Навукоўцы сцвярджаюць, што пры некаторых абставінах лаянка можа быць карыснай. Але ёсць нюансы
Атрымоўвалі ад бацькоў у дзяцінстве за мацюкі? Аказваецца, дарма! Насамрэч лаянка можа быць дужа карыснай — глядзіце самі.

Як высветлілі навукоўцы, калі мы мацюкаемся, каб выразіць радасць або салідарнасць, гэта можа станоўча паўплываць на нашы адносіны. Лаянка можа прымусіць нас выглядаць больш пераканаўча, дапамагчы людзям смяяцца, спраўляцца з агрэсіяй на дарозе і нават палегчыць адчуванне болю, піша The Times.
Навукоўцы, аднак, папярэджваюць: будзьце ўважлівыя, дзе і перад кім вы лаецеся, калі не хочаце, каб пра вас дрэнна падумалі.
Даследчыкі з Брытаніі і Швецыі адзначаюць, што нецэнзурную лаянку доўгі час не прымалі як належную тэму для сур’ёзных даследаванняў, бо мацюкі лічыліся прыкметай агрэсіі, слабага валодання літаратурнай мовай ці нават нізкага інтэлекту. Цяпер жа ў навукоўцаў шмат сведчанняў, якія аспрэчваюць гэтае меркаванне.
Навукоўцы вывучылі 100 навуковых прац па лаянцы і высветлілі, што яна «бясспрэчна адрозніваецца ад іншых формаў выкарыстання мовы і мацнейшая за іх», і нават можа быць звязана з іншай часткай мозгу, чым звычайнае маўленне.
Даследчыкі сфармулявалі некалькі мэтаў лаянкі, якія можна назваць у цэлым станоўчымі. Сярод іх у тым ліку перадача такіх эмоцый, як радасць, гнеў, хваляванне і страх, а таксама адчуванне салідарнасці і таварыства з сябрамі. Лаянку могуць выкарыстоўваць дзеля гумару і акцэнту на асобных словах.
Лаянка, лічаць навукоўцы, можа валодаць такой эмацыянальнай сілай, якой няма ў іншых формах маўлення, бо яна здольная выклікаць у слухача эмацыянальнае ўзбуджэнне. Таксама лаянка можа прымусіць ставіцца з большым даверам як да самой інфармацыі, што перадаюць з яе дапамогай, так і да тых, хто гаворыць. Праведзеныя ў сярэдзіне 2000-х гадоў даследаванні паказалі, што людзі ўспрымаюць тэкставыя паведамленні з мацюкамі як больш праўдападобныя і пераканаўчыя, чым тыя, у якіх няма лаянкі.
У шэрагу даследаванняў па пераноснасці болю было выяўлена, што ўдзельнікі маглі даўжэй трымаць рукі ў ёмістасці з ледзяной вадой, калі пры гэтым яны лаяліся. Праца 2018 года паказала, што лаянка дапамагала кіроўцам спраўляцца з гневам у стрэсавых сітуацыях на дарогах. Іншая праца, зробленая ў 2014 годзе, паказала, што патэнцыйныя выбаршчыкі лепш ставіліся да тых палітыкаў, якія лаяліся ў блогах, бо пачуць ад іх маўленне ў менш афіцыйным стылі было для людзей добрым сюрпрызам.
Каментары
а в шоу? или шо у него там?