Дзікія жывёлы ў мароз выходзяць да людзей. Як сябе паводзіць? Вось якія частыя памылкі мы робім
Як быць, калі ў вёску заходзіць касуля, зубр ці ліса?

Зіма штурхае бліжэй да людзей
Гэтай зімой пачасціліся выпадкі, калі касулі забрыдаюць проста ў вёскі і на прыватныя ўчасткі. Прычына, паводле зоаэколагаў, простая: глыбокі снег ускладняе доступ да натуральных кармоў у лесе — і жывёлы ідуць туды, дзе прасцей знайсці ежу.
Такія выпадкі фіксаваліся ў Мінскай, Гродзенскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцях. Часам касулі проста прабягаюць праз вёску, але бывае, што застаюцца на некалькі дзён: ходзяць паміж дварамі, трапляюць у платы, пужаюцца сабак. У такія моманты ў людзей узнікае натуральнае жаданне дапамагчы — падкарміць, сагрэць, пакінуць у хляве.
Прыкорм дзікіх жывёл каля дома — адна з найбольш распаўсюджаных памылак. Касуля, якая прывыкае да чалавека і лёгкай ежы ў двары, губляе асцярожнасць, перастае трымацца лесу і ўсё часцей вяртаецца да жылля. Гэта рэзка павышае рызыку траўмаў, нападаў сабак, ДТЗ, распаўсюду хвароб ад дзікіх жывёл хатнім і ад іх — чалавеку.
Эколаг і эксперт Альянсу «Зялёная Беларусь» Інэса Балоціна папярэджвае: такая дапамога можа стаць і парушэннем закона.
«Паводле беларускага заканадаўства, дзікіх жывёл самавольна нельга забіраць з прыроды і трымаць у сябе без спецыяльна атрыманага дазволу. Гэта тычыцца ўсіх — і буйных звяроў, і птушак», — тлумачыць эксперт.
Паводле Інэсы Балоцінай, зіма — сапраўды самы складаны перыяд для капытных. Калі снегу шмат, здабываць натуральны корм у лесе робіцца цяжка. Таму касулі, ласі і алені трымаюцца ўзлескаў, палёў, дарог — а часам і саміх вёсак.
Але гэта не нагода браць сітуацыю ў свае рукі.
«Падкормка — гэта задача не для жыхароў вёсак, а для спецыялістаў. Дзікіх жывёл у лесе гадуюць толькі лясныя і паляўнічыя гаспадаркі», — тлумачыць эколаг.
Прыкорм там — гэта пра кіраванне папуляцыяй.
«Ёсць абгрунтаваныя планы вядзення паляўнічай і лясной гаспадаркі, вызначаныя месцы і спецыяльна абсталяваныя пляцоўкі для падгадоўвання», — дадае яна.
Калі двор становіцца зонай рызыкі
Асобная гісторыя — лісы ў вёсках. На Палессі і ў цэнтральных раёнах Беларусі ў 2025 годзе фіксаваліся выпадкі, калі пасля з’яўлення лісы ў населеным пункце ўводзіўся каранцін па шаленстве. Так, у лістападзе ў Мінскім раёне лісы нападалі на сабак на падворках: жывёлы загінулі, укусы атрымалі і людзі. Ліса — адзін з асноўных пераносчыкаў шаленства, і менавіта ў сельскай мясцовасці кантакт з хатнімі жывёламі адбываецца найчасцей.
Спачатку гэта можа выглядаць мілым: ліса ходзіць па вуліцы, не баіцца людзей, падыходзіць блізка. Але менавіта адсутнасць страху — трывожны сігнал, які часта сведчыць пра хваробу.
Да людзей выходзяць і больш буйныя жывёлы. Лосі трапляюць у калодзежы і агароджы, дзікі выходзяць да хат у пошуках ежы. У канцы снежня ў Астраўцы казуля захрасла ў металічным плоце на прыватным падворку, а ў студзені ў аграгарадок Слабада завітаў зубр.

Часцей за ўсё такія гісторыі заканчваюцца без наступстваў, але здараюцца і трагедыі. У жніўні 2025 года ў Ваўковічах мужчына трымаў на падворку дзікіх свіней — адзін з дзікоў вырваўся і смяротна траўміраваў гаспадара. Падобны выпадак адбыўся і ў Талачынскім раёне, дзе дзік, што ўтрымліваўся ў вальеры, забіў працоўнага.
Калі ўмяшанне сапраўды неабходнае
Ёсць сітуацыі, калі дапамога патрэбная — але не самастойна, а праз службы.
«Забіраць дзікую жывёлу з прыроды можна толькі ў пэўных выпадках: калі яна стварае пагрозу жыццю і здароўю людзей, шкодзіць гаспадарцы або транспарту, знаходзіцца ў гаротным стане ці з’яўляецца інвазіўным відам», — пералічвае Інэса Балоціна.
У такіх сітуацыях працуюць камісіі пры мясцовых органах улады, якія выязджаюць на месца і прымаюць рашэнне аб далейшым лёсе жывёлы.
Што рабіць, калі дзікая жывёла прыйшла ў двор
Галоўнае правіла простае і неэфектнае, але яно працуе:
не набліжацца і не чапаць жывёлу. Не карміць, не здымаць ва ўпор. Большасць канфліктаў пачынаецца са спробы падысці бліжэй дзеля фота.
«Калі ад жывёлы няма пагрозы, лепш пачакаць, пакуль яна сыдзе сама», — раіць эколаг.
Часам дапускаецца асцярожна спужаць жывёлу — але толькі з улікам сітуацыі.
«Трэба глядзець, што гэта за жывёла і як яна сябе паводзіць», — падкрэслівае Балоціна.
Калі ёсць падазрэнне на хваробу або гэта буйны драпежнік, варта звяртацца ў міліцыю або МНС.
Як зменшыць рызыку такіх візітаў
Шмат што залежыць ад саміх жыхароў. Экспертка раіць:
— не пакідаць у двары і на агародзе рэшткі ежы, садавіны і гародніны;
— не ствараць даступных сметнікаў;
— мець надзейны плот;
— у некаторых выпадках дапамагае сабака, які бегае па двары без ланцуга;
— выкарыстоўваць простыя шумавыя элементы для адпужвання, напрыклад, металічныя слоікі.
На больш шырокім узроўні важныя і інфраструктурныя рашэнні.
«Вакол гарадоў патрэбныя натуральныя абыходы з лесапаркаў, а таксама абсталяваныя пераходы праз аўтатрасы, каб звяры маглі абыходзіць населеныя пункты», — адзначае Інэса Балоціна.
Дзікія жывёлы і гарады: новая рэальнасць
Нядаўна ў адным толькі Гродне ў розных гарадскіх раёнах заўважылі ваўка і лісу. Па паведамленнях СМІ і паляўнічых службаў, у канцы студзеня ваўка-адзіночку бачылі ля возера Бросты і каля вёскі Каменка (побач з гарадской рысай). Гэтай зімой у навіны зноў траплялі ласі на вуліцах Мінска.
Эксперты адзначаюць: дзікія жывёлы сапраўды часцей сутыкаюцца з людзьмі.
«Гарады пашыраюцца, забіраюць месца для дзікай прыроды. А з іншага боку, жывёлы за некалькі пакаленняў навучваюцца жыць у горадзе і не трапляць на вочы людзям», — тлумачыць Балоціна.
У выніку ў розных гарадах з’яўляюцца ўстойлівыя папуляцыі зайцоў, лісаў, дзікоў і аленяў.
Калі сустрэча небяспечная
Недасведчанаму чалавеку складана адразу зразумець, ці небяспечная сустрэча з дзікай жывёлай. Але ёсць агульнае правіла:
«Здаровая дзікая жывёла звычайна пазбягае чалавека. Насцярожыць павінна іншае: калі звер ідзе проста да людзей, не баіцца, паводзіць сябе неадэкватна або выглядае параненым», — тлумачыць эколаг.
Нават дробная жывёла ў стрэсе можа напасці для самаабароны, а тым больш буйная.
Цяпер чытаюць
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Каментары