«35-40 тысяч рублёў!» Лукашэнка абураны, што ў спорце нехта атрымлівае «тры заробкі прэзідэнта»
На нарадзе з міністрамі Аляксандр Лукашэнка чарговы раз раскрытыкаваў становішча спраў у беларускім спорце і зрабіў заяву, якая патэнцыйна можа дадаць сур'ёзных праблем федэрацыі футбола.

Лукашэнка перапрызначыў Сяргея Кавальчука на пасаду міністра спорту і турызму Беларусі. У новым складзе ўрада былы ахоўнік Лукашэнкі будзе найстарэйшым: ён кіруе міністэрствам з 2018 года.
Чарговае пераназначэнне Кавальчука здзіўляе, улічваючы, што Лукашэнка пры любым зручным выпадку крытыкуе беларускі спорт і пагражае крайнімі мерамі. Не адышоў ад традыцыі палітык і гэтым разам. Ён анансаваў скарачэнне фінансавання беларускага спорту, піша БелТА.
«Што тычыцца жорсткіх патрабаванняў па заробках, падатках і іншае, папярэдзьце ўсіх: хай рыхтуюцца да прыстойных зменаў. Гэта ж не справа, што мы за бюджэт усіх утрымаем. І ўжо і жаба, і вожык — усё за бюджэт», — сказаў Лукашэнка Кавальчуку.
Ён таксама параўнаў зарплаты некаторых трэнераў са сваёй і абурыўся.
«А то мы сёння спрачаемся па зарплаце і іншае. Некаторыя ў нас трэнеры, якія ў плэй-оф не трапілі ў асобных відах спорту, яны атрымліваюць тры зарплаты прэзідэнта. Па 35-40 тысяч рублёў. Таму ўсё трэба прыводзіць у адпаведнасць», — адзначыў Лукашэнка.
Раскрытыкаваў ён і беларускі футбол — адзіны гульнявы від спорту, у якім зборныя Беларусі не адхілены ад міжнародных спаборніцтваў. Тут ён закрануў даўні канфлікт паміж Кавальчуком і кіраўніком федэрацыі футбола Мікалаем Шарстнёвым. І фактычна заняў бок першага.
«Але я вам ужо казаў. Вам трэба гэтую валакіту з Шарстнёвым спыніць. Калі Шэрстнёў не здольны працаваць на гэтай пасадзе, значыць, будзем шукаць іншага чалавека. Але да вырашэння вашай спрэчкі адзін шлях — вынік. Ты як спартсмен гэта добра ведаеш. Ёсць вынік — добра. Няма выніку — дрэнна. Мне шмат тут казалі, расказвалі, але я не бачу ў футболе пакуль выніку», — заявіў Лукашэнка.
Такая заява патэнцыйна можа дадаць праблем беларускім футболе. Згодна з статутамі ФІФА і УЕФА дзяржавы не маюць права ўмешвацца ў справы футбольных асацыяцый, тым больш у іх кадравую палітыку. За парушэнне гэтага правіла краіну могуць адхіліць ад удзелу ва ўсіх міжнародных спаборніцтвах на ўзроўнях зборных і клубаў.
-
У Мінску адкрылі новую дыспетчарскую станцыю замест знесенай савецкай. Але будынка там няма — толькі бытоўка і біятуалет
-
У Беларусі за апошнія гады ліквідавалі 40 праваслаўных прыходаў
-
У Беларусі перастала працаваць сістэма анлайн-кантролю за рухам тавараў — ад шын да фенаў. Гэта не першы такі збой сёлета
Цяпер чытаюць
Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал
Каментары