Свет

Пераключальнікі падачы паліва былі адключаны перад катастрофай самалёта Air India

Паводле папярэдняга даклада, незадоўга да катастрофы самалёта Air India, якая ў чэрвені забрала жыцці 260 чалавек, у кабіне пілотаў узнікла блытаніна пасля таго, як пераключальнікі падачы паліва амаль адначасова былі пераключаны, пакінуўшы рухавікі без паліва, піша Бі-бі-сі.

Фота: AP Photo/Ajit Solanki

Індыйскія ўлады апублікавалі папярэднія высновы расследавання катастрофы 12 чэрвеня самалёта Boeing 787 Dreamliner авіякампаніі Air India, які вылецеў у Лондан з горада Ахмедабад і разбіўся неўзабаве пасля ўзлёту.

У дакладзе гаворыцца, што самалёт адразу пачаў страчваць цягу і зніжацца, а пілоты размаўлялі пра выключэнне тумблера падачы паліва ў рухавікі.

Расследаванне засяроджана на дзеяннях экіпажа. У 15-старонкавым дакуменце Індыйскага бюро па расследаванні авіяцыйных інцыдэнтаў сказана, што абодва пераключальнікі падачы паліва неўзабаве пасля ўзлёту былі перастаўлены з пазіцыі «run» («працуе») у «cut-off» («адключана»). Звычайна гэтыя тумблеры выкарыстоўваюцца для запуску і спынення рухавікоў, калі самалёт знаходзіцца на зямлі. Паколькі падача паліва ў рухавікі была перакрыта, яны страцілі цягу.

Амаль адразу пасля адрыву самалёта ад зямлі, як бачна на запісах з камер відэаназірання, спрацавала рэзервовая крыніца энергіі, якая называецца турбінкай набягаючага паветра, што сведчыць пра страту магутнасці рухавікоў.

Аўтары даклада пішуць, што на запісе размовы паміж пілотамі ў апошнія моманты палёту чуваць, як адзін з іх пытае другога, чаму той «націснуў cut-off». Другі пілот адказвае, што ён гэтага не рабіў, гаворыцца ў дакуменце.

У дакладзе не ўдакладняецца, хто з пілотаў задаваў пытанне, а хто адказваў. Падчас узлёту самалётам кіраваў другі пілот, а капітан сачыў за палётам.

Пасля гэтай размовы пераключальнікі былі вернуты ў пазіцыю, у якой яны павінны знаходзіцца падчас палёту.

У дакладзе гаворыцца, што на момант падзення самалёта адзін рухавік ужо набіраў цягу, а другі быў запушчаны, але цягу яшчэ не набіраў. Даклад ставіць новыя пытанні наконт размяшчэння крытычна важных выключальнікаў падачы паліва, але пры гэтым мяркуецца, што Boeing і вытворца рухавікоў не нясуць відавочнай адказнасці за катастрофу, адзначае агенцтва Reuters.

Аўтары расследавання падкрэсліваюць, што праца працягваецца, таму канчатковыя высновы пра прычыны катастрофы рабіць яшчэ рана.

«На гэтым этапе расследавання мы не можам рэкамендаваць ніякіх дзеянняў аператарам і вытворцам B787-8 (г.зн. самалёта Boeing 787 Dreamliner) і/або рухавікоў GE GEnx-1B. Гэта азначае, што не было выяўлена значных няспраўнасцяў самалёта ці яго рухавікоў», — гаворыцца ў расследаванні.

Самалёт, які выконваў рэйс AI171 у лонданскі аэрапорт Гатвік пад кіраўніцтвам капітана Суміта Сабхарвала і другога пілота Клайва Кундара, вылецеў з заходняга індыйскага горада Ахмедабад у чацвер, 12 чэрвеня, у 13:39 па мясцовым часе.

Лайнер разбіўся менш чым праз 40 секунд пасля ўзлёту.

Загінулі 260 чалавек, у тым ліку 241 чалавек, што знаходзіўся на борце (аднаму пасажыру ўдалося выжыць), а таксама людзі на зямлі.

Камандзірам самалёта Air India быў 56-гадовы Суміт Сабхарвал з агульным налётам 15 638 гадзін, які, паводле дадзеных урада Індыі, таксама быў інструктарам кампаніі Air India. Другім пілотам быў 32-гадовы Клайв Кундар з агульным налётам 3 403 гадзіны.

У папярэднім дакладзе не тлумачыцца, як тумблеры маглі пераключыцца ў пазіцыю «cut-off» ужо падчас палёту. Амерыканскія эксперты ў галіне авіябяспекі заяўляюць, што пілот не мог выпадкова пераключыць пераключальнікі падачы паліва, адзначае Reuters.

Пераключэнне ў пазіцыю «cut-off» практычна імгненна глушыць рухавікі. Найчасцей гэта выкарыстоўваецца для выключэння рухавікоў у аэрапорце і ў некаторых надзвычайных сітуацыях — напрыклад, пры пажары рухавіка.

Амерыканскі эксперт Энтані Брыкхаус лічыць, што ключавое пытанне заключаецца ў тым, чаму пераключальнікі былі пераключаны такім чынам: «Яны перамясціліся самі ці з волі пілотаў? І калі яны былі пераключаны з волі пілота, то чаму?»

Авіякампанія Air India заявіла, што супрацоўнічае з індыйскімі ўладамі, адмовіўшыся ад далейшых каментарыяў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну8

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну

Усе навіны →
Усе навіны

ГУБАЗіК заявіў пра затрыманне двух магілёўцаў: нібыта яны ехалі ў краіну з пашпартамі Новай Беларусі15

Ад чаявання з абаранкамі да песень пра «герояў СВА». Як Рускі дом прыносіць у Гродна рускі свет17

Беларускі верталёт Мі-24 збіў расійскі беспілотнік, які ляцеў ва Украіну8

Забойства палкоўніка СБУ ў Кіеве здзейснілі грамадзяне Азербайджана6

Жыхары аграгарадка звярнуліся да Лукашэнкі: дзіцячы садок закрываюць, а малых, нават двухгадовых, будуць вазіць за 20 км10

Як жыве просты мінскі зваршчык, які выйграў тры мільёны рублёў5

Куды аддаць сёлета сваіх дзяцей, каб яны вучыліся па-беларуску1

Краіны ЕС пагадзіліся знізіць цэнавае абмежаванне на расійскую нафту на 15 %

У Францыі зняволены змог збегчы з турмы — яго вынес у сумцы сукамернік, які вызваліўся

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну8

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць