Сібірская язва ўжо ў Маскве. Ці ёсць небяспека, што гэтая зараза дойдзе да Беларусі?
Страшная інфекцыйная хвароба пачала распаўсюджвацца па рэгіёнах Расіі. Днямі з'явілася інфармацыя, што выпадак захворвання выяўлены ў Маскоўскай вобласці.

Першыя два выпадкі захворвання былі зафіксаваны ў Чувашыі 15 сакавіка. Праз тыдзень медыкі выявілі трэці выпадак сярод тых, хто кантактаваў з першымі захварэлымі. Але спыніць распаўсюд не ўдалося. 23 сакавіка пацыент з сібірскай язвай быў шпіталізаваны ў Сергіевым Пасадзе пад Масквой. Ён прыехаў з Чувашыі.
Ці трэба баяцца яе трапляння ў Беларусь? Паспрабуем разабрацца.
Сібірская язва, ці, як яе называлі ў Беларусі даўней, вуглік, мае старажытную гісторыю. Хвароба адметна тым, што на яе хварэюць і з'яўляюцца пераносчыкамі як людзі, так і жывёлы. Яна працякае маланкава і (у чалавека) пераважна ў карбункулёзнай форме. Характарызуецца інтаксікацыяй, запаленнем скуры, лімфатычных вузлоў і ўнутраных органаў.
Хваробу выклікае спецыяльная бактэрыя. Па-за арганізмам пры доступе кіслароду яны ўтварае споры. Яны маюць вялікую ўстойлівасць да высокіх тэмператур, высушвання і сродкаў дэзынфекцыі. Споры ў глебе могуць захоўвацца стагоддзямі. Пры ўздзеянні прамых сонечных промняў яны гінуць праз 10—15 сутак.
Інфекцыя пранікае праз пашкоджанні на скуры. Здараецца, што і праз слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і страўнікава-кішачнага тракту. Інкубацыйны перыяд складае ад некалькіх гадзін да 2—3 дзён (здараецца і да сямі).
Першае праяўленне хваробы — сверб. Пасля з'яўляецца гнойная пляма, якая пазней пачынае пузырыцца. Праз некалькі дзён яна пераўтвараецца ў язву, якая баліць. Язва пакрываецца чорным струпам. У чалавека павышаецца тэмпература, баліць галава, ломіць косці. Смяротнасць наступае ў 20%.
Пры лёгачнай форме павышаецца тэмпература, пачынае калаціць, з'яўляюцца болі ў грудзях, пачынае выдзяляцца макрота. Праз 3—5 дзён развіваецца вострая лёгачная недастатковасць. Смерць наступае ў 90% выпадкаў. Пры раннім лячэнні яна зніжаецца напалову.
Самая рэдкая форма — кішачная, якая праяўляецца ў моцных болях у паясніцы і жываце, млоснасці, ванітаванні, вадкім стуле з кроўю. Смяротнасць — 25—60%.
Галоўнае пры лячэнні — ранні прыём антыбіётыкаў. Затрымка значна зніжае шанцы на выжыванне. Усе існуючыя прэпараты эфектыўныя толькі ў выпадку іх ранняга прыёму.
Успышкі сібірскай язвы перыядычна фіксаваліся як у старажытнасці, так і ў навейшы час.
Напрыклад, газета «Наша Ніва» (№ 23) у 1914 годзе паведамляла пра эпідэмію вугліка ў Свянцянскім уездзе ў двары Шэметава памешчыка Скірмунта. Ад яе гінула скаціна.
Апошні вядомы выпадак быў зарэгістраваны ў вёсцы Хатомель Столінскага раёна 10 жніўня 2019 года. Тады таксама хварэлі жывёлы.
У Расіі выпадкі сібірскай язвы здараюцца рэгулярна. Яе выяўлялі ў 2019 і 2022 гадах ў Стаўрапольскім краі, у 2020-м — у Дагестане. І вось ў гэтым годзе ў Чувашыі. Прычым хварэюць людзі.
Вядомы выпадкі штучнага распаўсюджвання хваробы. Так у 2001 годзе споры вугліка былі дасланы па пошце ў некалькі офісаў СМІ і двум сенатарам у ЗША. Заразіліся 22 чалавекі. З іх пяць памерлі.
Лічыцца, што чалавеку нельга заразіцца сібірскай язвай ад іншага чалавека. Галоўнай крыніцай з'яўляецца ўжыванне прадуктаў жывёлагадоўлі (мяса, малака), якія не прайшлі ветэрынарна-санітарную экспертызу.
Таксама заражэнне можа наступіць пры доглядзе за хворай жывёлай, яе забіцці, зняцці скуры, разбіранні туш, пахаванні трупаў, а таксама пры кантакце з прадуктамі жывёлагадоўлі, якія ўтрымліваюць споры сібірскай язвы.
Заразіцца таксама можна пры ўжыванні вады, праз укусы насякомых (мух, слепняў), а таксама паветрана-кропельным шляхам.
Існуе вакцына супраць сібірскай язвы. Для жывёл яна прадаецца ў ветаптэках. А вось калі беларус захоча прышчапіцца, то сутыкнецца са складанасцямі.
Гэтая прышчэпка не ўваходзіць у пералік 12 інфекцыйных захворванняў, унесеных у Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак. Але ёсць у спісе 18 інфекцый, імунізацыя супраць якіх праводзіцца па эпідэмічных паказчыках. Звычайна імунізацыі падвяргаюцца асобы, якія адносяцца да групы рызыкі. Яна робіцца раз на 5 гадоў.
Такім чынам, улічваючы той факт, што галоўным распаўсюджвальнікам гэтай заразы з'яўляюцца жывёлы, можна з вялікай упэўненасцю сцвярджаць, што эпідэміі не будзе.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
"
а что тогда есть, господин?