За апошнія дзесяць дзён Літва не зафіксавала ніводнай спробы незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі.

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (VSAT) адзначае, што кожную зіму ў незаконным руху мігрантаў з Беларусі ў ЕС узнікаюць перапынкі — з розных прычын. Аднак зараз, па словах службы, можна падазраваць і змяненні ў паводзінах мінскага рэжыму, паведамляе LRT.
За апошнія дзесяць дзён Літва не зафіксавала ні адной спробы незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі.
«На цяперашні момант можна меркаваць, што дзейнасць па арганізацыі мігрантаў, іх накіраванні, садзейнічанні ім і падобныя дзеянні ў пэўнай ступені прыпыненыя», — паведаміў агенцтву BNS прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедрус Мішуціс.
На мяжы Латвіі з Беларуссю мігрантаў апошні раз фіксавалі 30 снежня, на польскай мяжы — 9 студзеня.
Па словах Г. Мішуціса, гэта само па сабе не з’яўляецца новай тэндэнцыяй. «На працягу ўсяго студзеня 2024 года было 15 дзён, калі ва ўсіх трох краінах таксама фіксаваўся нуль. Быў і перыяд, калі восем дзён запар ва ўсіх трох краінах не было ні аднаго выпадку (…), нават у лютым былі тры дні з нулявымі паказчыкамі», — адзначыў ён.
«У студзені 2025 года такіх дзён было пяць — таксама ва ўсіх трох краінах нуль. Гэта больш кароткі перыяд, але ўсё роўна нічога прынцыпова новага», — дадаў прадстаўнік VSAT.
Па словах памежнікаў, больш выразныя тэндэнцыі незаконнай міграцыі з Беларусі стануць зразумелыя з пацяпленнем.
Частка палітычных назіральнікаў мяркуе, што пытанне незаконнай міграцыі з Беларусі ў ЕС магло абмяркоўвацца падчас сустрэчы ў снежні ў Мінску спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам.
Пасля сустрэчы амерыканскі чыноўнік паведаміў, што Лукашэнка паабяцаў спыніць палёты кантрабандных паветраных шароў у Літву, аднак тэма незаконнай міграцыі тады не згадвалася.
Каментары