Грамадства44

«Радавод — гэта лінза, каб паглядзець на гісторыю Беларусі». Стваральнік анлайн-курса па генеалогіі расказаў, навошта ўсё гэта

Анлайн-курс «Радавод» на платформе адукацыйнага хаба «Нацыя лідараў» — у топе паводле папулярнасці. Як так сталася? Чаму беларусы пацягнуліся да каранёў? Ці можа генеалогія стаць тэрапіяй і метадам прыняцця сябе? «Будзьма» запытала пра гэта ў стваральніка і вядучага курса, журналіста, даследчыка сталінскіх рэпрэсій Ігара Станкевіча.

Ihar Stankievič
Аўтар курса Ігар Станкевіч трымае ў руках адноўлены сямейны герб

Уласная гісторыя Ігара Станкевіча з пошукам продкаў пачалася ў 1997 годзе. За гэты час ён адкрыў не толькі сямейны герб, але і падоўжыў сямейную гісторыю да часоў ВКЛ. Выявіў дзясяткі рэпрэсаваных сваякоў. Знайшоў родных у іншых краінах. Яго пошук працягваецца дагэтуль.

«Калі людзі не маюць каранёў, імі лёгка маніпуляваць»

— Адкуль мода на складанне радаводаў?

— У мяне ёсць толькі гіпотэза. Беларусы доўгі час жылі пад Саветамі, мэтай якіх было разарваць сувязь пакаленняў, зрабіць з людзей манкуртаў. Усе гэтыя гісторыі пра Паўліка Марозава… Калі людзі не маюць каранёў, імі лёгка маніпуляваць. Таму ў нашых суайчыннікаў ёсць «голад» на гэтую тэму. Гэта аб’ектыўны запыт быць сабой, мець гонар.

— Як Вам бачыцца сэнс курса?

— Практычная задача — знайсці інфармацыю праз фота, дакументы, расповеды сваякоў. Як гэта рабіць? Усё тлумачу. А сэнс у тым, каб «уваскрасіць» людзей, якіх няма побач. Праз гэта пачаць цікавіцца гісторыяй краіны. Бо гісторыя складаецца з асобных лёсаў, праўда ж?

Гэта таксама і пра сацыяльныя сувязі: пакуль мы шукаем, то камунікуем з бацькамі, дзядулямі, бабулямі. Гэта дапамагае намацаць грунт пад нагамі. Адчуць сябе ўпэўнена.

Таксама дазваляе па-іншаму зірнуць на сённяшнія абставіны. Здаецца, усё дрэнна, але глядзім на досвед прабабуль і прадзядуляў — не так ужо і блага. І яны здолелі прайсці ўсе выпрабаванні.

Напрыклад, мой тата — звычайны хлопец з вёскі. Ён атрымаў некалькі вышэйшых адукацый, займаў пасады. Толькі дарослым я зразумеў, наколькі гэта было няпроста. Чалавек імкнуўся і перамагаў.

А калі глядзіш на перамогі продкаў, па-іншаму ацэньваеш і сваё жыццё: чаго дамогся ты? Гэта змяняе светапогляд.

«Памёр чалавек — яго спадчына ідзе на сметніцу…»

— Ствараючы курс, Вы арыентаваліся на нейкі прыклад?

— Выключна на свой 30‑гадовы досвед пошуку. Размовы з роднымі, хаджэнні па архівах. У мяне быў нават такі мемары-трып па могілках і месцах, дзе стаялі вёскі, у якіх жылі сваякі. Цяпер ёсць моцны інструмент — інтэрнэт. Ён шмат у чым спрашчае задачы, але і тут трэба ўмець карыстацца.

Ihar Stankievič
Ігар Станкевіч каля магілы аднаго з родзічаў

— Ці рэальна аднавіць генеалогію, напрыклад, за 8 заняткаў?

— Відавочна, што гэта — першы крок на дарозе ў тысячу крокаў. Чым глыбей капаеш, тым больш знаходзіш. Бясконцая праца. Нагадвае дэтэктыў, бо працуеш як следчы: шукаеш людзей, іх фота, а ўрэшце — матывацыі: чаму яны зрабілі так, а не інакш?

Курс не зробіць за вас радавод «пад ключ». Але дасць уяўленне пра магчымасці ды матывацыю, навошта яно трэба.

— Кажуць, беларусам куды цяжэй са складаннем радаводаў, чым палякам ці немцам. Сямейныя архівы не захоўваліся. А нешта ішло «ў печку» адмыслова, каб праблем не было…

— У маіх родзічаў была гісторыя: палілі здымкі, гербы, бо гэта магло скончыцца ГУЛАГам. Дакументы — гатовы кампрамат. У дадатак няма культуры сямейнай памяці. Памёр чалавек — яго спадчына ідзе на сметніцу. Разам з тым, калі ісці па сваяках, можна знайсці неверагодныя рэчы. Кажу цётцы: «Даставайце лісты, будзем глядзець…» А там — перапіска 1950-х, праз якую знайшоў сваякоў у Польшчы!

Ihar Stankievič
Ігар Станкевіч разам са сваякамі, знойдзенымі ў Польшчы

Пасля ўжо і мяне пачалі знаходзіць па маіх тэкстах. Неяк напісаў незнаёмы чалавек у фэйсбуку: знайшоў на сметніцы (!) архіў фота, хацеў прадаць. З іх самае старое — 1918 года. Некаторыя здымкі такія ж, як у маім сямейным архіве. Некаторыя новыя. Сапраўдны цуд!

Archiŭ
Цудам знойдзены архіў, які мог аказацца на сметніцы…

«Адзін дзед расстрэльваў, а другі рэпрэсаваны»

— Ці не нагадвае ўсё гэта псіхатэрапію? Пошук і прыняцце знойдзенага…

— У псіхалогіі ёсць панятак «трансгенерацыйная траўма». Нешта такое, што даўным-даўно перажылі вашы продкі, але яно далей транслюецца ў сям’і. Напрыклад, дзед сышоў і кінуў бабулю — і яно ідзе па жаночай лініі. Жанчыны з сям’і не могуць пабудаваць нармальныя стасункі.

Ці вось я меў нейкі страх перад дзяржавай. Невытлумачальны. Прыйдуць і ўсё забяруць. Адкуль гэта?.. Пачаў паглыбляцца, а ў мяне агулам 30 сваякоў рэпрэсаваныя, 12 расстраляныя. Арыштаваныя, выселеныя з хутароў, пазбаўленыя правоў… Яно ўплывае.

Frahmient pratakola dopytu Antona Kamienskaha
Фрагмент пратакола допыту Антона Каменскага — брата прабабулі аўтара курсу «Радавод»

Калі ўсё гэта збіраеш па кавалачках, то атрымліваецца тэрапія. Паводле тэрапеўтаў, адзін з варыянтаў лячэння — апісваць. Таму я працягваю займацца тэмай Кабылякаў — урочышча пад Оршай, дзе чэкісты расстрэльвалі людзей у сталінскія часы. Збіраю прозвішчы ахвяраў, а цяпер — і катаў. Так я працую з траўмай.

— А што, калі ў выніку пошукаў усплываюць «не такія» продкі, як хацелася б? Не акадэмікі і скульптары, але арганізатары калгасаў ці каты з НКУС?

— І гэта таксама — тэрапія. Прыняцце сябе праз тое, што твае продкі розныя. І маглі ў жыцці рабіць рознае. Так было ў знаёмага: адзін дзед расстрэльваў, а другі рэпрэсаваны. Як быць? А ўсё гэта наша гісторыя. Не бывае людзей, якія не памыляюцца ў жыцці. Не бывае радаводаў, дзе ўсё чорнае або ўсё белае. Тут пытанне, ці ты ганарышся тым, што твой сваяк кагосьці расстрэльваў?

Так, часам можа быць сорамна за кагосьці з родзічаў. Але кожны адказвае за сябе. Гэта таксама пра прыняцце выбару тваіх продкаў. Урэшце, калі нам сорамна, значыць, мы самі маем маральныя арыенціры. І ў крытычнай сітуацыі, магчыма, будзем рабіць не самы відавочны выбар.

Каментары4

  • .
    31.10.2025
    Інфармацыі ў інтэрнэце хапае.
    А калі чалавек не жадае сістэмазаваць яе самастойна, ён можа звярнуцца да людзей з досведам. І тыя прадаюць свой час і працу, гэта нармальна.
  • .
    31.10.2025
    "У маіх родзічаў была гісторыя: палілі здымкі, гербы, бо гэта магло скончыцца ГУЛАГам. Дакументы — гатовы кампрамат."
    "У дадатак няма культуры сямейнай памяці. Памёр чалавек — яго спадчына ідзе на сметніцу."

    Зараз гэта паўтараецца на новым этапе.
    Артэфакты знішчаюць з-за рызыкі рэпрэсій. Шмат чаго проста немагчыма: рызыкоўна або дорага перавезці ў эміграцыю, недзе там захоўваць.
  • ?
    31.10.2025
    ., А я и не писал против тех людей которые продают за время\деньги.
    В статье речь про Радовод и ничего про деньги, значит это бесплатно. Так вот и вопрос: если вы так обеспокоены, как заявляете (про карани), то почему бы не сделать действительно для всех безопасно на ютубе?!! Где логика? Где на самом деле миссионерство, а не двуличие?

Цяпер чытаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Тэлефонныя махляры перайшлі да выкупаў за дзяцей — раскажыце пра гэту схему блізкім2

У гістарычным доме ў цэнтры Мінска залівае кватэры: «За суткі вынес 30 вёдраў вады»3

Што такога адбываецца ў эканоміцы, што Лукашэнка то ашчаджае на электрычнасці, то хоча скараціць чыноўнікаў?4

У Пскоўскай вобласці гарыць нафтабаза — дроны прабілі ахоўную сетку1

Вайскоўцы ЗША заявілі Трампу аб гатоўнасці ўдарыць па Іране 21 лютага

«Расіяне хочуць замяніць мяне». Зяленскі выказаўся пра выбары і перамір'е10

Больш за 20 краін возьмуць удзел у першым пасяджэнні Рады міру3

Ці сапраўды трэба намыльваць галаву двойчы?4

Трамп заклікаў Брытанію не аддаваць базу Дыега-Гарсія. Ён кажа, што яна можа спатрэбіцца для ўдараў па Іране3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мікола Статкевіч на свабодзе. Ён перанёс інсульт28

Мікола Статкевіч на свабодзе. Ён перанёс інсульт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць