Беларуска зганяла ў Парыж без візы — не знайшла там ні круасанаў, ні слімакоў. У краме «Фантазія» толькі чабурэкі
Той Парыж, які можа дазволіць сабе амаль кожны беларус, знаходзіцца ўсяго за 200 кіламетраў ад Мінска. Блогерка паехала ў аграгарадок з гучнай назвай, каб даведацца, колькі ж французскага ў беларускіх парыжанах.

Шукаць той Парыж трэба ў Казлоўшчынскім сельсавеце Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Дзяўчына, якая вядзе ў тыктоку акаўнт obzoorby, у чырвоным берэце адправілася ў самы рамантычны аграгарадок Беларусі.
Першым «парыжанінам» на яе шляху стаў дзядуля на ровары. У яго тыктокерка пацікавілася, ці можна набыць круасаны ў мясцовай краме (яна, дарэчы, мае назву «Парыж»). Той пытання не зразумеў.
— Такая булачка французская, — паспрабавала растлумачыць дзяўчына, але гэта не дапамагло.
Наступная суразмоўца была ў курсе спраў.
— На гэты момант няма ў нас тут круасанаў. Чабурэкі ёсць во ў краме «Фантазія».
— А гэта праўда, што ў Парыжы сярэдні заробак 2500 еўра?— спытала дзяўчына.
— Ну глупства. Недзе 1500 беларускіх сярэдні.
У дзяўчыны з зеленаватымі валасамі тыктокерка пацікавілася, ці далёка да Елісейскіх палёў.
— Крыху далёка, — пажартавала тая ў адказ.
Тыктокерка таксама спытала, ці каштавала калі-небудзь суразмоўца слімакоў і, пачуўшы станоўчы адказ, з максімальна сур’ёзным тварам удакладніла:
— А дзе падаюць тут?
— Самім знайсці трэба, — гэтак жа сур’ёзна адказала дзяўчына.
Паспрабавала блогерка высветліць, ці часта турысты прыязджаюць у Парыж як у горад кахання. Мясцовыя пацвердзілі, што такое бывае, але ўсё ж не надта часта.
Наведала тыктокерка і парыжскую вясковую бібліятэку. Бібліятэкарка Тэрэза Алёйзаўна, здаецца, была вельмі радая нечаканым гасцям. Яна не толькі расказала легенду пра паходжанне назвы (кажуць, быццам бы Напалеон, калі праязджаў тут падчас вайны 1812 года, сказаў, што тут «як у Парыжы»), але і пахвалілася кнігай «Парыж, зняты з неба», якую падарыў пасол Францыі ў Беларусі.
— У нас тут праходзілі прыгожыя мерапрыемствы. Напрыклад, «Ралі Трактарнага завода». Вы хаця б раз у жыцці бачылі, як велізарныя трактары гуляюць у футбол?
Вядома ж, міма вясковага клуба блогерка таксама не прайшла. Там яна пацікавілася, ці прыязджае сюды французская спявачка Zaz.
Невядома, ці сапраўды супрацоўніца клуба зразумела пытанне, але паспрабавала не зганьбіць родны Парыж перад тыктокеркай з Мінску:
— Раней прыязджалі, пасёлак быў большы…
За дзень знятае з гумарам відэа набрала 155 тысяч праглядаў і каля 17 тысяч лайкаў.
А каментатары жартуюць: «О, я чуў пра напышлівыя адносіны парыжан да турыстаў. А там вельмі адкрытыя, лагодныя людзі, аказваецца, жывуць».
«Тым, хто настальгуе па саўку, спадабаецца». Блогер пераначаваў у найгоршых гатэлях Беларусі і падзяліўся ўражаннямі
Пяць люксавых гатэляў Беларусі, якія знаходзяцца ў невялікіх гарадах. Вы дакладна пра іх не ведалі
Здаецца, дзяўчына знайшла самае інстаграмнае месца для адпачынку ў Беларусі. Але кошт глэмпінгу не для слабанервовых
Блогеры пажылі ва ўсіх палацах і замках Беларусі і склалі свой рэйтынг з цэнамі
Каментары