Грамадства55

«Ці вартыя прынцыпы страчаных гадоў жыцця?» Наталля Дуліна — пра калонію, высылку і жыццё пасля гэтага

Былая дацэнтка кафедры італьянскай мовы МДЛУ Наталля Дуліна прайшла арышты, звальненне, суд і калонію. У чэрвені 2025 года яе разам з групай палітвязняў гвалтоўна вывезлі з Беларусі ў Літву. У інтэрвʼю «Белсату» Дуліна расказвае пра закрыты працэс і адмову ад прашэння аб памілаванні, пра прынцып «не вер, не бойся, не прасі», пра жыццё пасля вызвалення і пра сваю мару.

Выкладчыца і былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Адпрацавала 29 гадоў у Менскім лінгвістычным універсітэце, была дацэнтам кафедры італьянскай мовы. Была ў зняволенні з кастрычніка 2022 года. 21 чэрвеня 2025 года Наталля была вызваленая і прымусова вывезеная разам з іншымі палітвязнямі ў Літву. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат
Выкладчыца і былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Вільня, 22 кастрычніка 2025 года. Яна адпрацавала 29 гадоў у Менскім лінгвістычным універсітэце, была дацэнтам кафедры італьянскай мовы. Была ў зняволенні з кастрычніка 2022 года. 21 чэрвеня 2025 года Наталля была вызваленая і прымусова вывезеная разам з іншымі палітвязнямі ў Літву. Фота: Белсат

«Калі паеду — гэта будзе мой выбар, і я не хачу потым адчуваць віну»

Прайшоўшы праз суткі за ўдзел у студэнцкіх акцыях 2020 года і суткі за пратэст супраць уварвання Расіі ва Украіну, Наталля Дуліна разумела, што наступны арышт можа скончыцца турмой.

— Што трымала вас у Беларусі, калі вы ўжо разумелі, што рызыкуеце свабодай?

— У 2022 годзе я сядзела на сутках і ўжо тады разумела, што працяг непазбежны. Бачыла людзей, якія таксама спачатку адбылі адміністратыўны арышт, а потым усё ж атрымлівалі крыміналку. Было лагічна, што і мяне гэта чакае. Хоць, калі шчыра, чалавек уладкаваны так, што дзесьці ўнутры ўсё роўна спадзяецца: а раптам абыдзе. Напэўна, я таксама спадзявалася. Мне не хацелася пускацца ў рызыкоўныя рашэнні, мяняць жыццё. З гадамі я стала асцярожнейшай — не палахлівай, але мне стала не вельмі камфортна рэзка мяняць жыццё. Калі сябры казалі: «Трэба зʼехаць», я адмаўлялася.

Выкладчыца і былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат
Выкладчыца і былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат

Была і іншая прычына: пачуццё адказнасці. У мяне тады было чатыры каты і пажылая мама: бадзёрая, дзейная, але ўсё ж не маладая. Я не хацела, каб яна займалася жывёлінамі, як падчас маіх ранейшых затрыманняў. Я працавала, магла зарабляць, і кінуць усё — зрабіць безадказна.

Мама казала: «Калі цябе пасадзяць, я магу не дачакацца». А я адказвала: «Калі мяне пасадзяць — гэта не мой выбар, я нічога не магла зрабіць. А калі паеду — гэта будзе мой выбар, і я не хачу потым адчуваць віну».

Напэўна, гэта і ёсць чысты чалавечы эгаізм, але тады я менавіта так гэта адчувала.

— Ваша мама цяпер жывая?

— Так. Мы бачыліся, яна прыязджала ў Літву. Так што ўсё ў парадку. Цяпер яна ўзяла на сябе адказнасць за катоў — і гэта яе трымае. Хоць стамляецца, вядома, але каты даюць ёй станоўчую энергію. Яна кажа: «Пакуль яны ёсць, я павінна падымацца».

«Ці вартыя прынцыпы страчаных гадоў жыцця?» — «Вартыя»

У кастрычніку 2022 года Наталлю Дуліну затрымалі. Яе абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч.1 арт. 342 — за «актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» падчас студэнцкіх пратэстаў 2020 года, і ч. 1 арт. 361‑4 — за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» пасля ўдзелу ў культуралагічнай праграме на «Еўрарадыё». Прысуд ёй вынеслі праз два месяцы: 3,5 года калоніі.

Выкладчыца і былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат
Выкладчыца і былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат

— Чаму ваш суд быў закрыты?

— Звычайна рашэнне аб тым, што працэс пройдзе ў закрытым рэжыме, прымаецца на першым судовым пасяджэнні. Але ў маім выпадку рашэнне зрабіць працэс закрытым было прынятае яшчэ да пачатку суда. Я падала хадайніцтва, каб працэс быў адкрыты: публічнасць дапамагае абʼектыўнасці. Натуральна, адмовілі — матывуючы «бяспекай сведак» і «матэрыяламі, якіх нельга выдаваць».

— Ці чакалі вы такога прысуду?

— Напэўна, так, бо мой адвакат сказаў, што на «хімію» мяне не адпусцяць — гэта 100 адсоткаў. І што прысуд будзе не меншы за 3 гады.

— Вы адмовіліся пісаць прашэнне аб памілаванні. Ці вартыя прынцыпы страчаных гадоў жыцця?

— Вартыя.

Калі мяне прыніжае хтосьці — гэта ягоныя праблемы. А калі я прыніжаю сябе, гэта ўжо мае. Жыццё паказала, што я мела рацыю. Так, хтосьці пісаў на памілаванне і выходзіў, хтосьці — не. Але выпускалі ў асноўным тых, каму сядзець заставалася зусім няшмат. Мне — паўгода. Здавалася б, дробязь. Але я не прызнавалася і не прасіла. Значыць, выпусціць — паказаць, што ўлады «вялікадушныя», — не атрымлівалася.

Былая палітзняволеная Наталля Дуліна на канферэнцыі «Новая Беларусь». Варшава, Польшча. 9 жніўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Былая палітзняволеная Наталля Дуліна на канферэнцыі «Новая Беларусь». Варшава, Польшча. 9 жніўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Не вер, не бойся, не прасі»

Для выкладчыка, якому звыклыя аўдыторыі і кнігі, апынуцца ў цеснай камеры з бетоннай падлогай — выпрабаванне. Але яшчэ цяжэй было зразумець, што ў закрытым свеце дзейнічаюць свае правілы.

— Што аказалася самым цяжкім — умовы ці атмасфера?

— Самае страшнае — ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна: цесныя камеры, уначы холадна, удзень душна, без прагулак. У СІЗА лягчэй: свае пасцелі, гарбата і кава з перадачаў, гародніна, вітаміны. Далей шмат што залежала ад людзей у камеры.

На Акрэсціна былі толькі палітычныя і пара жанчын без месца жыхарства — спецыяльна, каб нам было цяжэй: каранавірус, вошы. А ў СІЗА самыя розныя людзі: палітычныя, эканамічныя, адну жанчыну абвінавачвалі ў забойстве (дарэчы, яна вельмі любіла чытаць, і не толькі любоўныя раманы).

Людзі трапляліся розныя: часам удавалася стварыць нармальныя адносіны, часам здараліся канфлікты. У кожнай камеры знаходзілася «сматрашчая», свая «гаспадыня». Я разумела, што з такімі лепш не звязвацца, але калі на мяне наязджалі — заўсёды стаяла за сябе. Нікому не скардзілася. Ніколі.

У калоніі мне не спадабалася. Гэта закрытая супольнасць, як армія ці школа: іерархія, старэйшыя, актывісты. Адміністрацыі зручна, калі зняволеныя самі сочаць за іншымі. Калі кагосьці трэба пакараць, то проста ствараюць сітуацыю — напрыклад, падкідваюць забароненае.

Але я адаптавалася, стварыла сваю прастору. Калі канфлікты — разбіралася сама. Начальству ніколі не скардзілася, нават калі людзі дазвалялі недапушчальнае. Ставіла на месца, але без скаргаў.

«Не вер, не бойся, не прасі» — вельмі правільныя словы. «Не вер» — таму што яны хлусяць, увесь час хлусяць. «Не бойся» — бо баяцца позна. «Не прасі» — бо калі папросіш, потым абавязкова пра гэта нагадаюць, і нават дробязь могуць павярнуць супраць цябе.

Выкладчыца і былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат
Выкладчыца і былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат

— Як у калоніі складваліся адносіны з іншымі зняволенымі і адміністрацыяй?

— Мяне перыядычна пераводзілі з аднаго атрада ў іншы. І ў апошнім была агрэсіўная абстаноўка. Там і начальніца была цяжкі чалавек, рэзкі. Было прынята чапляць палітычных, падбіваць, правакаваць на канфлікты. Я старалася не рэагаваць, але калі краналі асабіста — адказвала. Некаторыя дзяўчаты, намякаючы на маю жоўтую бірку, маглі сказаць: «Вы са сваім статусам не павінны так сябе паводзіць». Гэта казаў і куратар: «Ну, вы ж разумееце, вам нельга ў канфлікты, у вас асаблівы статус». Я яму адказвала: «У мяне статус асуджанай. Усё астатняе — у вашай галаве».

З такімі людзьмі — я маю на ўвазе і тых, хто ў атрадзе ціснуў на палітвязняў, і тых, хто гэта заахвочваў, — як з жывёлінамі: яны адчуваюць страх. Калі баішся — нападуць. А калі спакойны — то не крануць.

Я часта думала пра гэта. Не скардзілася, не пляткарыла. Казала ўсё адкрыта. Часам папярэджвалі: «Не выказвайце незадаволенасці начальству». Але я лічыла: калі думаю нешта — кажу наўпрост. І не таму, што гэта адвага, — а таму, што праўда.

Так я і выжыла.

«Мяне проста выкінулі. Гэта гвалт, горшы за фізічны»

21 чэрвеня гэтага года, пасля візіту ў Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Кіта Келага, з беларускіх турмаў вызвалілі 14 палітвязняў, сярод іх і Наталлю Дуліну. Людзей адразу вывезлі за мяжу, у Літву.

Былы палітвязень Кірыл Балахонаў, бізнесовец Сяргей Шэлега, былая выкладчыца МДЛУ Наталля Дуліна вітаюць Святлану Ціханоўскую на прэс-канферэнцыі з удзелам шасці палітвязняў, вызваленых 21 чэрвеня. Агулам вызвалілі 14 палітзняволеных, сярод якіх быў блогер Сяргей Ціханоўскі. Вільня, Літва. 22 чэрвеня 2025. Фота: Белсат
Былы палітвязень Кірыл Балахонаў, бізнэсовец Сяргей Шэлег, былая выкладчыца МДЛУ Наталля Дуліна вітаюць Святлану Ціханоўскую на прэс-канферэнцыі з удзелам шасці палітвязняў, вызваленых 21 чэрвеня. Агулам вызвалілі 14 палітзняволеных, сярод якіх быў блогер Сяргей Ціханоўскі. Вільня, Літва. 22 чэрвеня 2025. Фота: Белсат

— Як выглядала ваша вызваленне?

— Аднойчы раніцай да нас прыходзіць аператыўнік і кажа: «Дуліна, збірайся. Усе рэчы, што ёсць у лядоўні, маразілцы, усё». Звычайна гэта значыць, што пераводзяць у іншы атрад. Але тады ніякіх прыкметаў пераводу не было. Проста: «Збірайся».

Папрасілі дзяўчатак дапамагчы данесці рэчы — мы аднеслі іх да будынка, дзе быў каранцінны атрад, ён бліжэй за ўсё да выхаду. Там кантрольны пункт, далей — прамзона і брама. Звычайна праз гэтую браму праходзілі тыя, каго выпускалі па памілаванні. Са мной была яшчэ адна зняволеная з падвойным грамадзянствам — беларускім і шведскім. Яна жыла ў Швецыі, прыехала ў Беларусь да бацькі, і там яе затрымалі.

Мы не разумелі, што адбываецца. Падазрэнняў было шмат — ад поўнага вызвалення да «новага артыкула» і этапу. Нас завезлі ў СІЗА КДБ.

— Што вы адчулі, калі зразумелі, што гаворка ідзе пра прымусовую высылку?

— У «амерыканцы» мы правялі ноч, а раніцай нас закавалі ў кайданкі, надзелі мяхі на галаву і павезлі далей. Тады ў галаву прыйшла гісторыя з немцам, якога асудзілі на расстрэл [гаворка пра Рыка Крыгера. — Рэд.], і якога абмянялі на нейкага расейца. І жахнулася: у мяне ж нікога няма за мяжой. У іншых — родныя ў Польшчы, Літве, Нямеччыне. А я — адна.

Выкладчыца і былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат
Выкладчыца і былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат

На мяжы нас перасадзілі ў мікрааўтобус. Потым прыйшлі амерыканцы. Я была ў жаху. За мной сядзелі Ціханоўскі, побач Міхайлаў [вызваленыя палітвязні Сяргей Ціханоўскі і Дзмітрый Міхайлаў. — Рэд.]. Яны размаўляюць з амерыканцамі, я пытаюся: «Што наогул адбываецца?» Потым не вытрымала: «А нас на каго ці што мяняюць?» Яны змоўклі. Я кажу: «Я не хачу. Я хачу дадому».

Я думала: я ж нічога не падпісвала, не прасіла, каб мяне вывозілі. Чаму я тут? Адчуванне было, як быццам цябе выдзіраюць з жыцця, дзе ўсё было зразумела, нават калі дрэнна, і кідаюць у пустэчу.

Ужо пазней у Вільні, разбіраючы рэчы, я зразумела, што ўсе мае паперы зніклі. Ні прысуду, ні апеляцыйнага рашэння, ні дакументаў у справе. Усё, што было пры нас, знікла. Усё, што ў мяне засталося, — гэта пашпарт.

— Вас даставілі ў Вільню. Хто дапамог вам у першыя дні?

— Беларусы, наша дыяспара, нашы арганізацыі. Нас рассялілі — нас жа было няшмат, пяць чалавек з беларускім грамадзянствам. Астатнія замежнікі.

Ціханоўскаму было дзе жыць [усміхаецца], а нас пасялілі ў шэлтар. Адразу далі тэлефоны, сувязь, першую матэрыяльную дапамогу. Умовы былі выдатныя, можна было жыць пару месяцаў.

Першыя два дні я была ў шоку, у абурэнні. Думаю: як гэта так — без працэдуры, без рашэння, проста вывезлі. Калі мяне судзілі, хоць была бачнасць выканання закону: следства, прысуд, апеляцыя. А тут — нічога.

Бізнесовец Сяргей Шэлега, былая выкладчыца МДЛУ Наталля Дуліна і журналіст Ігар Карней падчас прэс-канферэнцыі з удзелам шасці палітвязняў, вызваленых 21 чэрвеня. Вільня, Літва. 22 чэрвеня 2025. Фота: Белсат
Бізнесовец Сяргей Шэлег, былая выкладчыца МДЛУ Наталля Дуліна і журналіст Ігар Карней падчас прэс-канферэнцыі з удзелам шасці палітвязняў, вызваленых 21 чэрвеня. Вільня, Літва. 22 чэрвеня 2025. Фота: Белсат

Калі я падавала дакументы для атрымання дазволу на жыхарства, міграцыйная служба папрасіла паказаць у анкеце, дзе я была апошнія некалькі гадоў. А дзе я была? У турме, з якой мяне вывезлі таемна. 

— Як вы ўспрымаеце саму ідэю такога вызвалення — без права застацца ў краіне?

— Вельмі дрэнна. Шмат для каго, у каго сем'і ўжо тут, гэта палёгка — яны ўзʼядналіся з блізкімі. А я — не. Мяне проста выкінулі. Гэта гвалт, горш за фізічны.

Я, можа, іранізую, але гэта зневажальна. Гэта як другое пакаранне. Мы адседзелі амаль усе, засталіся месяцы. І раптам выкінулі, адно пакаранне змянілі іншым.

Тэарэтычна, я магла б вярнуцца. Можа, калі-небудзь і вярнуся. Гэта мой план Б. Калі не дадуць ДНЖ або пачнуцца новыя праблемы — паеду. Хай хоць у турму, але дадому. Мяне ж не расстраляюць на мяжы, праўда? Хоць — хто ведае. Але калі ты прадумваеш горшы варыянт, становіцца лягчэй. Як раяць псіхолагі: уяві самае дрэннае, і яно перастае быць страшным.

«Свабода — яна ўсярэдзіне»

— Прайшло ўжо некалькі месяцаў пасля таго, як вы апынуліся не са сваёй волі ў Літве. Ці ўдалося прыйсці ў сябе фізічна, эмацыйна, псіхалагічна?

Так, даволі хутка. На другі дзень родныя сказалі: «Мы разумеем усё, але радыя, што ты вольная». І я падумала — калі гэта прынесла радасць блізкім, значыць, яно таго было варта.

Выкладчыца і былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат
Выкладчыца і былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат

Потым знайшла кватэру, зняла яе сама. Зрабіла крок да самастойнасці — адчула, што зноў кантралюю жыццё. Пасля ўсіх тых гадоў, калі ты не вырашаеш нічога, гэта шмат значыць. 

— Вы ўжо выкладаеце італьянскую мову?

— Я чакаю дазвол на жыхарства. Тады змагу афіцыйна працаваць, стаць падатковым рэзідэнтам, плаціць падаткі.

— Ці думаеце пра выкладанне ва ўніверсітэце?

— Хутчэй не. Калі мяне звольнілі з МДЛУ, я зразумела, што нават калі ўсё зменіцца, вяртацца туды не хачу. Сваё адпрацавала, хочацца іншага. У мяне групавыя анлайн-заняткі са студэнтамі — гэта прыемны досвед, але не ўніверсітэт у ранейшым выглядзе.

— Як вы бачыце ўласную будучыню? Дзе і чым хочаце займацца?

— Ідэальны варыянт — вывучыць літоўскую і пайсці працаваць куды-небудзь у прытулак для жывёлін. Я ўжо казала, мне трэба быць побач з жывёлінамі, гэта дае мне раўнавагу. Яны супакойваюць. Без мовы пакуль складана, але ўсё роўна хачу паспрабаваць. Можа, пайсці валанцёрам у прытулак або заапарк. Мне проста важна, каб вакол былі жывыя істоты, якія не прычыняюць болю.

Калі ў тэорыі атрымаю даведку аб вызваленні, можа, тады ўдасца аформіць нейкую пенсію. Але, калі шчыра, я ў гэта не вельмі веру: аформіць беларускую пенсію цяпер — гэта ўжо з вобласці фантастыкі. Так што працаваць усё роўна давядзецца. Але я не супраць. Праца — гэта таксама спосаб адчуваць, што ты жывеш.

Выкладчыца і былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат
Выкладчыца і былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2025 года. Фота: Белсат

— Што для вас сёння свабода, і ці адчуваеце вы яе ў поўнай меры?

— Свабода — яна ж усярэдзіне. Калі чалавек не баіцца, значыць, ён вольны. Таму што страх скоўвае, не дае рухацца, прымушае рабіць не тое, што хочаш, ці замінае рабіць тое, што хочаш. Усё ўпіраецца ў страх, ён як ланцуг.

Несвабода — калі ты вымушаны пераступаць праз сябе, выконваць чужыя загады, нават калі яны супраць твайго сумлення. Таму, як бы дзіўна ні гучала, нават у калоніі я адчувала сябе вальнейшай, чым тыя, хто там працаваў. Таму што я магла быць у гармоніі з сабой. Я ведала, што раблю тое, што лічу правільным. А яны — не. Тое, што я была за кратамі, не значыла, што ў мяне забралі свабоду. Думкі ж не адбіраюць.

А цяпер — так, я адчуваю свабоду. Не на сто адсоткаў, бо няма дому, але адчуваю.

— Пасля ўсяго перажытага ці засталося пачуццё злосці або нянавісці?

— У мяне часта пытаюцца: «А як ставіцца да тых, хто вас саджаў, хто біў?» Я адказваю: калі чалавек парушыў закон, ён павінен адказаць. Але я не маю нянавісці. Гэта не дабрыня, гэта абыякавасць. Яны мне не цікавыя. Я пераключаюся на тых, хто пацярпеў.

Каментары5

  • меркаванне
    05.11.2025
    Выдатнае інтэрв’ю! Наталля, Вы цудоўны чалавек: разумная і годная. На мой погляд, менавіта такія і павінны лічыцца элітай краіны.
  • Алесь
    05.11.2025
    Дзякуй, Наталля!
  • .
    06.11.2025
    "...і пайсці працаваць куды-небудзь у прытулак для жывёлін. Я ўжо казала, мне трэба быць побач з жывёлінамі, гэта дае мне раўнавагу. Яны супакойваюць.

    Мне проста важна, каб вакол былі жывыя істоты, якія не прычыняюць болю."

    ...
    Пра тое, што дурныя людзі найгорш за жывёл.

Цяпер чытаюць

Па ўласніку «Софтклуба» Сіротку, які сядзіць у СІЗА КДБ, прыляцела і ад Польшчы — на яго крыптабіржу Bynex наклалі санкцыі2

Па ўласніку «Софтклуба» Сіротку, які сядзіць у СІЗА КДБ, прыляцела і ад Польшчы — на яго крыптабіржу Bynex наклалі санкцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Падатак на электрамабілі ў Беларусі ўводзіць пакуль не плануюць2

Рыжанкоў заявіў, што Беларусь выступае за як мага хутчэйшае аднаўленне нармальнага функцыянавання мяжы з Літвой2

Дарадца прэм'ера Літвы: Беларусь адмовілася адкрываць эвакуацыйныя калідоры для літоўскіх фур6

Ад сёння Ryanair цалкам пераходзіць на лічбавыя пасадачныя талоны1

«Інтэрнэт у канкрэтнага абанента можа стаць яшчэ больш павольным». Каму дапамогуць штрафы за дрэнную сувязь?

Ютуб выдаліў канал Аляксея Талая7

У Літве расказалі, ці просяць ЗША вярнуць транзіт беларускіх угнаенняў праз Клайпеду2

Іван Краўцоў патлумачыў, у чым галоўнае адрозненне яго пазіцыі ад пазіцыі Офіса Ціханоўскай56

Лідар «Альтэрнатывы для Германіі» выступіў у абарону Пуціна і назваў Польшчу пагрозай для ФРГ20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Па ўласніку «Софтклуба» Сіротку, які сядзіць у СІЗА КДБ, прыляцела і ад Польшчы — на яго крыптабіржу Bynex наклалі санкцыі2

Па ўласніку «Софтклуба» Сіротку, які сядзіць у СІЗА КДБ, прыляцела і ад Польшчы — на яго крыптабіржу Bynex наклалі санкцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць