Грамадства22

Ісці па вадзе. У вёсцы плытагонаў на Іслачы яшчэ памятаюць зніклае рамяство

Яшчэ гадоў 70 таму на беларускіх рэках вясной можна было назіраць цікавае відовішча — сплаў лесу. Тады, як і задоўга да гэтага, мужчыны пераганялі драўніну, звязаную ў плыты, у гарады на вялікай вадзе — Гродна, Коўна, Клайпеду. Прыкладна ў сярэдзіне ХХ стагоддзя старажытнае рамяство было забітае развіццём сухапутных дарог і аўтамабіляў. Але ў Беларусі і ў 2025‑м можна знайсці тых, хто заспеў плытагонаў. «Анлайнер» шукаў (і знайшоў) сляды старадаўняга занятку на Іслачы, у вёсцы Рум, якая калісьці была… партовай.

Вёска «плытнікаў», якая аднойчы згарэла дашчэнту

Сёння Рум — адна вуліца даўжынёй з кіламетр, па абодва бакі якой стаяць акуратныя каляровыя хаты. Пад нагамі — рэдкая для нашых дзён «брукаванка», а калі падняць галаву — убачыш галінкі старога вяза, а потым гняздо бусла.

Вёска як быццам стаілася ў лесе, але літаральна пад адным яе бокам — папулярная гродзенская траса, пад іншым — рака Іслач. Райскае месца для дачнікаў з Мінска.

Нават назва ў гэтай вёскі плытагонская. Значэнняў у слова «рум» некалькі. Гэта і «месца на беразе ракі, адкуль сплаўляюць лес», і «бярвёны або дровы, складзеныя ў штабель».

Сплаў лесу. 11 красавіка 1950 года, БССР. Фотахроніка БелТА

«Часта на руме раку крыху выпрамлялі, фармавалі зручны спадзісты бераг для тралеўкі, звязвання і каліброўкі плыта па розных сартах драўніны, — расказваў краязнаўца Андрэй Кішкурна ў сваім артыкуле пра забытае рамяство на Planetabelarus.by. — Цяпер з дапамогай гугл-картаў лёгка вызначыць месцы былых румаў. Рэкі там прыкметна выпраўленыя. На Іслачы такія выпрамленні на былых румах ёсць у аднайменнай вёсцы Рум і ў Сябрыні. На Заходняй Бярэзіне — у вёсках Чапунь, Мільва, Набярэжная. На стаўбцоўскім Нёмане гэта Магільна, Пясочнае, Касцяшы, Сверынава, Новы Свержань».

Краязнаўцы краязнаўцамі, але хто са звычайных людзей сёння памятае пра нейкіх плытагонаў? Першая сустрэтая жыхарка Рума Зінаіда Зялкоўская развейвае ўсе сумневы. Абапіраючыся на брамку, пажылая жанчына кажа:

«У нас іх называлі «плытнікі», мужчыны былі такія з баграмі!»

Зінаіда Васілеўна нарадзілася ў 1940‑м і паспела ўжо пасляваенны рачны дзвіж на Іслачы.

Але перш чым прыгадаць падрабязнасці па тэме, жыхарка Рума плача, расказваючы пра іншае:

«Дзярэўню нашу ўсю немцы спалілі ў сорак трэцім. Толькі адзін гэты вяз застаўся — ён ужо да вайны быў вялікі. І людзей хацелі расстраляць: увесь наш Рум гналі ажно да Валожына — з аўтаматамі, з сабакамі, каб не ўцяклі! За 14 кіламетраў перад горадам нас рассадзілі на выгане, расставілі кулямёты. Я маленькая была, сама не помню, гэта па расказах. Але спачатку дапытвалі солтыса і яго памочніка — і так іх збівалі, што яны, бедныя, і паўміралі… А нас тады распусцілі — усю дзярэўню. І мы жылі па хатах у людзей, наша сям’я — у цёткі пад Валожынам».

Падобную гісторыю старажылы гэтай вёскі на краі Налібоцкай пушчы раскажуць яшчэ не раз. Вярнуўшыся пасля вайны, жыхары пабудавалі на папялішчы новыя хаты. У асноўным хаты ставілі на тых жа месцах, якія калісьці выбралі продкі. Зінаіда Зялкоўская акідае позіркам двор:

«Гэта наша радавое гняздо».

«Броўны скатвалі ў рэчку, у шліхты. І гэтае дрэва плыло!»

У памяці Зінаіды Васілеўны лесасплавы па Іслачы звязаныя з пасляваенным аднаўленнем. Мясцовым жыхарам дазвалялі секчы навакольны лес для будаўніцтва хат. Але прыязджалі на высечкі і людзі з іншых рэгіёнаў Беларусі. Секлі дрэвы зімой, у асноўным сосны.

«Былі людзі нават з Маладзечна, ад нас гэта 60 кіламетраў, — успамінае жанчына. — Нават з коньмі сваімі прыязджалі: і мужыкі, і хлопцы, і дзяўчаты маладыя. Яны адбывалі, як казалі, шараварку — гэта дапамога такая, па столькі-та дзён адпрацоўвалі па чарзе. Рэзалі лес і вывозілі на конях на Іслач. Помню, прычэпвалі санкі такія — іх называлі «каза», каб доўгае дзерава вазіць».

Плытагоны на рацэ Бярэзіне, 1947 год, тады — Бабруйская вобласць. Фотатэка рэдакцыі газеты «Савецкая Радзіма». Звярніце ўвагу: на архіўных здымках некалькі разоў сустракаецца Бярэзіна. Але не тая, у якую ўпадае Іслач, а яе цёзка, якая нясе свае воды ў Дняпро

На беразе драўніна ляжала да вясны. Семдзесят гадоў таму зімы ў Беларусі яшчэ былі суровыя і снежныя, так што Іслач разлівалася ў поўную сілу.

«Дрэвы скатвалі ў рэчку, у шліхты — у нас так называлі. І гэтае дрэва плыло ў Бакшты, бо там Іслач упадае ў Бярэзіну. Гэта ад нас кіламетраў 15. Бывала, нейкія броўны збяруцца ў кучу і не могуць плысці далей. Тады плытнікі хадзілі па берагах з доўгімі баграмі, і гэтымі баграмі расцягвалі дрэва, каб плыло.

Поўнасцю рэчка ў гэтым дзераве была! У дзяцінстве як пойдзеш за шчаўем — дык праз раку і не пройдзеш, таму што можна патануць, пад дрэва папасці!»

Куды плыты з Рума кіраваліся пасля Бакштаў, суразмоўца не памятае. Але мяркуе, што сосны выкарыстоўвалі для будаўніцтва хат там, «дзе лесу няма».

«Але і да вайны было тое ж самае. Яшчэ пры Польшчы дзерава, зложанае, як у нас складвалі, называлі «румы». За тое наша дзярэўня і завецца Рум».

Як Іслач затаплівала вёску і як ратавала — у галодныя часы

Цяпер ад Рума напрасткі да Іслачы не дойдзеш. Перашкаджае «старая рэчка» (верагодна, гэта старое рэчышча асноўнай ракі), якая зусім зарасла травой. Мясцовыя збіралі подпісы — прасілі, каб вадаём пачысцілі, але ім адмовілі. 

«Раней тут чыстая вада была. Во тут, дзе зараснікі, мы заўсёды купаліся… І на тым месцы — так добра было!» — показвае на прастору за сваімі агародамі Зінаіда Васілеўна.

 

Цяпер шлях на Іслач — толькі праз дарогу, гэта вёска за пару кіламетраў. Бацька суразмоўцы на сплавы лесу не наймаўся, але дапамагаў здымаць кару з драўніны, якую рыхтавалі да адпраўкі.

«Спецыяльны сродак быў такі — скоблі, і ён кару чысціў. Я помню, бо мама прымушала яму абед нясці. А які там абед…. Трохі супу. Мама ў гліняны збаночак налье, малаком забеліць, а мяса ж не было». 

Цяжка ўявіць, што работнікі лесасплаўнага ўчастка на Бярэзіне ў звычайным жыцці захоплівалі з сабой на плыты газету. Але тым не менш фота атрымалася такое. 1931 год, Магілёўская вобласць, ЦДАКФФД СССР
Сплаўнікі лесу па Бярэзіне гатуюць абед проста на плыце. Магілёўская вобласць, 1931 год. ЦДАКФФД СССР

У гаспадарцы Зялкоўскіх дагэтуль захаваўся багор — такі, як выкарыстоўвалі ў сваёй працы плытагоны. Толькі ў тых дзяржальны былі даўжэйшыя.

«А мы гэтым багром прабівалі лёд у калодзежы — раней там вада замярзала!» — паказвае прыладу-артэфакт Зінаіда Васілеўна.

Акрамя падзаробкаў, Іслач давала мясцовым і пражытак (у прамым сэнсе), асабліва ў галодныя гады. Зінаіда Васілеўна кажа:

«Пасля вайны мы ж галодныя былі, халодныя. Мама зранку падымецца печ тапіць — а я вазьму палачку і вакруг рэчкі хажу. Калі рыба на нераст ідзе, яна ж ікру меціць. І я гэтай палачкай збірала ікру каля берагоў. Прыносіла яе дамой, а мама жарыла — і мы елі (плача. — Заўв. «Анлайнера»)… А помню яшчэ з дзевачкай лавілі рыбу пляцёнымі кошыкамі. Патопчамся па старой рацэ, патопчамся — і пападалі ў той кошык рыбы. Тады адзін хлопчык нам паказаў добрае места: калі паводка ідзе, рыба пападае ва ўпадзіны. Вада сходзіць — а рыба ў ямах застаецца. І мы столькі шчукаў налавілі!» 

Трохі расказвае пра пасляваенныя сплавы і рачны побыт Рума яшчэ адна мясцовая жыхарка — Зоя Мікалаеўна. Яна нарадзілася ў 1936-м.

«Я ўжо бальшая была, а мы станавіліся на броўны, каб пракаціцца! Часам з тых дрэваў атрымліваўся застой — яны ж адно на адно заскокваюць. Дык тады ўжо людзі бягуць, памагаюць, штурхаюць! А то ж на дзярэўню пойдзе вада!»

Зрэшты, Іслач выходзіла з берагоў і залівала Рум нават без затораў ад плытоў. Жанчына ўспамінае, як у вясновыя паводкі з двароў у нізінах пераганялі ў высокія месцы свойскую жывёлу.

Бацька — плытагон. «Сплаўляў лес у Гродна, на запалкавую фабрыку»

Неўзабаве да аповедаў пра воднае мінулае вёскі падключаюцца яшчэ дзве жыхаркі. Бацька Ніны Уладзіміраўны, у дзявоцтве — Васілеўскай, быў плытагонам яшчэ «за польскім часам».

«Звалі бацьку Уладзімір Ільіч, як Леніна, — смяецца жанчына, адрываючыся ад фарбавання плота. — Ён быў 1910 года нараджэння. Высокі, моцны — такія і патрэбны былі, каб устаяць на тых плытах!»

Мужчына сплаўляў плыты такім маршрутам:

«Спачатку ў Бярэзіну, потым у Нёман. У Гродне была запалкавая фабрыка, і на яе наш мясцовы пан адпраўляў лес».

Колькі бацьку ўдавалася зарабіць на такой сезоннай працы, Ніна Уладзіміраўна не ведае. Мама ў тых жа памешчыкаў працавала служанкай.

«Памятаю, мама ўспамінала пані Свяржэўскую. Вёска Чэрнікі, Сябрынь — там былі іх уладанні. Дапамагала кухару ў маёнтку, як гувернантка суправаджала на шпацырах. У Руме ў той час было культурнае жыццё: у нашым доме быў участак паліцэйскі, у наступным — школа, далей — бібліятэка. Ну і потым, ужо пасля вайны, таксама было добра».

Плытагон на адной з беларускіх рэк, 15 верасня 1952 года. Фотахроніка БелТА

На сценах хаты Ніны Уладзіміраўны — старыя фатаграфіі. Там і плытагон Уладзімір Ільіч, і яго жонка. Ёсць і больш раннія здымкі, яшчэ часоў Расійскай Імперыі.

«Бабулю звалі Магдалена Аляксандраўна, дзеда — Юрый Мікалаевіч Бацян. Яны калісьці былі на заробках у Піцеры. Бабуля там працавала ў бальніцы пры гінеколагу, дзед афіцыянтам быў. Падчас рэвалюцыі вярнуліся назад, дадому. Бабуля прыехала пры капялюшыках, пры пярсцёнках. А тут — голад. Дзед ад нуды, ад тугі і памёр. А бабуля стала прымаць роды па ўсіх ваколіцах — такім чынам і выжыла».

Другі справа ў верхнім шэрагу — жыхар Рума Уладзімір Ільіч, які працаваў плытагонам за польскім часам
Другі справа ў верхнім шэрагу — жыхар Рума Уладзімір Ільіч, які працаваў плытагонам за польскім часам

Са свайго двара выглядае яшчэ адна мясцовая жыхарка. Гэта сваячка Ніны Уладзіміраўны.

«Мой дзядзька, Захар Ільіч, быў старэйшым братам Уладзіміра Ільіча, ён нарадзіўся аж у 1898-м, — расказвае суседка. — Ведаю, што ён абмяраў румы — гэтыя штабялі бярвення на беразе. Мы неяк на гарышчы нават знайшлі прыладу, якой на дрэве штампавалі нумар або дату. Напрыклад, 5 верасня 1915 года…»

Захар Ільіч з вёскі Рум, які працаваў на лесасплавах на беразе. Фота: з архіва суразмоўцаў

Не проста Рум, а цэлы Ізабэль-порт

Алена, аўтарка суполкі «Воложин. Городские легенды» ў Facebook, займалася вывучэннем гісторыі сваёй сям'і, а заадно праштудзіравала і мінулае незвычайнай вёскі. Знойдзенае дзяўчына звяла ў артыкул «Гісторыя старажытнага Рума». Яго цяпер, бывае, паказваюць адзін аднаму з тэлефонаў мясцовыя жыхары.

У рэвізскіх казках за 1795 год, а прасцей кажучы, у «перапісах», якія на беларускіх землях праводзіла Расійская Імперыя, гэтая вёска на Іслачы ўжо згадваецца.

Пагрузка баржы на Чэрвеньскім лесапункце Барысаўскага сплаўнога ўчастка, 15 ліпеня 1965 года. Фотахроніка ТАСС

Зыходзячы з тэкстаў краязнаўцаў, спачатку тут была канчатковая прыстань, адкуль разыходзіліся «гарадскія» тавары, прывезеныя з-за Нёмана. З валожынскіх таргоў праз Рум, наадварот, дастаўлялі тавары ў Любчу і Гродна. З часам галоўнай прадукцыяй, якая ішла па вадзе, стаў лес.

Цікавы момант: на некаторых старых картах, ды і ў іншых дакументах дзесьці да сярэдзіны XIX стагоддзя можна ўбачыць яшчэ адну назву населенага пункта — Ізабэль-порт.

Рум/Ізабэль-порт на картах Шуберта розных выданняў, 1826—1840 гады 

На думку Алены, гэтая назва больш старая. Дзяўчына цытуе налібоцкага краязнаўца Пракопчыка, які прапаноўваў такую версію: першая частка назвы «Забель» з'явілася ад прозвішча Забела — Забелаў порт, якое сустракаецца і цяпер у Валожынскім раёне.

Сама Алена знайшла цікавы факт, з якога складаецца больш рамантычная здагадка:

«Аказваецца, з 1782 па 1803 год валожынскія землі належалі Адаму Казіміру Чартарыйскаму, і толькі ў 1803 годзе ён прадасць іх графу Тышкевічу за 100 тысяч злотых. Супадзенне ці не, аднак жонку Адама Казіміра звалі Ізабэла Дарота (у дзявоцтве Флемінг). Княгіня ў маладосці была вельмі прыгожая, таму адчайна і з задавальненнем кружыла галовы ўсяму мясцоваму і сталічнаму бамонду.

Ізабэла была не толькі прыгожая, але і разумная: ужо ў дарослым веку захапілася палітыкай і разбіралася ў ёй так, што польскія патрыёты-арыстакраты глядзелі на яе як на багіню. У вельмі паважным узросце Ізабэла занялася літаратурай для народа і напісала вельмі тлумачальную сялянскую энцыклапедыю для землеўладальнікаў «Пілігрым ў Дабраміле». Без сумневу, прыгожая і разумная княгіня была вартая таго, каб яе імем была названая вёска-порт ці нават які-небудзь горад».

Старажылы Рума, з якімі пагутарылі журналісты, дзеляцца на тых, хто пра другую назву нешта чуў, і на тых, хто над ёй пасмейваецца:

«Ну вы ўспомнілі… Гэта калі было, пры цары Гароху!»

Але партовае мінулае ніхто не аспрэчвае. Таму што людзі на свае вочы бачылі, як плыты з лесам «плылі і плылі»!

Сплаў лесу па Нёмане для Мастоўскага фанернага завода, чэрвень 1955 года. Фотахроніка ТАСС

Каментары2

  • .
    08.10.2025
    "Цяпер ад Рума напрасткі да Іслачы не дойдзеш. Перашкаджае «старая рэчка» (верагодна, гэта старое рэчышча асноўнай ракі), якая зусім зарасла травой."

    Так гэта і ёсць той стары канал, дзе рэчышча выпрамлялі і дзе рабілі рум.
    А пасля гэтае адгалінаванне паступова засохла. І гэта адбывалася яшчэ ў апошнія дзесяцігоддзі.
    Ніжэй па цячэнню таксама ёсць падобнае: рака кідае той лесасплаўны канал і пракладвае новае рэчышча па балоту.
  • Як з песні
    08.10.2025
    Гаю мой, не кліч пад каліны цвет
    Да крынічных вод, свтлых, як вясна.
    Там яе няма, паляцела ў свет,
    Наша рэчанька высахла да дна.

Цяпер чытаюць

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі жывуць аднагодкі дыназаўраў. Жыхар Палесся расказаў і паказаў, як за імі назірае7

Некаторыя іпэшнікі з новага года не змогуць гандляваць праз маркетплэйсы

Таджыкскія дзеці віталі Лукашэнку па-беларуску. Ён пачын не падтрымаў ВІДЭА29

Ціханоўская без драматызацыі і з усмешкай пракаментавала рашэнне ўладаў Літвы змяніць форму яе аховы10

Да краін, якія блакуюць прыняцце новага пакета санцый ЕС супраць Расіі, далучылася Аўстрыя

У былога пілота «Формулы-1» забралі правы за любоў да хуткай язды1

Такарчук: Ціханоўскі папрасіў мяне не гаварыць пра яго на маім канале19

Міліцыянеры праверылі фекаліі з роліка ў сацсетках. Прыйшлі да высновы, што яны несапраўдныя9

Рэйс «Белавія» з Мінска ў Анталью экстранна прызямляўся ў Саратаве1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны Аляксандр Шакуцін14

Арыштаваны Аляксандр Шакуцін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць