Гісторыя22

Археолагі пачалі раскопкі на Заслаўскім замку. У планах — выявіць вялікую браму

Да Дажынак плануюць закансерваваць і музеіфікаваць браму гэтага аднаго з першых бастыённых замкаў стараітальянскага тыпу на Беларусі. Вось што пра яго вядома.

Заслаўскі замак з былым кальвінскім зборам, зняты з паветра. Фота: turby.by

Як паведамляе тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі, палявыя работы на тэрыторыі Заслаўскага замка пачаліся 2 чэрвеня. 

Даследаванні праводзяцца ў межах дзяржаўнай навуковай праграмы «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы» (2021—2025) па заданні з дзіўнай назвай «Археалагічная спадчына як фактар забеспячэння гуманітарнай бяспекі».

Рэканструкцыя Заслаўская замка, выкананая мастаком Віктарам Сташчанюком.

Самыя старажытныя ўмацаванні гарадзішча «Вал», пад якой гэтае месца ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (каб адрозніваць ад гарадзішча «Замэчак», дзе паводле падання жыла Рагнеда з сынам Ізяславам), узведзены на рубяжы XI-XII стагоддзя.

У канцы XVI — XVII стагоддзі, магчыма, як умацаваная рэзідэнцыя ўладальніка Заслаўя Івана Глябовіча, адначасова з кальвінскім зборам быў узведзены адзін з першых бастыённых замкаў на тэрыторыі Беларусі, які мае рысы стараітальянскай фартыфікацыйнай сістэмы.

Раскопкі вала Заслаўскага замка. Фота: Інстытут гісторыі
Раскопкі вала Заслаўскага замка. Фота: Інстытут гісторыі

У плане замак мае выгляд няправільнага чатырохвугольніка, абкружанага ровам. Бастыёны і валы, паводле даследаванняў XIX стагоддзя, былі першапачаткова абмураваны каменем.

Па цэнтры валоў былі дадатковыя бастыёны, якія добра бачныя на плане 1840 года. Да канца XIX ст. гэтыя дадатковыя ўмацаванні былі часткова разабраныя мясцовымі жыхарамі, але на валах захоўваліся рэшткі мураваных сцен і бруствераў.

Раскопкі вала Заслаўскага замка. Фота: Інстытут гісторыі
Раскопкі вала Заслаўскага замка. Фота: Інстытут гісторыі

На паўднёвым вале замка знаходзілася традыцыйная для зямель Беларусі двухпавярховая ўязная брама. Таўшчыня яе муроў дасягала 2 метраў. Брама мела падвойныя вароты і добра фланкіравалася з нарожнага бастыёна. Пад брамай знаходзілася турма ў выглядзе доўгага мураванага тунэля.

Роў абвадняўся праз сістэму сажалак на Свіслачы і Чарніцы, ператвараючы замак ва ўмацаванне астраўнога тыпу. 3 «местам» замак злучаў драўляны мост, апошні пралёт якога, як меркаваў гісторык Міхаіл Ткачоў, абапіраючыся на аналогію з іншымі замкамі, падымаўся з брамы спецыяльным калаўротам.

Рэшткі вялікай брамы Заслаўскага замка да раскопак. Фота: turby.by

Ад магутнай брамы зберагліся ніжнія часткі сцен, якія цяпер і ўзяліся даследаваць археолагі.

Да даследавання сёння прыцягнуты не толькі навукоўцы-археолагі, але і рабочыя, валанцёры і навучэнцы — у тым ліку пры падтрымцы Мінскага райвыканкама.

Як паведамляецца, работы будуць працягвацца да канца чэрвеня з магчымым падаўжэннем у залежнасці ад умоў надвор’я. Па завяршэнні раскопак плануецца распрацоўка праекта для рэстаўрацыі і музеіфікацыі аб’екта.

Пярсцёнак з выявай галавы львы, знойдзены ў першыя дні раскопак вала Заслаўскага замка. Фота: Інстытут гісторыі

Увосень гэтага года Заслаўе прыме абласныя Дажынкі. Правядзенне свята працаўнікоў сяла ўжо стала прычынай знішчэння гістарычных будынкаў карчмы, аптэкі і жылога дома на галоўнай Савецкай вуліцы Заслаўя, хоць яшчэ ў мінулым дзесяцігоддзі гэты аб'екты ахоўваліся як помнікі гісторыі і культуры. 

Каментары2

  • F.OFF!
    04.06.2025
    Ні- не магу ўспрымаць артыкул з-за
    ўсяіснага "выявіць" (- ЁСЦЬ, ЯК МІНІМУМ 4 БЕЛАРУСКІЯ СЛОВЫ ДЛЯ ЯГО ЗАМЕНЫ!!! Навошта яго САВАЦЬ праз артыкул! )
    і
    неіснуючага НІДЗЕ!!!! "нарожнага" !
  • ПодпісШэдэўр
    04.06.2025
    "Пярсцёнак з выявай галавы львы"

Цяпер чытаюць

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму7

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскія хакеры ўзламваюць смартфоны нават праз надзейныя сайты. Адзіная страхоўка: абнаўляць праграмнае забеспячэнне1

Памерла народная артыстка Беларусі Святлана Вуячыч

Бізнэсмен Аляксандр Кныровіч атрымаў польскае грамадзянства64

Украінскія ратавальнікі паказалі фота наступстваў дзённай атакі дронаў на Кіеў

Брат дарадцы Зяленскага Міхаіла Падаляка загінуў у Запарожскай вобласці, ваюючы за Расію20

Украінскія войскі адкінулі расіян з-пад Арэхава7

Мінчук паехаў на самакаце ў краму, а «вярнуўся» з Чабаксараў на Волзе — спісалі 150 рублёў6

У памежжы з Украінай тры стратэгічныя вышкі сотавай сувязі выведзеныя са строю3

Саліст «Трох дзён дажджу» пра скандальны канцэрт у Мінску: Праз стан майго здароўя мы не змаглі выканаць усю праграму так, як хацелі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму7

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць