«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў
Максім Буткевіч — украінскі журналіст і праваабаронца, які дапамагаў і рэпрэсаваным беларусам ва Украіне. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ён адправіўся на фронт. У чэрвені 2022-га Максім трапіў у расійскі палон у Луганскай вобласці. Больш за два гады ён правёў там у СІЗА. На радзіму Максім вярнуўся ў выніку абмену ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай — у кастрычніку 2024-га. Пра перажытае ў палоне, тушонку ад беларускіх сілавікоў і мудрасць, вынесеную падчас вайны, Максім расказаў «Нашай Ніве».

Максім Буткевіч. Фота: ZMINA / Людміла Цягнірадна
«Мы наўмысна не дазвалялі сабе думаць пра абмен, каб не расчаравацца»
«Наша Ніва»: Паўгода таму вы вярнуліся з расійскага палону. Як ваша здароўе цяпер?
Максім Бутікевіч: Мне, у прынцыпе, пашанцавала больш, чым іншым. Мяне больш-менш сур’ёзна збівалі толькі двойчы. Астатні час — гэта былі нагрузкі, удары, але нічога асаблівага. Не катавалі так, як некаторых.
Вось, напрыклад, ёсць такі сумнавядомы «тапік» — гэта палявы вайсковы тэлефон. Ён працуе ад маленькай дынама-машыны: круціш ручку — атрымліваецца электрычны ток. Замест таго, каб падключыць яго да іншага тэлефона, яны падключаюць дроты да чалавечага цела — да геніталій, носа, вушэй. І б’юць токам. Мне гэты тэлефон толькі паказвалі, пагражалі, але так і не выкарысталі.

Максім Буткевіч пасля вяртання з палону, 18 кастрычніка 2024 года. Ён схуднеў на некалькі дзясяткаў кілаграмаў. Фота: Віталь Лысенка
Але адтуль ніхто не выходзіць здаровым. У мяне ёсць праблемы, часткова звязаныя з узростам, — іх ужо не выправіць. Гэта суставы, хрыбет, зрок. Але гэта дробязь. Самае сур’ёзнае — гэта сэрца.
«НН»: А як псіхалагічны стан?
МБ: Шчыра — няпроста. Першыя два-тры месяцы я адчуваў сябе лепш. Але гэта была эйфарыя — сумесь радасці і шчасця ад усяго: магчымасці замовіць каву, пайсці куды захочаш. Ад самога факту, што я іду вуліцамі Кіева. Я разумеў, што эйфарыя скончыцца — пра гэта казала і мая тэрапеўтка. І гэта добра, бо нельга ўвесь час быць у такім стане.

«НН»: Раскажыце пра дзень, калі адбываўся абмен паміж Расіяй і Украінай. Гэта было на тэрыторыі Беларусі?
МБ: Так, праз Беларусь. У той дзень ранішняя праверка ў калоніі была а дзявятай. Пасля нас выклікалі ў дзяжурную частку. Супрацоўнік сказаў: «А дзесятай у вас этап». Я спытаў: «Куды?» Ён адказаў, што не ведае. Толькі дадаў: гэта ўпершыню, калі этап замовілі на той жа дзень.
У нас было тры версіі. Першая — у бальніцу, бо ў Сяргея, майго пабраціма, сур’ёзныя праблемы са здароўем пасля катаванняў. І ў мяне быў медыцынскі інцыдэнт: аднойчы я страціў прытомнасць. Ціск быў вельмі нізкі, я адчуваў, што паміраю. Яны выклікалі хуткую, каб зняць з сябе адказнасць, але нікуды не павезлі.
Другая версія — што нас павязуць у Расію (Максім знаходзіўся ў калоніі на тэрыторыі «ЛНР» — НН). З восені хадзілі чуткі, што калонію закрыюць і палонных вывезуць.
Трэцяя версія — абмен. Але мы наўмысна не дазвалялі сабе думаць пра гэта, каб не расчаравацца.
Мы сабраліся як на звычайны этап. Хлопцы далі нам з сабой цыгарэт, гарбаты — усё, як заўсёды. Нас павезлі ў іншую калонію, дзе трымалі ваеннапалонных без крымінальных спраў. Там быў вельмі жорсткі шмон — з поўным распрананнем і аглядам. Нас з Сяргеем адвялі ў асобныя памяшканні. Мне далі аркуш фармату A5 і сказалі падпісаць. Я яго перавярнуў — было напісана: «Свидетельство об освобождении». І толькі тады мы ўпершыню дапусцілі думку, што гэта сапраўды абмен.

Максім Буткевіч пасля ўступлення ў шэрагі Узброеных Сіл Украіны, 6 сакавіка 2024 года. Фота: фэйсбук Буткевіча
«Двое мужчын у балаклавах сказалі, што перадаюць асабістыя вітанні ад Лукашэнкі»
«НН»: Што было пасля?
МБ: Нас запіхнулі ў аўтазак і павезлі. Пачулі гукі авіярухавікоў — зразумелі, што трапілі на аэрадром. Потым высветлілася, што гэта быў аэрадром у Каменску-Шахцінскім, у Растоўскай вобласці.
Нас затрамбавалі ў «стаканы» аўтазака — так шчыльна, што немагчыма было нават павярнуцца. Рукі — звязаныя, шапкі — на вачах, а зверху яшчэ і скотчам завязалі. Так мы правялі вечар, ноч і раніцу. З сабой у нас было трохі вады — пілі вельмі асцярожна, бо не ведалі, калі зможам пайсці ў прыбіральню.
Потым нас загрузілі ў вайсковы транспартнік ІЛ — проста на падлогу. Пералічылі. І мы паляцелі.
«НН»: Але вы здагадваліся, куды ляціце?
МБ: Я чуў абрыўкі размоў паміж ахоўнікамі. І па тоне, па фразах зразумеў: ёсць два варыянты — Турцыя або Беларусь. І калі самалёт пайшоў на зніжэнне, я падумаў: Беларусь. Так і аказалася.
Нас хутка выгрузілі, перасадзілі ў МАЗы — у параўнанні з аўтазакамі гэта былі проста аўтобусы люкс. Першая каманда была тая самая: глядзець уніз, не падымаць галаву. Але там упершыню далі паесці — выдалі расійскі вайсковы сухпаёк і па паўтары-дзве бутэлькі вады. Дазволілі развязаць рукі, але загадалі есці, не паварочваючыся.
Мы самі звярнулі ўвагу, што на дарожных шыльдах была не толькі расійская мова, але і беларуская. Гэта пацвердзіла: мы ў Беларусі.
Ехалі некалькі гадзін. Калі аўтобус спыніўся, увайшлі двое мужчын у балаклавах. Сказалі, што «вітаюць нас на зямлі Рэспублікі Беларусь» і перадаюць «асабістыя вітанні ад прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі». І каб у нас не засталося дрэнных уражанняў, далі нам «падарункі» — папяровыя торбы з тушонкай, малаком і яшчэ нейкімі прадуктамі, у асноўным беларускімі, але вайсковымі.
Першая рэакцыя — інстынкт зэка: браць усё з сабой, бо ўсё можа спатрэбіцца. Але мы ўжо разумелі, што на абмене, і не хацелі выглядаць так, быццам рэкламуем Беларусь. На торбах быў надпіс «Рэспубліка Беларусь» і малюнак захаду сонца над балотам. Таму амаль усе вырашылі пакінуць іх у аўтобусе. Але нам сказалі: пакідаць нельга. Давялося ўзяць з сабой — але потым выкінулі.
«НН»: Што адчулі, калі зразумелі, што ўжо на тэрыторыі Украіны?
МБ: Мы ўжо здагадваліся ў дарозе, што гэта можа быць абмен. Але стрымлівалі сябе — не хацелі верыць, каб потым не было яшчэ горш. Эмацыйны стан — галоўнае для вязня. Нельга быць расхістаным — гэта рызыкоўна. Таму мы сябе бераглі.
Добра памятаю валанцёраў, жоўта-блакітныя стужкі, хтосьці раздаваў сцяжкі. Мы так хацелі як найхутчэй апынуцца ў нашых аўтобусах, проста далей — у глыб Украіны, што не было сіл нават на эмоцыі. Але па дарозе яны прыходзілі: я свабодны, я ва Украіне, бачу дарожныя знакі, бачу «Чернігів». Мне не завязваюць вочы. Гэта, здаецца, сапраўды скончылася.
Нас завезлі ў вайсковы шпіталь. Там накармілі, далі магчымасць памыцца, схадзіць у прыбіральню. Выдалі спартыўнае адзенне, сказалі, што турэмнае можна выкідаць. Але я не ўсё выкінуў — і добра, бо пазней гэтыя рэчы спатрэбіліся для Нацыянальнага музея вайны.
Потым нас накіравалі на працэдуру рэінтэграцыі — вяртання ў грамадства, дзе дзейнічаюць чалавечыя правілы. Цягам чатырох тыдняў з намі працавалі псіхолагі. Нас апытвалі: трэба было падрабязна распавесці, што адбывалася з намі цягам гэтых двух з паловай гадоў.
Была і адміністрацыйная частка: аднаўлялі дакументы, банкаўскі рахунак, нумар тэлефона. І самае важнае — дапамагалі апазнаваць людзей, з якімі мы былі ў палоне, у СІЗА, на зоне.

Максім Буткевіч пасля вызвалення з расійскага палону на сустрэчы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага з прадстаўнікамі ўкраінскай грамадзянскай супольнасці, 23 кастрычніка 2024 года. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны
«Чыталі урыўкі з прамоў Пуціна і прымушалі палонных паўтараць»
«НН»: Што было з вамі ў палоне?
МБ: Усюды парушэнне Жэнеўскіх канвенцый. Усюды.
Мяне ўзялі ў палон 21 чэрвеня 2022 года, на поўдні ад Лісічанска. Нас везлі паўтара сутак, з перасадкамі — БМП, грузавікі, легкавікі. Начавалі дзе-небудзь па дарозе — я дакладна не ведаю дзе. І гэты этап быў самым небяспечным. Там можаш проста «знікнуць». Калі хтосьці псіхічна нестабільны — цябе могуць проста забіць.
Мяне збілі на наступны дзень у палоне — на перасылцы, у месцы, дзе мы начавалі. У ахоўнікаў былі балаклавы, і нас гэта нават супакойвала: значыць, мы, можа, выжывем. Бо твар хаваюць звычайна толькі тады, калі не хочуць, каб іх пазналі. Але адзін з афіцэраў быў псіхічна неўраўнаважаны — я б сказаў, з псіхасэксуальнымі праблемамі. Ён кпіў з хлопцаў, распытваў, дзе іх жонкі, і распавядаў, што «цяпер з імі робяць» — у самых непрыстойных падрабязнасцях. Гэта быў свядомы эмацыйны гвалт.
Потым прыехалі два прапагандысты — таксама ў балаклавах. Нас выводзілі па адным, здымалі відэа. Я цікавіў іх найбольш, бо быў адзіны афіцэр, журналіст, праваабаронца. Мяне прымусілі сказаць на відэа, што мяне ўзяла ў палон група «Отважные», што «яны добра ставяцца». І я сапраўды сказаў, што мяне не катуюць — бо гэта было праўдай на той момант.
А праз дзве гадзіны мяне збілі. Прымусілі стаць на калені, праводзілі «ўрокі гісторыі». Чыталі ўрыўкі з прамоў ці артыкулаў Пуціна пра гісторыю Украіны. Прымушалі палонных паўтараць іх слова ў слова. Калі памыляліся ці рабілі паўзу не там — атрымлівалі ўдар дубінкай. Ён біў прафесійна — у адно і тое ж месца. Я ў нейкі момант сказаў: «Вы мне зламаеце руку». Ён адказаў: «Не, не зламаю». І меў рацыю: удары былі трапныя — дэфармацыя храсткоў, але без пералому.

У расійскім палоне, чэрвень 2022 года. Скрыншот з відэа
Потым хацелі, каб я сказаў: «Я — афіцэр УСУ, жадаю расійскаму спецназу ўдалага палявання». Я адмовіўся. Сказаў: «Вы самі сказалі, што я афіцэр УСУ. Дык як я магу такое казаць?» Ён адказаў: «Ну добра», — і пайшоў. Але пазней вярнуўся — ужо з «урокамі гісторыі». Ён працягваў біць, быў быццам у трансе.
Прапагандысты казалі: «Вы думаеце, што вы ваеннапалонныя? Не. Вы — зніклыя без вестак у зоне баявых дзеянняў. Калі будзеце сябе дрэнна паводзіць — можаце так і не вярнуцца». Яны казалі: «Хочаш — пойдзем з намі на задні двор. Там яма. Паглядзіш, што засталося ад тых, хто не зразумеў». Я не хацеў глядзець на тую яму. Хаця цяпер шкадую — трэба было бачыць усё. Але тады я не мог сабе дазволіць зламацца.
Перад тым, як нас адправілі ў Луганск, у нас адабралі абутак. Проста пыталіся: «У каго 41-ы? У каго 42-і?» А потым: «Усім здымаць!» Бо нашы берцы — лепшыя за іх. Яны забралі іх для сябе. А мы ехалі далей у шкарпэтках.
«Першыя паўтара месяца мы не маглі заснуць ад голаду»
«НН»: Што адбывалася ў Луганскім СІЗА?
МБ: Першыя тыдні — пастаянныя допыты. Сярод іх быў адзін у Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі «ЛНР». Пагражалі згвалтаваннем, прымянялі электрашокер. Але з цягам часу яны зразумелі, што з нашай групы ўжо немагчыма атрымаць актуальную ваенную інфармацыю — прайшло занадта шмат часу. Таму галоўнай мэтай стала псіхалагічнае разбурэнне.
Казалі, што Украіна — не дзяржава, што мы «адзін народ», што Зяленскі — наркаман і клоўн, што намі валодаюць алігархі. Хтосьці тупа паўтараў лозунгі пра «адзін народ, адна мова, адна вера». Іншыя — разумнейшыя — білі ў сацыяльна-эканамічныя пункты: «Дзе твае алігархі? Чаму іх дзеці не ваююць, а ты — так?»
Яны спрабавалі, але нічога не атрымалася. Я казаў: «Кожны перад сваім Богам стаіць або падае». Гэта значыць, што кожны сам нясе адказнасць за тое, што робіць. Я адказваю за сябе.
«НН»: Як доўга цягнуліся такія допыты?
МБ: Звычайна — ад гадзіны да трох. У МДБ — да паловы дня, бо ім было важна «разварушыць». Найдаўжэйшы «допыт» — 16 ліпеня 2022 года, у мой дзень народзінаў. Тады мне ўпершыню сказалі: «Мы цябе пасадзім. Ты — ваенны злачынец».
«НН»: Якія былі ўмовы ўтрымання?
МБ: У камеры не было нават туалетнай паперы. Мыла не давалі. Толькі праз тыдзень пасля допыту я папрасіў дазвол на гігіену — і нам далі турэмнае мыла і вафельны ручнік. Матрацы — старыя, парваныя, без усяго. Мы вучыліся абразаць пазногці аб сцены.
Параша была, але без нармальнай ізаляцыі. Даводзілася выкарыстоўваць паўтаралітровую пляшку, каб «пракруціць» сістэму, каб не забівалася — рабілі гэта проста рукамі, перад тым як схадзіць у прыбіральню і пасля.
Харчаванне было тры разы на дзень, але самі порцыі — мізэрныя, ежа агідная. Першыя паўтара месяца мы не маглі заснуць ад голаду. Толькі пазней зразумелі: ежа ў нас была горшая, чым у звычайных крымінальнікаў. У іх былі тлушчы, спецыі, большыя порцыі. І нават шпацыры ў іх былі.
Мяне не выводзілі з камеры на шпацыр восем з паловай месяцаў. Я стаў шэра-зялёнага колеру.
Пад’ём быў у 6:00. Спачатку — гімн «ЛНР». Потым — гімн Расіі. Нам выдалі тэксты і загадалі вывучыць. Устаць, рука да сэрца, стаяць «на зважай». Хто не выконваў — пакаранне: дубінкі.
Калі мяне перавялі ў турму, дзе сядзелі крымінальнікі, я запытаў, калі гімн. А мне адказалі: «Які гімн?» Там гэтага не было.

Максім Буткевіч падчас следчага эксперыменту ў Севераданецку. Фота: СК РФ
Прымушалі выконваць «фізічныя практыкаванні»: мусіў бегчы ўздоўж сцяны з апушчанай галавой. Рукі — за патыліцу, у замок. На калені. Потым — пералік: па прозвішчах, імёнах, імёнах па бацьку. Старшы па камеры дакладваў. Калі блытаўся — каралі яго або ўсю камеру.
«НН»: Калі вас перавялі ўжо па крыміналцы, як змяніліся ўмовы?
МБ: Рэжым быў значна мякчэйшы. І што важна, з’явіўся тэлевізар. Ён не выключаўся ніколі — як і лямпачка. Але праз тэлевізар я ўпершыню атрымаў хоць нейкую інфармацыю. Да гэтага — поўная інкамунікада. Уся інфармацыя — толькі выпадковая: або праз рэдкія сустрэчы ў душы, калі бачылі іншых палонных і маглі перакінуцца словам на 20 секунд, пакуль не глядзіць ахоўнік; або калі ў камеру закідвалі новых арыштаваных — цывільных.
«НН»: Як вы адрэагавалі на прысуд — 13 гадоў? (У 2023-м вярхоўны суд «ЛНР» асудзіў Буткевіча за нібыта «жорсткае абыходжанне з цывільным насельніцтвам і ўжыванне ва ўзброеным канфлікце забароненых метадаў» і «замах на забойства дзвюх асоб агульнанебяспечным спосабам і наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці агульнанебяспечным спосабам». — НН).

На пасяджэнні апеляцыйнага суда ў Маскве, 22 жніўня 2023 года. Фота: расійскі рух «За правы чалавека»
МБ: Шчыра? Амаль ніяк. Нам казалі, што чым раней нас асудзяць, тым раней адбудзецца абмен. І ўсё ж я заўсёды ведаў: мяне абавязкова памяняюць. Не таму, што я нейкі важны — я проста моцна верыў у маіх блізкіх. Я ведаў: яны не пакінуць. Хаця, вядома, у галаве жыў страх, што можа падвесці здароўе.
Таму калі я пачуў пра свой «тэрмін» — 13 гадоў, — гэта была псеўдалічба. Ніхто гэтыя тэрміны сядзець не будзе.
«Я супраць гвалту, але калі ты можаш спыніць зло і не робіш гэтага — ты становішся яго часткай»
«НН»: Некаторыя могуць сказаць, што журналіст, праваабаронца не павінен браць зброю ў рукі. Што б вы на гэта адказалі?
МБ: Не лічу сябе пацыфістам у чыстым выглядзе.
Я супраць гвалту, але калі ты можаш спыніць зло і не робіш гэтага — ты становішся яго часткай. Таму я прыняў удзел у вайне, стаў афіцэрам УСУ. Не таму, што люблю вайну, — а таму што абараняю тое, што люблю: сваіх людзей, свае каштоўнасці. Я не шкадую ні пра адно рашэнне, прынятае з 24 лютага 2022 года.

Максім Буткевіч з катом у войску, 30 сакавіка 2022 года. Фота: фэйсбука Буткевіча
Я сапраўды ненавіджу гвалт. Гэта найгоршае, што можа быць. Пасля палону я зразумеў: гвалт — гэта не пра боль, не пра фізічнае разбурэнне. Гвалт — гэта калі чалавека ператвараюць у аб’ект. Калі цябе прымушаюць стаць прадметам. Калі табе кажуць: «Стань так. Цяпер — інакш. Цяпер — на расцяжку». І ты ведаеш: калі не зробіш — будзе балець.
Боль — гэта сігнал. Ён кажа, што смерць набліжаецца. А страх — гэта чаканне болю. Гэтыя тры рэчы: боль, страх, гвалт — утвараюць тройцу. Гэта маніпуляцыя смерцю. І тыя, хто цябе кантралюе, вырашаюць: наблізіць смерць ці не. Гэта і ёсць дэгуманізацыя. Яна пераўтварае чалавека ў нелюдзя.
Я ветэран. І я ганаруся гэтым. Гэта частка маёй ідэнтычнасці.
«НН»: Як нам, беларусам, украінцам, у час войн і рэпрэсій знаходзіць сэнс жыцця?
МБ: Беларусь, беларусы і беларускі — гэта частка маёй гісторыі ўжо даўно. Я ўдзельнічаў у пратэстах яшчэ ў 1996 годзе. І для мяне сёння Беларусь і Украіна вельмі блізкія — яны маюць агульны боль і агульную надзею.
На жаль, сёння Беларусь — дэ-факта акупаваная краіна. На яе тэрыторыі — замежныя войскі, якіх ніхто не запрашаў, але яны засталіся. І гэта забяспечвае стабільнасць рэжыму. Калі гэта не акупацыя, то што тады?
Але ўсё, што мае пачатак, мае і канец. І гэта таксама скончыцца. Я ўпэўнены: мы існуем дзякуючы іншым людзям. Мая свабода — вынік дзеянняў тых, каго я нават не ведаю. І мы самі ствараем умовы, у якіх могуць жыць іншыя.
Нельга губляць надзею. Бо нават самыя цёмныя рэчы маюць канец. Але яны не заканчваюцца самі — людзі іх спыняюць. Наш абавязак — дзейнічаць. І несці адказнасць за свае дзеянні і бяздзеянне.
У маім жыцці цяпер дзве асноўныя плыні: вайна і любоў. Я ніколі так не цаніў людзей, як цяпер. І ніколі не разумеў так глыбока, што ўсё трымаецца на салідарнасці, спачуванні і любові. Людзям, што побач, патрэбныя не лозунгі, а падтрымка. І калі кожны возьме на сябе адказнасць — зло не пройдзе.
***
Максім Буткевіч нарадзіўся 16 ліпеня 1977 года ў Кіеве. Сузаснавальнік «Громадське радіо» (2013) і Цэнтра правоў чалавека ZMINA. Раней працаваў у BBC World Service і на шэрагу ўкраінскіх тэлеканалаў, а таксама ўваходзіў у кіраўніцтва ўкраінскага прадстаўніцтва Amnesty International. Таксама Буткевіч быў каардынатарам і сузаснавальнікам праекта «Без межаў», накіраванага на дапамогу шукальнікам прытулку, украінскім перасяленцам і супрацьдзеянне мове варожасці.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬМаці і сын, якія разам пакінулі «Азоўсталь», сустрэліся падчас учорашняга абмену праз тры гады палону
Памятаеце старшыню Геральдычнай рады, якая распрацоўвала дызайн пашпарта «Новай Беларусі»? Мікіта Забуга пайшоў ваяваць
«Сядзеў сем разоў за крадзяжы». Каларытны беларус трапіў ва ўкраінскі палон, паваяваўшы тыдзень
«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў

Каментары
И—для беларусов братья украинцы. Вы —никогда! НИКОГДА!