У Мінтрансе расказалі, калі на дарогах Беларусі перастануць рабіць ямачны рамонт
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Сяргей Лявончык паведаміў, што ў Беларусі плануюць цалкам адмовіцца ад практыкі ямачнага рамонту на дарогах.

Паводле яго слоў, фінансаванне, запланаванае на дзяржаўную праграму «Дарогі Беларусі» на 2026—2030 гады, дазволіць істотна нарасціць аб’ёмы работ. Плануецца, што за пяцігодку адрамантуюць і адновяць амаль 25 тысяч кіламетраў дарог — гэта на 7 тысяч кіламетраў больш, чым за бягучую пяцігодку, піша Белта.
«Ужо за бліжэйшыя некалькі гадоў мы, напэўна, наогул адыдзем ад такога паняцця, як ямачны рамонт, таму што пакрыццё дарог будзе аднаўляцца і адпавядаць усім запытам нашых грамадзян», — заявіў прадстаўнік мінтранса.
Мінтранс плануе надаць асаблівую ўвагу найбольш загружаным дарогам, якія вядуць у сталіцу, капітальнаму рамонту выездаў з Мінска і трасам, якія вядуць у гарады-спадарожнікі.
На дарогах мясцовага значэння абяцаюць засяродзіцца на напрамках ад райцэнтраў да аграгарадкоў, абяцаюць на 156 км зрабіць удасканаленае пакрыццё.
Каментары