Гісторыя11

«Хатняя гаспадыня», якая стала прэзідэнткай, але не змагла змяніць Нікарагуа 

Гісторыя Лацінскай Амерыкі ХХ стагоддзя — гэта пераважна гісторыя мужчын: дыктатараў у форме і барадатых рэвалюцыянераў. Але ў Нікарагуа аднойчы наступіў момант, калі лёс нацыі апынуўся ў руках жанчыны, якая ніколі не імкнулася да ўлады. Віялета Барыяс дэ Чамора, вядомая проста як «Донна Віялета», стала сімвалам замірэння ў краіне. Расказваем, як хатняя гаспадыня перамагла і паспрабавала стварыць дэмакратыю.

Прэзідэнтка Нікарагуа Віялета Барыяс дэ Чамора. Фота: Bill Gentile / CORBIS / Corbis via Getty Images

Калі 18 кастрычніка 1929 года ў невялікім паўднёвым гарадку Рывас, недалёка ад мяжы з Коста-Рыкай, на свет з’явілася Віялета Барыяс Торэс, Нікарагуа ўжо была краінай з глыбокімі ранамі. На той момант яна ўжо амаль стагоддзе існавала як незалежная рэспубліка, але гэта «незалежнасць» заставалася ўмоўная.

Краіна дэ-факта знаходзілася пад кантролем ЗША. Унутры краіну разрывала барацьба паміж дзвюма традыцыйнымі элітамі: лібераламі з Леона і кансерватарамі з Гранады. Доўгія дзесяцігоддзі гэтыя дзве сілы змянялі адна адну, перавароты і грамадзянскія войны былі нярэдкія.

Віялета нарадзілася ў сям'і багатых землеўладальнікаў, якія належалі да кансерватыўнай эліты. Яе дзяцінства праходзіла на фоне Вялікай дэпрэсіі, якая абрынула цану кавы — асноўнае багацце краіны, і на фоне партызанскай вайны ў гарах, якую супраць амерыканскіх акупантаў вёў Аўгуста Сэсар Сандзіна, за галаву якога амерыканцы абвясцілі ўзнагароду 100 тысяч даляраў. Да снежня 1932 года сандыністы занялі палову тэрыторыі краіны.

У пачатку 1933 года амерыканская марская пяхота пакінула краіну. Перад гэтым яны стварылі Нацыянальную гвардыю і паставілі на яе чале амбіцыйнага Анастасію Самосу Гарсію. У 1934 годзе Самоса загадаў забіць Сандзіна, а ў 1937 годзе, скінуўшы легітымнага прэзідэнта, захапіў уладу. Так Нікарагуа, фармальна застаючыся прэзідэнцкай рэспублікай з канстытуцыяй і выбарамі, ператварылася ў прыватны маёнткак адной сям'і пры поўнай вайсковай і фінансавай падтрымцы ЗША.

Віялета, аднак, расла ўбаку ад палітычных віхур. Сваю адукацыю яна пачала на радзіме: наведвала пачатковыя школы ў Рывасе і Гранадзе, а затым паступіла ў каледж у Манагуа. Бацькі жадалі, каб дачка ўдасканаліла англійскую мову, таму адправілі яе працягваць навучанне ў ЗША. Гэта не была вышэйшая ўніверсітэцкая адукацыя: спачатку Віялета вучылася ў каталіцкай сярэдняй школе для дзяўчат у Сан-Антоніа (Тэхас), а ў 1945 годзе перавялася ў жаночы каледж Блэкстоўн у Вірджыніі.

У чэрвені 1947 года прыйшла вестка пра хваробу бацькі — невылечны рак лёгкіх. Хоць ён пайшоў з жыцця раней, чым Віялета паспела даехаць дадому, яна ўсё ж вярнулася ў Нікарагуа, пакінуўшы вучобу ў ЗША няскончанай.

У 1949 годзе дзяўчына сустрэла Пэдра Хаакіна Чамора Кардэналя. Гэта была знакавая сустрэча. Пэдра Хаакін быў нашчадкам чатырох прэзідэнтаў Нікарагуа і рэдактарам газеты La Prensa — адзінага голасу, які адважваўся крытыкаваць дыктатуру Самосы. Яны ажаніліся ў снежні 1950 года. Віялета думала, што стварае сям'ю, але напраўду яна ўступіла ў вайну.

Віялета Барыяс дэ Чамора. Фота: La Prensa / infobae.com

Жонка палітвязня і маці (1950—1978)

Яны ажаніліся ў снежні 1950 года. У гэтым шлюбе на свет з'явілася чацвёра дзяцей — Пэдра Хаакін, Клаўдзія Люсія, Крысціяна і Карлас Фернанда.

У 1952 годзе, пасля смерці свайго бацькі, Пэдра Хаакін атрымаў у спадчыну газету La Prensa. Ён узяў на сябе кіраўніцтва выданнем, і пад яго рэдактурай газета ператварылася ў галоўны рупар апазіцыі рэжыму Самосы. Гэтая адвага каштавала сям'і спакою: у перыяд з 1952 да 1957 год Пэдра Хаакіна рэгулярна кідалі ў турму за змест публікацый. Сітуацыя абвастрылася ў 1957 годзе, калі ён узначаліў няўдалае паўстанне супраць дыктатуры. Вынікам стала выгнанне ў Коста-Рыку.

Віялета не засталася ў Нікарагуа: уладкаваўшы дзяцей у сваёй свякрові, яна паехала следам за мужам. Два гады яны пражылі ў эміграцыі ў Коста-Рыцы, адкуль Пэдра працягваў пісаць выкрывальныя артыкулы супраць рэжыму. Аднак выпрабаванні не скончыліся і пасля вяртання: як толькі яны перасеклі мяжу Нікарагуа, Пэдра Хаакіна зноў кінулі за краты.

Пэдра Хаакін Чамора (у першым радзе ў цэнтры) заслухоўвае прысуд — 8 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў «здрадзе дзяржаве». 12 снежня 1959 года. Фота: AP Photo / Francisco Rivas / La Prensa

На працягу ўсіх 1960‑х і 1970‑х гадоў жыццё Віялеты ператварылася ў бясконцы цыкл расстанняў і ўз'яднанняў то з мужам, то з дзецьмі. Яна заўсёды ехала за ім: калі яго вымушалі пакінуць краіну, яна пакідала дзяцей сваякам і ехала ў выгнанне разам з Пэдра; калі яго саджалі ў турму, яна вярталася да дзяцей і рэгулярна наведвала мужа ў турме, носячы перадачы і хаваючы цыдулкі. Варта адзначыць, што фінансавае выжыванне пары ў гэтыя нестабільныя гады забяспечвалі даходы ад арэнды нерухомасці, якую Віялеце падарыла яе маці.

Пунктам незвароту стала раніца 10 студзеня 1978 года. Пэдра Хаакін Чамора ехаў на працу ў сваім «Саабе», калі яго аўтамабіль заблакавалі і расстралялі наёмныя забойцы. У момант трагедыі Віялета знаходзілася ў Маямі, рыхтавалася да вяселля дачкі. Атрымаўшы страшную вестку, яна тэрмінова вярнулася на радзіму, каб пахаваць мужа і ўзяць на сябе кантроль над La Prensa.

Смерць Пэдра Хаакіна выклікала эфект выбуху вулкана. На яго пахаванне прыйшло 50 000 чалавек, і многія адкрыта абвінавачвалі ў злачынстве Анастасію Самосу. Краіна, стомленая ад працяглага кіравання дынастыі, пачала масавае паўстанне.

Жыхары шэрагу гарадоў, Масаі, Леона і Эстэлі, пры падтрымцы сандынісцкіх партызан здолелі выгнаць са сваіх раёнаў падраздзяленні Нацыянальнай гвардыі. У адказ Самоса загадаў здушыць паўстанне любымі сродкамі.

ЗША доўгі час назіралі за сітуацыяй з трывогай, баючыся прыходу камуністаў, аднак жорсткасць Самосы станавілася таксічнай для Вашынгтона. Вызначальным момантам, які змяніў усё, стала халаднакроўнае забойства амерыканскага журналіста Біла Сцюарта салдатамі Нацыянальнай гвардыі ў чэрвені 1979 года — кадры гэтага расстрэлу паказалі ва ўсім свеце. 

Пад ціскам грамадскай думкі прэзідэнт Джымі Картэр спыніў дапамогу і фактычна ізаляваў рэжым, прызнаўшы, што менавіта крывавыя рэпрэсіі дыктатара штурхнулі народ у абдымкі сандыністаў.

Пазбаўлены падтрымкі свайго галоўнага хаўрусніка, урад Нікарагуа раскідаўся, а камандзіры Нацыянальнай гвардыі ўцяклі разам з Самосай, ЗША спачатку паабяцалі, а потым адмовілі ім у выгнанні ў Маямі. Паўстанцы пераможна прасунуліся да сталіцы.

Ад надзеі да расчаравання: Сандынісцкая рэвалюцыя (1979—1989)

У ліпені 1979 года рэжым Самосы абрынуўся. Сандынісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ) урачыста ўвайшоў у Манагуа. Гэта быў час эйфарыі і надзеі. Каб атрымаць міжнароднае прызнанне і паказаць, што новая ўлада будзе дэмакратычнай і плюралістычнай, сандыністы сфармавалі Хунту нацыянальнага адраджэння. У яе склад увайшлі пяць чалавек: трое сандыністаў (сярод якіх быў малады палявы камандзір Даніэль Артэга) і двое прадстаўнікоў «буржуазіі», адной з якіх стала Віялета Барыяс дэ Чамора.

Віялета Барыяс дэ Чамора — чалец Хунты нацыянальнага адраджэння. 27 ліпеня 1979 года. Фота: AP Photo

Віялета шчыра верыла, што рэвалюцыя прынясе дэмакратыю, пра якую марыў яе муж. Яна нават пазычыла сандыністам грошы на пачатку працэсу транзіту. Аднак ілюзіі развеяліся вельмі хутка. Рэальная ўлада канцэнтравалася ў руках Нацыянальнага дырэктарыята СФНВ з дзевяці камандзіраў. Даніэль Артэга паступова, але няўхільна прыбраў уладу да рук. Ён стаў каардынатарам Хунты ў 1981 годзе, а ў 1984 годзе быў абраны прэзідэнтам на выбарах, якія апазіцыя байкатавала.

Віялета Чамора зразумела, што краіна рухаецца да кубінскай мадэлі сацыялізму: татальная нацыяналізацыя, цэнзура, мілітарызацыя грамадства і шчыльны саюз з СССР. У Манагуа прызямляліся самалёты з кубінскімі настаўнікамі, дактарамі і вайсковымі дарадцамі. Савецкі Саюз пачаў пастаўляць зброю: танкі Т-55, верталёты Мі-24 і аўтаматы Калашнікава. Нікарагуа ператварылася ў фарпост сацыялістычнага лагера ў Цэнтральнай Амерыцы.

У красавіку 1980 года, менш чым праз год пасля перамогі рэвалюцыі, Віялета Чамора выйшла з Хунты. Гэта быў ейны асабісты пратэст супраць здрады дэмакратычным ідэалам. Яна вярнулася ў La Prensa, якая стала галоўным ворагам ужо новай дыктатуры. Сандыністы ўвялі цэнзуру, абмежавалі пастаўкі паперы, нацкоўвалі на рэдакцыю натоўпы «турбас» (сандынісцкіх хуліганаў).

У рэдакцыі La Prensa. 1987 год. Фота: Cindy Karp / Getty Images

У адказ на савецкую экспансію прэзідэнт ЗША Рональд Рэйган пачаў фінансаваць і ўзбройваць «Контрас» — антысандынісцкіх паўстанцаў. Грамадзянская вайна ў Нікарагуа стала класічнай проксі-вайной. У гарах Нікарагуа вырашалася, чыя сфера ўплыву пераможа.

Грамадзянская вайна ўвайшла непасрэдна ў дом Чамора. Сям'я апынулася літаральна падзеленай лініяй фронту. Пэдра Хаакін-малодшы і Крысціяна засталіся працаваць у La Prensa, падтрымліваючы лінію, закладзеную бацькам, а Пэдра ў 1984 годзе нават пакінуў Нікарагуа, каб далучыцца да ўзброенага антысандынісцкага супраціву («Контрас»).

Паўстанцы-«контрас», 1987 год. Фота: Wikimedia Commons

У той жа час двое іншых дзяцей былі перакананымі сандыністамі: Клаўдзія служыла паслом рэвалюцыйнага ўрада ў суседняй Коста-Рыцы, а Карлас Фернанда стаў галоўным рэдактарам газеты Barricada — афіцыйнага органа СФНВ.

Нягледзячы на палітычную прорву паміж дзецьмі, Віялета намагала на захаванні сям'і. Яна працягвала арганізоўваць супольныя вячэры, падчас якіх дзейнічала непарушнае правіла: палітычныя прыхільнасці часова адкладваліся ў бок дзеля сямейнай гармоніі.

Прыход да ўлады

Да канца 1980‑х гадоў Нікарагуа ляжала ў руінах. Народ перажыў сорак гадоў дыктатуры Самосы, дзесяцігоддзе грамадзянскай вайны і сандынісцкага кіравання, а таксама пяць гадоў жорсткіх эканамічных санкцый з боку ЗША. Эканоміка ляжала ў руінах: даход на душу насельніцтва ўпаў да ўзроўню 20‑гадовай даўніны, а інфляцыя ў 1988 годзе дасягала астранамічных 33 000%. Савецкі Саюз сам перажываў глыбокі эканамічны крызіс і больш не мог нічым дапамагчы. І Даніэль Артэга быў вымушаны пагадзіцца правесці свабодныя выбары ў лютым 1990 года.

14 разрозненых палітычных партый — ад камуністаў да кансерватараў — аб'ядналіся ў Нацыянальны саюз апазіцыі (UNO). Ім патрэбны быў кандыдат, які мог бы стаць сімвалам адзінства. Пасля пяці раўндаў напружанага ўнутранага галасавання яны выбралі кампрамісную фігуру — Віялету Чамора.

Гэта былі абсалютна сумленныя выбары: за працэсам сачылі 2 578 міжнародных назіральнікаў, уключаючы ААН, Арганізацыю амерыканскіх дзяржаў, былога прэзідэнта ЗША Джымі Картэра, былых прэзідэнтаў Калумбіі, Аргенціны і Коста-Рыкі.

Кандыдатка ў прэзідэнты Нікарагуа Віялета Чамора падчас візіту ў ЗША. Маямі, 17 верасня 1989 года. Фота: AP Photo / Kathy Willens, File

Амаль усе аналітыкі прарочылі паразу Віалеце Чамора. У прэсе яе апісвалі як багатую ўдаву, якая ніколі не займалася рэальнай палітыкай і не мела досведу дзяржаўнага кіравання. Сандынісцкая прапаганда адкрыта кпіла з яе, называючы проста «хатняй гаспадыняй», няздольнай кіраваць краінай, і «амерыканскай марыянеткай», якая атрымлівае мільёны ад пасольства ЗША.

Аднак менавіта тое, што Артэга разглядаў як ейную слабасць, стала ейнай галоўнай сілай. У вачах народа яна была не палітыкам, а маці і ўдавой. Яе «недасведчанасць» у палітычных інтрыгах успрымалася як чысціня і сумленнасць. Яе досвед абмяжоўваўся кіраваннем сям'ёй (якую яна змагла захаваць, нягледзячы на палітычны раскол між дзецьмі) і газетай La Prensa ва ўмовах жорсткай цэнзуры — і гэтага было дастаткова.

У адной з самых рэлігійных краін Лацінскай Амерыкі яе вобраз — жанчыны ў белым, якая яшчэ і перасела ў інвалідны вазок праз пералом нагі, — выклікаў асацыяцыі з пакутніцай.

Віялета Чамора падчас выбарчай кампаніі. Фота: Jason Bleibtreu / Sygma / Sygma via Getty Images

Выбарчая кампанія ператварылася ў бітву сімвалаў. Даніэль Артэга меў неабмежаваны адміністрацыйны і сілавы рэсурс і выдаткоўваў велізарныя сродкі, паводзіў сябе як гаспадар становішча. Ён абраў сімвалам сваёй кампаніі «баявога пеўня» (gallo ennavajado).

Віялета ж не абяцала эканамічных цудаў. Яе платформа стаяла на простым, чыста жаночым і мацярынскім закліку, які трапляў у самае сэрца народа: яна абяцала вярнуць мір. «Я не хачу, каб вашых сыноў забіралі на вайну», — гэтыя словы білі мацнейшымі за лозунгі Артэгі.

Даніэль Артэга падчас прэзідэнцкай выбарчай камапаніі 1990 года. Фота: Jean-Louis Atlan / Sygma via Getty Images

25 лютага 1990 года адбыўся палітычны землятрус. Насуперак прагнозам скептыкаў, «хатняя гаспадыня» Віялета Барыяс дэ Чамора перамагла «камандзіра» Артэгу, атрымаўшы 54,7% галасоў і стаўшы першай абранай прэзідэнткай у Амерыцы. Нікарагуанцы прагаласавалі не за палітычную праграму, а супраць вайны і страху.

Даніэль Артэга, шакаваны і прыніжаны паразай ад жанчыны, якой ён не ўспрымаў усур'ёз, быў вымушаны прызнаць вынікі. Аднак пераходны перыяд быў азмрочаны так званай «La Piñata Sandinista» — хаатычным рабаваннем дзяржаўнай уласнасці функцыянерамі СФНВ.

А раніцай пасля выбараў Артэга прамовіў злавесную фразу, якая вызначыла будучыню краіны: «Мы перадаем кіраванне, але не ўладу. Мы будзем кіраваць знізу».

Прэзідэнцтва (1990—1997)

25 красавіка 1990 года Віялета Чамора ўступіла на пасаду як першая ў гісторыі Амерык жанчына-прэзідэнтка, абраная на свабодных выбарах. Але краіна, якую яна атрымала, была расколатай і поўнай узброеных людзей: ключавыя сілавыя структуры, суды, прафсаюзы і значная частка дзяржапарату заставаліся пад уплывам сандыністаў, што саступілі на выбарах; кааліцыя UNO, якая прывяла Чамора да ўлады, была ненадзейнай апорай, бо складалася як з левых, так і з крайніх правых.

Увесь яе праект трымаўся на адным: спыніць вайну, бо без гэтага не працавала б нічога іншае. У першы ж дзень Чамора скасавала вайсковы набор. Пачалася дэмібілізацыя і рэзкае скарачэнне войска: войска зменшылі ў разы, у выніку яно стала значна меншым па колькасці і менш палітызаваным. Паралельна былі распушчаныя і фактычна раззброеныя «Контрас»: без супраціўніка сандыністы страчвалі падставу працягваць вайну.

Каб не адкрываць новае кола помсты, Чамора абвясціла безумоўныя амністыі за палітычныя злачынствы 1980-х. Зброю збіралі з абодвух бакоў, у тым ліку праз «скупліванне». Сабраныя аўтаматы і цяжкую тэхніку сімвалічна залівалі бетонам у «Парку Міру» ў Манагуа.

Пакрытыя цэментам аўтаматы АК-47 у Парку міру. Фота: Wikimedia Commons

Дэмібілізацыя мела адваротны бок: блізу 70 тысяч вайскоўцаў і ўдзельнікаў вайны засталіся без працы. Каб зняць напружанне, Чамора інтэгравала частку былых «Контрас» у сельскую паліцыю і стварыла Грамадзянскую інспекцыю для разгляду скаргаў на злоўжыванні паліцыі і парушэнні правоў чалавека.

Яшчэ адна «міна» — зямля: урад захаваў аграрную рэформу сандыністаў і часткова пашыраў пераразмеркаванне зямель, у тым ліку на Карыбскім узбярэжжы, каб задаволіць патрабаванні ветэранаў. Гэта выклікала канфлікты з карэннымі супольнасцямі. Спрэчкі наконт уласнасці ў судах расцягнуліся на гады.

Унутры UNO частка патрабавала «выціснуць» сандыністаў з усіх інстытутаў. Віцэ-прэзідэнт Вірхіліё Гадой і мэр Манагуа Арнольда Алеман выступалі за жорсткую лінію.

Чамора зрабіла ход, які абурыў правых, затое стабілізаваў краіну: пакінула Умберта Артэгу (брата Даніэля) у кіраўніцтве войска, фактычна захаваўшы кантроль над войскам праз кампраміс. Правыя назвалі такі крок «капітуляцыяй», але гэты крок дапамог не дапусціць перавароту. Яна таксама ўключыла ва ўрад некалькі прадстаўнікоў СФНВ, у тым ліку на кірунку аграрнай палітыкі — як сігнал замірэння.

ЗША пасля яе перамогі знялі эмбарга і паабяцалі дапамогу, дапамагалі з пазыкамі перад МВФ і Сусветным банкам, але маштаб падтрымкі быў значна меншы за патрэбы краіны, падточанай грамадзянскай вайной.

Чамора адклікала пазоў у Міжнародным судзе ў Гаагу супраць ЗША — справу, у якой Нікарагуа дамагалася кампенсацыі за падтрымку Вашынгтонам антысандынісцкіх паўстанцаў і мінаванне сваіх партоў. Аднак і гэта не ўратавала: у 1992 годзе ультраправы сенатар Джэсі Хелмс дамогся скарачэння амерыканскай дапамогі, вінавацячы Манагуа ў тым, што сандыністы ўсё яшчэ ўплываюць на дзяржаву.

Прэзідэнтка Нікарагуа Віялета Чамора і прэзідэнт Мексікі Эрнэста Сэдыльё (злева) разам з прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам па дарозе на групавую фотасесію ўдзельнікаў Саміту Амерык у Маямі (ЗША). 10 снежня 1994 года. Фота: AP Photo / Marcy Nighswander

Эканамічныя праблемы пасля перамен

Калі пытанне вайны паступова адышло з парадку дня, галоўнай праблемай стала эканоміка. Чамора атрымала эканоміку, зруйнаваную вайной і гіперінфляцыяй. Урад пайшоў па неаліберальнай схеме: прыватызацыя, скарачэнне дзяржаўных выдаткаў, адмена субсідый. Быў створаны дзяржаўны холдынг CORNAP, які аб’яднаў у сабе дзясяткі нацыяналізаваных пры сандыністах прадпрыемстваў. Задача была амбіцыйная: прадаць большую частку гэтых актываў прыватным інвестарам, атрымаць валюту і скараціць дзяржаўны сектар.

Адначасова ўводзілася новая валюта — залатая кордаба (córdoba), прывязаная да даляра, і адмяняліся субсідыі на базавыя прадукты. Гэта дапамагло апанаваць інфляцыю, але рэзка выраслі цэны білетаў на аўтобусы, базавыя прадукты, камуналку.

Ужо ў 1991 годзе па краіне пракацілася хваля масавых страйкаў. Чамора пайшла на нетыповы кампраміс: прызнала права працоўных атрымаць 25% акцый прыватызаваных прадпрыемстваў — што раздражняла правых у UNO і частку замежных партнёраў.

Паралельна ўрад вёў цяжкія перамовы пра спісанне і рэструктурызацыю замежнай пазыкі. Вялікая частку пазык урэшце спісалі або расцягнулі ў часе, што дазволіла адкрыць для Нікарагуа доступ да новых крэдытаў і спыніць гіперінфляцыю. Але гэта не азначала хуткага паляпшэння жыцця. Скарачэнне бюджэту, закрыццё сацыяльных праграм, рэзкае скарачэнне дзяржаўных выдаткаў прывялі да росту беспрацоўя, пагаршэння працы сістэм аховы здароўя і адукацыі.

У пошуках ежы і іншых яшчэ прыдатных рэчаў людзі кідаюцца да смеццявоза на цэнтральным сметніку сталіцы Нікарагуа Манагуа. 9 мая 1996 года. Фота: Michael Jung / picture alliance via Getty Images

Статыстыка, якая збіраецца ў гэты перыяд, выглядае супярэчліва. З аднаго боку, Нікарагуа ў 1990— 2000‑я апусцілася ў рэйтынгах чалавечага развіцця і стала самай беднай краінай абедзвюх Амерык пасля Гаіці. Дзяржаўныя выдаткі на медыцыну на душу насельніцтва ў сярэдзіне 1990‑х гадоў сталі ў некалькі разоў меншыя, чым пры канцы 1980-х.

З другога боку, у некаторых галінах назіраўся паступовы прагрэс: дзіцячая смяротнасць за 1990‑я гады знізілася, сярэдняя працягласць жыцця вырасла. Па частцы паказчыкаў у сельскай мясцовасці ў другой палове 1990‑х назіраўся павольны рух у лепшы бок.

Але для большасці людзей штодзённая рэальнасць была простай: працы няма, заробкі нізкія, сацыяльныя гарантыі зніклі, а абяцанне «міру і дэмакратыі» не ператваралася аўтаматычна ў стабільны даход.

Канстытуцыйны крызіс 1995 года

Найбольш небяспечны палітычны выбух адбыўся ў 1995-м. Канстытуцыю 1987 года пісалі сандыністы пад моцную прэзідэнцкую ўладу. Парламент пачаў працэс канстытуцыйнай рэформы, накіраванай на абмяжаванне паўнамоцтваў прэзідэнта. Чамора, як лічыла, што час для такой рэформы яшчэ не прыйшоў, адмовілася публікаваць ухвалены ў 1995‑м годзе парламентам праект новай канстытуцыі ў афіцыйным выданні.

Парламент надрукаваў іх сам — і краіна апынулася ў сітуацыі «дзвюх канстытуцый». 

Пасля доўгіх перамоў было дасягнута кампрамісная пастанова: Чамора пагадзілася афіцыйна апублікаваць канстытуцыйныя змены, а парламент — дазволіў захаваць за прэзідэнткай шэраг ключавых паўнамоцтваў у сферы замежнай палітыкі і падаткаў, адмовіўшыся ад іх неадкладнага абмежавання на практыцы.

Прэзідэнтка Нікарагуа Віялета Барыяс дэ Чамора (у цэнтры), яе сын Пэдра (злева) і свякроў Маргарыта Чамора (справа) падчас малітвы на рэлігійнай службе ў адным з касцёлаў Манагуа. 10 студзеня 1995 года. Фота: AP Photo / Anita Baca

Вяртанне цемры

10 студзеня 1997 года Віялета Чамора зрабіла тое, што для Нікарагуа было рэдкасцю: мірна перадала ўладу дэмакратычна абранаму пераемніку — лібералу Арнольда Алеману — і сышла з палітыкі.

Пасля прэзідэнцтва яна стварыла Фонд Віялеты Барыяс дэ Чамора для падтрымкі адукацыйных праектаў і свабоды прэсы. Але яе здароўе пачало пагаршацца, яна паступова страчвала памяць і сувязь з рэальнасцю.

Трагічная іронія гісторыі ў тым, што пакуль свядомасць Донны Віялеты згасала, краіна павольна вярталася туды, адкуль яна яе выцягнула. Даніэль Артэга, якога яна перамагла ў 1990-м, вярнуўся да ўлады ў 2007 годзе — і крок за крокам пачаў падрываць тыя дэмакратычныя інстытуты, што з такім цяжкасцю будаваліся ў 1990-я.

Прэзідэнт Нікарагуа Даніэль Артэга (злева) абдымае Віялету Барыяс дэ Чамору падчас цырымоніі сваёй інаўгурацыі ў Манагуа, Нікарагуа. 10 студзеня 2007 года. Фота: Susana Gonzalez / Bloomberg via Getty Images

Гісторыя зрабіла кола. У 2021 годзе Крысціяну Чамора, якую называлі адной з наймацнейшых апазіцыйных фігур, Артэга загадаў арыштаваць; яе брат Пэдра Хаакін Чамора таксама трапіў у турму. Журналіст Карлас Фернанда быў вымушаны пакінуць краіну. Пад ударам апынулася і La Prensa — сімвал сямейнай гісторыі і апазіцыйнай традыцыі: 13 жніўня 2021 года паліцыя заняла яе рэдакцыю.

Сама Віялета, прыкутая да ложка ў сваім доме ў Манагуа, ужо не ўсведамляла гэтага новага кашмару. У кастрычніку 2023 года сваякі таемна вывезлі яе з Нікарагуа ў Коста-Рыку, каб забяспечыць належны медыцынскі догляд і бяспеку ў апошнія дні яе жыцця, далей ад рэжыму таго чалавека, якога яна калісьці перамагла. Віялета Чамора памерла 14 чэрвеня 2025 года, ёй было 95 гадоў.

Гісторыя Віялеты Чамора важная для беларусаў не як экзатычны лацінаамерыканскі сюжэт, а як папярэджанне. Яна паказвае, што выхад з дыктатуры і гвалту — гэта не імгненная перамога і не трыумф справядлівасці, а доўгі і балючы працэс. Кампрамісы і маральна цяжкія пастановы не гарантуюць поспеху, а няўдалая эканамічная палітыка можа прывесці да аднаўлення аўтарытарнага рэжыму. Чамора не абяцала цудаў. Яе галоўным дасягненнем стаў мір і мірная перадача ўлады. Але пабудаваць устойлівую дэмакратыю ёй не ўдалося.

Яе лёс сведчыць: дэмакратыя не замацоўваецца раз і назаўжды. Нават пасля свабодных выбараў краіна можа зноў скаціцца ў аўтарытарызм. Для беларусаў гэта гісторыя пра тое, што перамога — гэта часта толькі пачатак, а не фінал.

Каментары1

  • Витаута
    22.12.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Сын Наталлі Пяткевіч з прыдыханнем расказаў, што знайшоў работу ў піцерскай фірме12

Сын Наталлі Пяткевіч з прыдыханнем расказаў, што знайшоў работу ў піцерскай фірме

Усе навіны →
Усе навіны

«Гэта штосьці па-расейску?» Дзяўчына з Кобрына запусціла брэнд тэкстылю Samobranka — і пачалося19

«Няхай гэты час прынясе ў ваш дом мір». Ціханоўская павіншавала беларусаў з Раством5

«Дайце мне пыласос». Васілеўская ўспомніла, як рабіла ўборку на МКС. І расказала пра сумесную традыцыю з Навіцкім13

У цэнтры Мінска таямніча знікла дачка дырэктара буйнога агракомплексу17

Беларусь стала галоўным пакупніком расійскіх закатак з агуркамі6

Ад 45 да 9000 рублёў: як выраслі штрафы за парушэнне ПДР1

Атэстацыю ў Нацбанку цяпер змогуць прайсці толькі палітычна лаяльныя банкіры, якія не ставяць лайкі, дзе не трэба4

Трамп патрабуе ад Венесуэлы выгнаць Расію, Кітай, Іран і Кубу11

Адзіночка стварыў гульню па гісторыі Зельцара: шмат гвалту і трупы рэальных сілавікоў31

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сын Наталлі Пяткевіч з прыдыханнем расказаў, што знайшоў работу ў піцерскай фірме12

Сын Наталлі Пяткевіч з прыдыханнем расказаў, што знайшоў работу ў піцерскай фірме

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць