Вайна1010

Разам з УСУ на тэрыторыю Расіі ўвайшла амерыканская вайсковая група FOG. Што за яна?

Расійскі МЗС выклікаў часовага паверанага ў справах ЗША з-за прысутнасці ў Курскай вобласці «амерыканскай ПВК». І сапраўды, адна з амерыканскіх вайсковых арганізацый выклала фоты свайго ўдзелу ва ўкраінскай аперацыі пад Курскам, чым выклікала масавую істэрыю расіян. Расказваем, што вядома пра групу FOG і наколькі яна моцная.

Былыя марскія пехацінцы і спецназаўцы ЗША ў складзе амерыканскай недзяржаўнай вайсковай арганізацыі Forward Observations Group (FOG). Фота: афіцыйная інстаграм-старонка FOG

Амерыканская недзяржаўная вайсковая арганізацыя Forward Observations Group («Група нападу і назірання»/FOG), якая складаецца з былых марпехаў і спецназаўцаў ЗША, прызнала свой удзел ва ўкраінскім наступе пад Курскам. 

Гэта выклікала жорсткую рэакцыю расійскага МЗС, які абвінаваціў ЗША ў адкрытай агрэсіі супраць Расіі і абвясціў «амерыканскіх наймітаў» законнай вайсковай цэллю, перадае руская служба Бі-бі-сі.

Абурыліся навіной і расійскія Z-каналы, якія паўтаралі ўслед за МЗС пагрозы ў бок амерыканцаў. У Савеце Федэрацыі Расіі, у сваю чаргу, паабяцалі «амерыканскім наймітам» або смерць, або пажыццёвае зняволенне за наёмніцтва ў выпадку іх траплення ў палон.

Разабраліся, адкуль увогуле ўзяліся ва Украіне прафесійныя (хоць і былыя) амерыканскія вайскоўцы, ці можна іх лічыць наймітамі і якімі магчымасцямі валодае група FOG.

Што сабой уяўляе FOG?

Нягледзячы на расійскія абвінавачванні ў наёмніцтве амерыканская група FOG, якая ўвайшла пад Курск, не з'яўляецца прыватнай ваеннай кампаніяй. Афіцыйна арганізацыя называе сябе толькі «брэндам вайсковага ладу жыцця», які аб'ядноўвае ветэранаў баявых дзеянняў, якія звольніліся з узброеных сіл ЗША. Тыя, хто ўвайшлі ў склад арганізацыі, лічацца «добраахвотнікамі».

Як піша выданне Vice News, група FOG была заснаваная былым амерыканскім марпехам Дэрэкам Бэйлсам, які служыў у Афганістане ў складзе 173-й паветрана-дэсантнай брыгады ЗША, і першапачаткова ўяўляла сабой брэнд тактычнага вайсковага начыння.

Аднак потым члены групы ў якасці «рэпарцёраў» і «медыкаў» сталі з'яўляцца ў гарачых пунктах Блізкага Усходу, дзе здымалі кадры мясцовых боесутыкненняў і дапамагалі параненым жыхарам і салдатам медыкаментамі. Тое ж самае члены FOG рабілі і ва Украіне яшчэ да поўнамаштабнага расійскага ўварвання.

Пры гэтым, як адзначае Vice News, некаторыя члены FOG ужо ў 2018-2021 гадах аказвалі непасрэдную вайсковую дапамогу ўкраінскай арміі ў вайне з прарасійскімі сепаратыстамі на Данбасе. 

Кіраўнік FOG Дэрэк Бэйлс афіцыйна абвяргаў удзел сваіх добраахвотнікаў у баях ва Украіне, але ягоны прэс-сакратар заявіў, што прыезд членаў FOG на Данбас узгадняўся са Службай бяспекі Украіны і Міністэрствам абароны краіны.

У дадатак да гэтага сам Бэйлс публікаваў відэа на YouTube (цяпер выдалена), дзе ён разам з байцамі FOG удзельнічае ў баях за аэрапорт Данецка. Былі і сумесныя фоты Бэйлса з членамі ўкраінскага батальёна «Азоў», адзначае Vice News.

Адзін з байцоў групы FOG каля Данецка, 2021 год (выява з-за дрэннай якасці была палепшана праз нейрасеткі). Фота: Wikimedia Commons

З таго моманту група FOG стала мішэнню расійскай прапаганды, якая тым самым хацела даказаць «адказнасць ЗША за развязванне канфлікту на Данбасе». У прыватнасці, група ў 2021 годзе абвінавачвалася Крамлём у спробах зладзіць правакацыю з прымяненнем хімічнай зброі, што адмаўляла як сама група, так і ўрады ЗША і Украіны.

Калі праз год Расія ўварвалася ва Украіну, група FOG адразу пачала дзейнічаць на многіх кірунках фронту, у тым ліку ў абароне Кіева і Бахмута.

Байцы FOG сталі актыўна выкарыстоўваць сімвал, на якім рагаты шкілет з аўтаматам і капʼём працінае чырвоную літару F, з якой пачынаецца назва групы.

Украінскія ваяры разам з байцамі FOG, якія трымаюць у руках сцяг з сімвалам сваёй арганізацыі. Фота: афіцыйная інстаграм-старонка FOG

Колькасць байцоў у складзе FOG дакладна невядомая. Расійскія Z-рэсурсы сцвярджаюць, што ва Украіне ваюе некалькі сотняў былых амерыканскіх марпехаў, аднак улады Украіны і ЗША гэтую інфармацыю не пацвярджалі.

Сама група ў сацсетках дэманструе, што выкарыстоўвае ў сваіх аперацыях лёгкую бранятэхніку, транспартную і баявую авіяцыю (акрамя знішчальнікаў) і марскія катары. Байцы FOG носяць стандартнае амерыканскае ўзбраенне і браню.

Вялікі атрад былых марпехаў ЗША ў складзе FOG ва Украіне, 2023 год. Фота: афіцыйная інстаграм-старонка FOG

Акрамя Украіны, група FOG (мяркуючы па яе сацсетках) адначасова дзейнічае ў Сірыі, Іраку, Емене і сектары Газа, дзе трэніруе мясцовыя сілы бяспекі, а таксама ваюе супраць ісламісцкіх тэрарыстаў і праіранскіх баевікоў. Наконт магчымых боесутыкненняў у гэтых краінах з расійскімі вайскоўцамі ці наймітамі «Вагнера» амерыканская група нічога не паведамляла.

Пры гэтым у «Вагнера» ёсць зуб на FOG, што, у прыватнасці, выражалася ў продажы расійскімі наймітамі мерчу з выявамі, дзе адзінокі вагнеравец заносіць кувалду над асноўным сімвалам FOG.

Адзін з прыкладаў вагнераўскага мерчу, дзе адлюстраваны знішчаны сімвал амерыканскай вайсковай групы FOG. Фота: расійскія Z-каналы

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары10

  • Усе задаволены
    20.08.2024
    Разам з украінскімі войскамі ў Курскую вобласць заехалі беларускія байцы на танках, амерыканскі FOG на рагатым нячысціку, легіён "Свабода расіі" на роварах, польскія фермеры на трактарах, малдоўскія цыганы на крадзеных конях і дастаўшчыкі піццы (пешкі).
  • Валькірыя
    20.08.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Алесь
    21.08.2024
    Америка великая страна. Спасибо богу что она существует.

Цяпер чытаюць

«На 15 хвілін выключылі святло — божа мой, з Украінай параўналі». Лукашэнка патлумачыў, колькі эканоміць на вулічным асвятленні33

«На 15 хвілін выключылі святло — божа мой, з Украінай параўналі». Лукашэнка патлумачыў, колькі эканоміць на вулічным асвятленні

Усе навіны →
Усе навіны

Мікалай Чаргінец напісаў ліст Трампу і пахваліўся купленымі дыпломамі31

Трамп заявіў, што ўжо спыніў некалькі ядзерных войнаў. У тым ліку паміж Расіяй і Украінай11

Беларусам спрасцілі наведванне памежнай зоны1

Біл Гейтс шкадуе пра кожную хвіліну, праведзеную з Джэфры Эпштэйнам7

У Гомелі прадаюць заціскачкі для хлебных боханаў. Аказваецца, і яны некаму патрэбныя2

Мінчанка выратавала лебедзя, якога дзяўблі вароны на Камсамольскім возеры1

БЧ: Польскія цягнікі не вытрымалі вялікіх маразоў. Але магчыма гэта няпраўда7

На Сашу Філіпенку завялі крыміналку за расповед пра ўласную творчасць1

Украіна заяўляе, што ўдарыла «Фламінга» па палігоне, адкуль Расія запускае «Арэшнік». Які вынік?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На 15 хвілін выключылі святло — божа мой, з Украінай параўналі». Лукашэнка патлумачыў, колькі эканоміць на вулічным асвятленні33

«На 15 хвілін выключылі святло — божа мой, з Украінай параўналі». Лукашэнка патлумачыў, колькі эканоміць на вулічным асвятленні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць