Свет

Таямнічая і ўплывовая Меланія. Новы падыход жонкі прэзідэнта Трампа да ролі першай лэдзі

Робаты ўжо трывала занялі месца ў жыцці чалавека, і абавязак амерыканцаў — рыхтаваць сваіх дзяцей да суіснавання са штучным інтэлектам. З такой думкай звярнулася ў чацвер да ўдзельнікаў працоўнай групы па ШІ і адукацыі першая лэдзі Амерыкі, Меланія Трамп, паведамляе Бі-бі-сі.

Фота: Chip Somodevilla / Getty Images

«Наша будучыня — гэта ўжо больш не навуковая фантастыка, — працягнула Меланія Трамп. — На гэтай, прымітыўнай стадыі, наш абавязак — ставіцца да ШІ як да нашых дзяцей: падтрымліваць, але пры гэтым уважліва сачыць і накіроўваць».

Гэтае пасяджэнне працоўнай групы ў Белым доме стала адным з усяго некалькіх публічных мерапрыемстваў, у якіх удзельнічала першая лэдзі. З моманту вяртання мужа ў Белы дом Меланія Трамп дэманструе, што яна адначасова і таямнічая, і ўплывовая.

Былая мадэль Меланія Кнаус, цяпер жонка прэзідэнта ЗША Меланія Трамп, нарадзілася ў Славеніі 55 гадоў таму. Раней яе часта называлі загадкавай. Яна радзей за сваіх папярэдніц — жонак прэзідэнтаў — з’яўлялася на публіцы, выступала з прамовамі і ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах.

Падчас перадвыбарчай кампаніі мужа ў 2024 годзе яна не раз надоўга знікала з поля зроку, і газеты выдавалі адзін артыкул за другім ад загалоўкамі накшталт «Дзе Меланія?».

Яе і цяпер не часта бачаць у Белым доме: яна, кажуць, большую частку часу праводзіць у Нью-Ёрку і Фларыдзе.

У той жа час з моманту вяртання Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта ў гэтым студзені місіс Трамп, на думку некаторых каментатараў, стала па-іншаму — больш актыўна і адказна — падыходзіць да абавязкаў першай лэдзі. Гэтыя абавязкі ўвогуле размытыя і змяняюцца з кожным новым прэзідэнтам і яго жонкай.

Дзеці, ШІ і «порнапомста»

Цяпер Меланія шмат увагі надае тэме дзяцей, працягваючы працу, якую яна вяла ў рамках ініцыятывы «Будзь лепшым» часоў першага тэрміну Дональда Трампа. Гэта была праграма барацьбы з булінгам у інтэрнэце і наркаманіяй.

Акрамя гэтага, яна займаецца тэмай штучнага інтэлекту, а таксама адыграла важную ролю ў прыняцці закона пад назвай Take It Down Act, згодна з якім уведзена крымінальная адказнасць за публікацыю ў інтэрнэце рэальных або згенераваных ШІ інтымных выяў без згоды адлюстраванай асобы.

Гэты закон падтрымалі кангрэсмены ад абедзвюх партый, а гэта — рэдкасць у сённяшняй сітуацыі падзелу ў амерыканскай палітыцы.

Фота: Alex Wong / Getty Images

Гэты закон Меланія Трамп упершыню ў гісторыі сярод першых лэдзі ЗША публічна падпісала разам з мужам. Прафесарка Эйнау Рабіновіч-Фокс, спецыялістка па гісторыі першых лэдзі ЗША, адзначае, што жонкі прэзідэнтаў нярэдка займаліся тэмай дзяцей і моладзі, але місіс Трамп выбрала некалькі іншы падыход.

«Першыя лэдзі часта засяроджваліся на тэмах, якія лічацца больш жаночымі — напрыклад, на дзіцячай адукацыі», — сказала прафесарка Рабіновіч-Фокс Бі-бі-сі.

«У выпадку з Меланіяй, напэўна, незвычайны яе падыход. Яна падыходзіць не з мацярынскага, жаночага боку — хутчэй, з дзелавога боку», — працягнула прафесарка.

У законе Take It Down Act, напрыклад, як адзначае яна, акцэнт зроблены на санкцыях у дачыненні да платформаў, дзе размяшчаюць «порна ў помсту»: цяпер яны абавязаны цягам 48 гадзін выдаляць такі кантэнт, інакш будуць пакараныя.

Мерапрыемства ў гэты чацвер у Белым доме было прысвечана адукацыі — але пры гэтым Меланію акружалі не дзеці, а члены ўрада, чыноўнікі адміністрацыі і прадстаўнікі вялікага бізнэсу — напрыклад, кампаній IBM і Google.

На думку дырэктаркі Праграмы першых лэдзі ў Амерыканскім універсітэце, былой кіраўніцы апарата першай лэдзі Лоры Буш Аніты Макбрайд, на падобных мерапрыемствах бачна перамена ў стаўленні да Меланіі Трамп у параўнанні з першым тэрмінам.

«Знешнія гульцы, якія, магчыма, раней не хацелі з ёй працаваць, цяпер гатовыя з ёй працаваць. На першым тэрміне з ёй сустракаліся неахвотна. Ёй было цяжка збіраць круглыя сталы. У яе не было моцнай структуры вакол яе», — лічыць Макбрайд.

На думку Аніты Макбрайд, засяроджваючыся на тэхналагічных, камерцыйных і заканадаўчых аспектах адукацыі і абароны дзяцей, Меланія Трамп «надае адчуванне тэрміновасці» праблемам новых тэхналогій.

«Цяпер яна выкарыстоўвае сваё становішча эфектыўна, з карысцю і змястоўна. Яна становіцца гульцом, які насамрэч можа дапамагчы з прыняццем законаў», — лічыць Макбрайд.

Ліст Пуціну

У ліпені Дональд Трамп між іншым сказаў журналістам, што абмяркоўвае свае размовы з Пуціным з жонкай, і яна — згодна з яго словамі — скептычна ставіцца да спроб дамаўляцца з Пуціным аб міры. У жніўні Меланія Трамп праз мужа перадала прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну ліст, у якім заклікала яго абараніць дзяцей у зоне баявых дзеянняў.

Гэта спроба першай лэдзі ўзяць удзел у знешняй палітыцы — і зрабіць пры гэтым акцэнт на лёсе дзяцей — не засталася незаўважанай. Пазней ёй напісалі жонкі прэзідэнтаў Украіны і Турцыі, Алена Зяленская і Эміне Эрдаган.

Былыя першыя лэдзі таксама ўдзельнічалі ў фарміраванні знешняй палітыкі ЗША. Нэнсі Рэйган, напрыклад, перапісвалася з Раісай Гарбачовай, а Пэт Ніксан і Разалін Картэр ездзілі па свеце з гуманітарнымі місіямі і займаліся «чаўночнай дыпламатыяй».

На думку Аніты Макбрайд, тое, што місіс Трамп напісала Пуціну, паказвае, што, хоць яна і радзей з’яўляецца на публіцы, чым яе папярэдніцы, яна ўсё ж такі хоча ўдзельнічаць у справах, якія яе цікавяць.

«Яна нарадзілася ў краіне, якая была пад савецкім уплывам, — мяркуе Аніта Макбрайд [гэта не зусім так, Югаславія пры Іосіпе Броз Ціта не была поўным сатэлітам СССР — Бі-бі-сі], — і адчувае нейкія рэчы, якіх іншыя, магчыма, не адчуваюць. Ёй не трэба ўдзельнічаць ва ўсіх пытаннях, але яна хоча ўдзельнічаць у тых, што ёй больш цікавыя і на якія яна можа паўплываць.

На думку Макбрайд, у астатнія тры гады ў Белым доме Меланія Трамп гэтак жа будзе надзвычай выбарачна падыходзіць да таго, у чым удзельнічаць у якасці першай лэдзі.

«Яна робіць гэта на сваіх умовах. Яна — за якасць, а не колькасць, — лічыць Макбрайд. — Яна не збіраецца азірацца на тое, як іншыя паводзілі сябе на яе месцы ў мінулым».

Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп заявіў, што вядзе з Лукашэнкам перамовы пра вызваленне часткі з 1400 палітвязняў1

Трамп заявіў, што вядзе з Лукашэнкам перамовы пра вызваленне часткі з 1400 палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Мае сваю кватэру ў 23 гады, але марыць яе прадаць і з’ехаць. Усяму віной 65-гадовы сусед-фізкультурнік зверху4

У Каардынацыйнай радзе прапануюць увесці абавязковы паліграф для дэлегатаў11

Беларуска везла праз мяжу $25 000 і пайшла на чырвоны калідор — але скончылася штрафам і канфіскацыяй17

«Крыўдна? Не тое слова». Дзяўчыну на гламурным BMW падбіў іншы кіроўца16

Пуцін: Пытанне ўкраінскіх тэрыторый павінна вырашацца на рэферэндуме24

На Камароўцы заўважылі гіганцкую чаргу

Названыя 10 самых недарагіх краін для пераезду1

Пуцін не бачыць сэнсу ў сустрэчы з Зяленскім 4

«Першы месяц мяне шакаваў». Беларуска распавяла, колькі зарабляе на здачы кватэры на суткі ў Гродне10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп заявіў, што вядзе з Лукашэнкам перамовы пра вызваленне часткі з 1400 палітвязняў1

Трамп заявіў, што вядзе з Лукашэнкам перамовы пра вызваленне часткі з 1400 палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць