Літаратура55

Вольга Касцюк нарадзілася ў Радчыцку Столінскага раёна, а жыве ў Новай Зеландыі. Яе кніга напісаная на гаворцы, на якой яшчэ ніхто не пісаў

Жыццё занесла Вольгу Касцюк у Новую Зеландыю задоўга да 2020 года, аднак тыя падзеі падштурхнулі яе да вялікай змены, піша Зося Лугавая.

Вольга ў школе, дзе яна працуе. Фота: архіў Вольгі Касцюк

Вольга Касцюк жыве на поўначы Новай Зеландыі ў мястэчку з насельніцтвам 16 тысяч і працуе памочніцай настаўніцы ў школе. А нарадзілася ў Столінскім раёне: у яго левабярэжнай частцы. Радчыцк — гэта вёска недалёка ад Гарадной з яе старажытнымі гарадскімі традыцыямі.

Чытайце таксама: Беларуска расказала пра жыццё ў Новай Зеландыі, дзе вёска хобітаў, радыяцыя з азонавых дзірак, горныя лыжы і стаматалогія коштам сотні даляраў

Касцюк скончыла аддзяленне рускай мовы і літаратуры філфака БДУ і два курсы Маі Кучэрскай у Creative Writing School у Маскве. Аднойчы на форуме маладых пісьменнікаў ў Ліпках, куды аўтарку запрасілі ў 2005 годзе, на майстар-класе паэта Сяргея Гандлеўскага яна пачула вельмі жорсткую крытыку сваіх верлібраў. І перастала пісаць амаль на 15 гадоў.

Вярнулася да пісьменніцтва Вольга тады, калі крыху падгадаваліся дзеці (у яе двое сыноў і старэйшы мае дыягназ — сіндром Даўна). А пасля падзей 2020‑га года у Беларусі яна, па уласных словах, цалкам адышла ад расейскай мовы і спадзяецца, што больш не вернецца. 

Такім чынам ад пісання па-расейску аўтарка перайшла да пісання па-беларуску і па-англійску. Адна з тэм, з якімі цяпер працуе Вольга, — дэкаланізацыя. Яна актуальная як для краіны, у якой пісьменніца цяпер жыве, так і для краіны, з якой яна паходзіць. Апавяданні, вершы, эсэ Вольгі Касцюк друкаваліся ў часопісах, анталогіях і анлайн-выданнях, але асобнай кнігі ў Вольгі не было. Цяпер — ёсць.

Дэбютны зборнік апавяданняў Вольгі Касцюк амаль цалкам прысвечаны Беларусі пасля 2020 года.

Зборнік называецца «Дубовые яблочкі», менавіта ў такім напісанні. Першы раздзел кнігі — «Язык» — напісаны па-руску, другі — «Мова» — па-беларуску з фрагментамі палескай гаворкі, уласцівай вёсцы Радчыцк Столінскага раёна, адкуль Вольга родам. 

У прадмове да сваёй дэбютнай кнігі Вольга піша: 

«Дубовые яблочкі» пачыналіся з пратэстаў у 2020 годзе. На той час я ўжо восем год жыла ў Новай Зеландыі (Аатэароа) і не магла выходзіць на беларускія вуліцы, таму вырашыла пратэставаць сваімі апавяданнямі. Так нарадзіліся многія тэксты гэтага зборніка. Пасля ўварвання Расіі ва Украіну ў ім з’явіліся апавяданні пра вайну. Тады ж мяне пачало разрываць знутры, і мой лепшы сябар Б нагадаў мне, што мая бабуля, да якой я кожны дзень на ровары ездзіла па малако, была беларускамоўнай і што разам з гэтым малаком я ўсмактала беларускую мову, у той час як вельмі скептычна аднеслася да гэтага напаміну, але пасля амаль трыццаці год вырашыла пачаць пісаць па-беларуску. Так у «Дубовых яблочках» з’явіўся другі раздзел — «Мова». Назва першага раздзела, «Язык», заканчваецца кропкай, а ў другім, «Мова», яе няма. Гэта таму, што з языком я скончыла свае адносіны, а вось з мовай мае стасункі толькі пачынаюцца».

Гэтыя апавяданні маглі б стаць асновай для серыяла аб пратэставай і постпратэставай Беларусі, дзе ў кожнай серыі — новая гісторыя, новыя героі, яшчэ адна рыска да вялікай карціны. У гэтых тэкстах шмат дзеянняў.

У Вольгі ёсць эсэ «Тры нажы для нашых забабонаў» на сайце Літрадыё, дзе яна разважае, хто і пра што ў сучаснай беларускай літаратуры (не) піша: 

«Празаікам не пісаць пра 2020-ы…

Гэты тэзіс, мяркую, грунтуецца на трывалым перакананні, падмацаваным гісторыяй беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У якасці прыкладу прыводзіцца той факт, што ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны не было напісана ніводнага «вартага» твора. Цікава, што дадзеная тэорыя на пачатку цяперашняй вайны ва Украіне падтрымлівалася расійскімі літаратуразнаўцамі і пісьменнікамі, якія таксама лічылі, што ў эпоху перамен пісаць прозу не варта, бо яна атрымліваецца з глыбокім маралізатарскім ухілам».

Але ўкраінцы пішуць мастацкія творы яшчэ з 2014 года. Цяпер, пакрысе, адмяняецца гэтая забарона і для беларускай літаратуры.

У «Дубовых яблочках» атрымліваецца смелае спалучэнне рэальнага з мастацкім, без магічнага рэалізму. Каб так пісаць, патрэбная дыстанцыя. І аўтарка яе мае: толькі не ў месяцах і гадах, а ў кіламетрах. 

Краявіды Новай Зеландыі. Фота: архіў суразмоўцы

Вольга Касцюк зрабіла са складанага і балючага матэрыялу зборнік празрыстых тэкстаў, дзе адразу зразумела, хто рамантык, а хто прыстасаванец, хто засранец, а хто ўсё ж спрабуе выплыць з таго лайна, у якое яго вынесла плынь. Глыток адназначнасці, якой часам дастаткова, каб стала лягчэй жыць і дыхаць.

Вольга Касцюк. Дубовые яблочкі.— Лондан: Skaryna Press, 2025

Каментары5

  • калі ласка НН ДАЙЦЕ кантактаў спадарыні Вольгі
    29.09.2025
    "тэм, з якімі цяпер працуе Вольга, — дэкаланізацыя."

    я тым сам займаюся, калі ласка НН ДАЙЦЕ кантактаў спадарыні Вольгі , Дэкаланізацыя Гэта АДЗІНАЕ ЧЫМ МАЕ СЭНС займацца сёння
  • Дыфтонґер
    30.09.2025
    Ну ніўжо НН почалі звертаць увагу на нілітэратурные варыянты мовы!

    Гэтая говорка нішто іншое як стрОгОлОсны т.б. болей старожытны по вымоўленню дыялект білоруской мовы.

    Так трымаць!

    Свободу староголосным і старозычным дыялектам!
  • Прошьян
    30.09.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала21

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала

Усе навіны →
Усе навіны

Сям'ю беларускага футбольнага арбітра напаткала нечаканая бяда: цяжкая хвароба маленькага сына

У Гомелі вадалаз выпадкова знайшоў у Сожы косткі мамантаў і бізонаў2

Вываз нафты з Персідскага заліва амаль спыніўся

МТБанк абвясціў пра змену лагатыпа2

«Здзелка згарэла». Аўтар кнігі «Аўтарытарызм пад пагрозай» пералічыў падставы для аптымізму наконт будучыні Беларусі8

«Цотны-няцотны». У Расіі вынаходзяць усё хітрэйшыя схемы продажу бензіну2

Аэрапорт Палм-Біч у Фларыдзе цяпер афіцыйна носіць імя Трампа2

Ксёндз касцёла ў Жупранах грунтоўна адказаў на прэтэнзіі пра рамонт у храме, дзе пахаваны Багушэвіч2

У Кітаі праз маштабныя паводкі з гадавальнікаў уцяклі сотні змей1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала21

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць