У Гродзенскай вобласці зафіксаваныя два выпадкі ўкусаў гадзюкі.

Гарадзенцу яна сустрэлася на шляху падчас кашэння травы на лецішчы. Пры аглядзе медыкі выявілі на назе пацярпелага тры месцы ўкусу, паведамляе камітэт аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама.
Для прадухілення цяжкіх наступстваў, пацыенту ў умовах рэанімацыі ўведзена спецыяльная сыроватка, антыцелы ў якой нейтралізуюць яд, што трапіў у арганізм.
Было прызначана сімптаматычнае лячэнне, скіраванае на палягчэнне стану.
Суткі пацыент знаходзіўся пад наглядам дактароў аддзялення рэанімацыі, затым пераведзены ў аддзяленне таксікалогіі.
Увядзенне сыроваткі супраць яду гадзюкі было прызначана жыхарцы Шчучынскага раёна, якая таксама пацярпела ад укусу.
Загадчыца прыёмнага аддзялення БХМД Наталля Ушкевіч рэкамендуе абавязкова звяртацца па медыцынскую дапамогу ў найкарацейшыя тэрміны, каб доктар змог ацаніць стан і, пры неабходнасці, увесці сыроватку.
Каментары
Я ў дзяцінстве з сябрам, нагледзеўшыся як Драздоў у "В міре жівотных" ловіць усялякіх там кобраў і мамбаў, таксама лавіў гадзюк на балоце недалёка ад свайго горада. Фатаграфаваў, часам дапамагаў выліняць і забіраў сабе як "трафей" стурую "скуру" ды адпускаў. За некалькі гадоў са злоўленых змеяў 10-15 мяне адзін раз гадзюка, прычым, ужо злоўленая, цапнула за палец. Высмактаў тую атруту з ранкі ды выплюнуў. У радыусе, можа, сантыметр, вакол тых дзвюх дзірачак, скура трошкі пачырванела, і больш ніякіх сімптомаў не было. Мне тады гадоў 12 было. А тут - дарослы дзядзька такую трагедыю праз гадзюку ўчыніў - і ў рэанімацыю паклаўся, і ўколы з антыдотам яму калолі, і аж цэлы камітэт аховы здароўя ягонай персанай апекаваўся. Жах!
А ўвогуле гадзюкі - гэта неад'емныя і карысныя нават для гаспадарчай дзейнасці чалавека прадстаўнікі фаўны.