Легендарны брытанскі футбаліст пакіне Бі-бі-сі пасля публікацый у сацсетках
Спартыўны каментатар Гары Лінекер пакіне Бі-бі-сі пасля публікацый у сацсетках. Як чакаецца, ён правядзе свой апошні выпуск перадачы Match of the Day («Матч дня») у наступныя выходныя, калі пройдзе апошні тур англійскай прэм'ер-лігі, піша Бі-бі-сі.

Таксама ён не будзе весці трансляцыі чэмпіянату свету па футболе ў 2026 годзе. Прычынай звальнення самага высокааплатнага вядучага карпарацыі стала публікацыя ў сацыяльных сетках, якая была расцэнена як антысеміцкая. Афіцыйнае паведамленне чакаецца пазней у панядзелак.
На мінулым тыдні яму прыйшлося прынесці прабачэнні за тое, што ён падзяліўся ў Instagram ролікам аб сіянізме, які суправаджаўся малюнкам пацука — сімвала, які гістарычна выкарыстоўваецца як антысеміцкі абразлівы штамп.
Лінекер сказаў, што глыбока шкадуе аб змесце публікацыі і дадаў, што свядома не стаў бы распаўсюджваць антысеміцкія матэрыялы, а гісторыю выдаліў адразу ж, як даведаўся аб сімвалізме малюнка.
Раней яго агент заявіў, што Гары не заўважыў пацука, а калі б і заўважыў, то не звязаў бы з абразлівым значэннем.
Тым не менш, кіраўніцтва Бі-бі-сі палічыла паводзіны Лінекера шкоднымі для рэпутацыі вяшчальнай карпарацыі.На мінулым тыдні генеральны дырэктар Цім Дэйві заявіў: «Рэпутацыя Бі-бі-сі — гэта адказнасць кожнага, і калі нехта робіць памылку, гэта дорага нам абыходзіцца».
Лінекер — адна з самых пазнавальных асоб у краіне, былы прафесійны футбаліст і папулярны спартыўны каментатар — ужо не ў першы раз апынаецца ў цэнтры скандала з-за сваіх публікацый у сацыяльных сетках.
У сакавіку 2023 года ён напісаў у Twitter, што фармулёўкі ўладаў аб мігрантах, якія прыбываюць у краіну праз Ла-Манш на невялікіх лодках, параўнальныя з рыторыкай Германіі 1930-х гадоў: тады ўрад падзяліўся планамі аўтаматычна высылаць амаль усіх мігрантаў, якія прыбываюць у краіну нелегальна, без магчымасці падаць прашэнне аб прытулку. З-за гэтага паста ў адрас Лінекера прагучалі абвінавачанні ў парушэнні прынцыпу беспартыйнасці, асноўнага для BBC, і вяшчальнік вырашыў часова адстраніць яго ад вядзення папулярнай суботняй тэлеперадачы Match of the Day, якая аналізуе гульні Прэм'ер-лігі. Пасля адстранення Лінекера многія іншыя спартыўныя каментатары карпарацыі адмовіліся выходзіць у эфір у знак салідарнасці з ім.
Пасля гэтага Лінекер пагадзіўся прытрымлівацца існуючых правілаў вядзення супрацоўнікамі сваіх сацыяльных сетак і зноў стаў весці перадачу, а правілы Бі-бі-сі, якія тычацца паводзін у сацыяльных сетках, былі перагледжаны: цяпер вядучыя ключавых праграм, акрамя навін і бягучых падзей — уключаючы Match of the Day — маюць «асаблівую адказнасць за захаванне прынцыпаў беспартыйнасці Бі-бі-сі з-за сваёй вядомасці».
У лістападзе 2024 года Лінекер абвясціў аб сваім сыходзе з перадачы Match of the Day, але адзначыў, што застанецца на Бі-бі-сі для вядзення трансляцый Кубка Англіі і чэмпіянату свету.
У мінулым месяцы ў інтэрв'ю ён заявіў, што, на яго думку, Бі-б-сі хацела б, каб ён пакінуў Match of the Day, калі ён вёў перамовы аб новым кантракце ў мінулым годзе: «Ну, магчыма, яны сапраўды хацелі, каб я пайшоў. Такое ўражанне было». У тым жа інтэрв'ю Лінекер таксама выказаўся аб сваіх твітах 2023 года, заявіўшы, што не шкадуе аб сказаным, але дадаў: «Зрабіў бы я гэта зноў, ведаючы наступствы? Не, не стаў бы — з-за ўсёй той нікчэмнасці, што за гэтым наступіла».
Ён намякнуў, што яго наступная кар'ера «не будзе звязана з тэлебачаннем», дадаўшы, што, хутчэй за ўсё, засяродзіцца на падкастах.
Бі-бі-сі тады не пракаментавала словы Лінекера, але назвала яго «вядучым сусветнага ўзроўню» і дабавіла, што праграма Match of the Day «пастаянна змяняецца, падстройваючыся пад змяняючыяся звычкі гледачоў». Новымі вядучымі праграмы з пачатку сезона 2025—2026 гадоў былі абвешчаны Келлі Кейтс, Марк Чэпман і Габі Логан.
Гары Лінекер — адзін з самых вядомых брытанскіх футбалістаў, гуляў з 1978 па 1994 гады. Выступаў ўа «Лестэр», «Эвертан», «Тотэнхем» і «Барселону», тройчы станавіўся найлепшым бамбардзірам чэмпіяната. Забіў за Англію 10 мячоў на чэмпіянатах свету. Яму належыць фраза «У футбол гуляюць 22 мужчыны, але выйграюць заўсёды немцы».
Яго кар’ера ў СМІ пачалася на Бі-бі-сі, дзе з канца 1990-х гадоў ён вядзе галоўную футбольную праграму «Матч дня» (англ. Match of the Day), што з'яўляецца самым доўгім тэрмінам працы сярод усіх вядучых гэтага шоу.
Каментары