Як зменяцца раён Лебядзіны і забудова паміж чыгункай і вуліцай Маякоўскага
У Лебядзіным з’явяцца новыя садкі, паліклініка і кавярні, а старыя дамы каля чыгункі на Маякоўскага пакуль што не чапаюць. На архітэктурна-гарадской радзе абмеркавалі, што і калі пачнуць будаваць у Лебядзіным і як будуць мяняць кварталы паміж чыгункай і вуліцай Маякоўскага, піша «Мінск-Навіны».

Лебядзіны
Жылы раён ужо сфарміраваны, усе запланаваныя дамы пабудаваныя, аднак сацыяльных аб’ектаў не хапае. Забяспечанасць дзіцячымі садамі сёння складае толькі 59% ад нормы, школамі — да нядаўняга часу была 70%. Таму дэталёвы план тэрыторыі быў скарэкціраваны з улікам будаўніцтва неабходных аб’ектаў адукацыі, аховы здароўя і іншых.
Паводле праекта, у Лебядзіным з’явяцца яшчэ два садкі. Новая школа ўжо працуе з восені мінулага года. У планах таксама — будаўніцтва паліклінікі і яшчэ некалькіх будынкаў з аб’ектамі культурна-асветніцкага і гандлёва-бытавога прызначэння.
Дзе з’явіцца ўсё пералічанае? Адзін дзіцячы сад запланаваны на вуліцы Мястраўскай, побач з жылым комплексам «Лазурыт». Цяпер там вольная тэрыторыя. Побач застанецца месца для спартыўных пляцовак.
Другую дашкольную ўстанову размесцяць побач з новай школай, злева ад яе на вуліцы Ільянскай. Справа ад навучальнай установы плануецца пабудаваць аб’ект культурна-асветніцкага прызначэння. На супрацьлеглым баку той жа вуліцы, насупраць садка, зарэзервавана месца пад паліклініку на 500 наведванняў за змену. Побач з установай аховы здароўя пакінуты ўчасткі для двух аб’ектаў — гандлёва-бытавога і грамадскага прызначэння. Дашкольныя ўстановы і паліклініку мяркуецца ўзвесці ў першую чаргу — да 2028 года, астатнія аб’екты — да 2033-га.
Падчас грамадскага абмеркавання жыхары прапанавалі канкрэтнае напаўненне гэтых аб’ектаў.
Так, у адным з двухпавярховых будынкаў могуць размясціцца супермаркет, кавярня, бар, аптэка, зоамагазін, крамы спартыўных тавараў, кветак, адзення, забаўляльны цэнтр, фудкорт, адкрытая паркоўка. У другім, таксама двухпавярховым, — банк, салон сувязі, фітнес-цэнтр, рэстаран, 2—3 пасты ручной аўтамыйкі, іншыя аб’екты абслугоўвання, падземная паркоўка.
Што датычыцца будучага будынка побач са школай, там, на думку мінчукоў, былі б дарэчнымі дзіцячы навучальны цэнтр, студыі — музычная і выяўленчага мастацтва, кафэ, рэстаран хуткага харчавання, кінатэатр, боўлінг, спа-цэнтр, басейн, цір.
Распрацоўшчыкі дэталёвага плана адзначылі, што прапановы не супярэчаць прызначэнню запланаваных аб’ектаў, таму пажаданні гараджан могуць быць улічаны пры распрацоўцы горадабудаўнічых пашпартоў на інвестыцыйныя ўчасткі.
А вось з заўвагай жыхароў пра недахоп парковак каля новага дома на вуліцы Мястраўскай члены Рады не пагадзіліся.
Агульная забяспечанасць жылога раёна месцамі для асабістага транспарту складае 120%, што прыблізна на 2000 машына-месцаў больш за неабходнае. Праблемы з паркоўкай перыядычна ўзнікаюць з-за спартыўных мерапрыемстваў у «Мінск-Арэне», што прыцягваюць дадатковыя аўтамабілі. Але такія сітуацыі носяць кароткатэрміновы характар, лічаць у радзе.
Вуліца Маякоўскага
Гаворка ідзе пра тэрыторыю ў межах вуліц Дзянісаўскай — Маякоўскага — Аранскай — паласы адчужэння чыгункі Мінск — Гомель. Гэта зона высокашчыльнай жылой забудовы, дзе размешчаны 60 дамоў, з іх больш за палову — шматпавярховыя. Тут ёсць інтэрнаты і 25 сядзіб, што знаходзяцца ў асноўным уздоўж чыгункі.
Усё шматкватэрнае жыллё тут захоўваецца, а вось прыватны сектар, як і планавалася раней, падлягае зносу.
Вядома, што ў перспектыве з’явіцца яшчэ адна паласа чыгункі ў напрамку Асіповічаў — захаваць сядзібы там не атрымаецца. Аднак калі раней на іх месцы меркаваліся шматузроўневыя паркінгі, то цяпер уздоўж чыгункі прадугледжана выдзяленне інвестыцыйных участкаў для грамадскай, камунальнай, вытворчай забудовы для аб’ектаў малога бізнесу. Будучыя будынкі павінны мець убудаваныя гаражы, каб забяспечыць патрэбную колькасць парковачных месцаў.
Таксама да зносу па праекце запланаваны металічныя гаражы, што знаходзяцца на гэтай тэрыторыі. На іх месцы прадугледжваецца шматузроўневы паркінг. Але гэтая пазіцыя выклікала пытанні ў членаў горадабудаўнічай рады, бо наўрад ці знойдзецца інвестар, гатовы знесці гаражы і ўзвесці такі паркінг. А значыць, намечанае можа не быць рэалізавана. Магчыма, мае сэнс перанесці рашэнне пра знос масіву гаражоў на пазнейшы тэрмін. Пры гэтым архітэктары пагадзіліся, што трэба паступова змяняць даўно сфарміраваную карціну забудовы ўздоўж чыгункі. Выгляд гарадской прасторы, асабліва на ўездах у цэнтр сталіцы, павінен стаць больш прывабным.
Што да заўваг грамадзян, што паступілі падчас грамадскага абмеркавання праекта, то ў асноўным жыхароў цікавіла, калі будуць зносіць сядзібы на вуліцы Надзеждзінскай і ці ёсць інвестар на гэты ўчастак. На радзе прагучала: няма ўпэўненасці, што ўдасца знесці прыватныя дамы да 2030 года, як запланавана. Не выключана, што гэта зробяць пазней.
У выніку праект рэкамендаваны да зацвярджэння з пазнакаю больш дакладных тэрмінаў яго рэалізацыі: што плануецца выканаць у першую чаргу, а што — пасля 2030 года.
Каментары