кінематографа. Маштабы казармы і яе змрочны, паўразбураны выгляд неаднаразова прыцягвалі ўвагу рэжысёраў, якія здымалі тут стужкі пра вайну.




Самай гучнай падзеяй сталі здымкі восенню 2018 года гістарычнай драмы «Урокі фарсі» (сумесная вытворчасць Расіі, Германіі і Беларусі) амерыканскага рэжысёра Вадзіма Перэльмана. Менавіта ў двары «Былой казармы» кіношнікі ўзвялі маштабныя і злавесна рэалістычныя дэкарацыі нацысцкага канцлагера: агароджу з калючым дротам, вартавыя вышкі і браму з надпісам «Jedem das seine» («Кожнаму сваё»).

Па сюжэце фільма галоўны герой, бельгійскі яўрэй, каб выжыць у лагеры, выдае сябе за перса і вучыць нямецкага кухара неіснуючай мове, словы якой былі створаны лінгвістам з імёнаў рэальных ахвяр Халакосту. У здымках масавых сцэн тады ўзялі ўдзел каля тысячы бабруйчан.

Пасля завяршэння працы над фільмам бутафорскі канцлагер не сталі зносіць адразу. Брама і прастаяла недзе да лета 2025 года, дзівячы выпадковых турыстаў, якія лічылі яго сапраўдным музеем вайны пад адкрытым небам.
У Брэсцкай крэпасці царкоўнікі хочуць затынкаваць сведчанні вайны. Жыхары горада супраць
У старым Брэсце закансервуюць руіны кляштара бернардзінак
У Бабруйску за 200 тысяч даляраў прадаюць былы армейскі штаб. Цяпер у ім размяшчаецца сінагога
Брэсцкую крэпасць прапануюць унесці ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА
Пачалася рэстаўрацыя Бабруйскай крэпасці. Ці вернуцца імперскія арлы на фасады?
Каментары