Грамадства1717

«Калі б не выжыў — каму б былі дзеці патрэбныя?» Выздаравеў падпалкоўнік Ваеннай акадэміі, які правёў два тыдні на ШВЛ

Руслан Ушакоў — падпалкоўнік Ваеннай акадэміі, адзін з першых вайскоўцаў, які захварэў на каранавірус. Ушакоў два тыдні правёў на штучнай вентыляцыі лёгкіх, быў у коме, за яго лёсам сачыла ўся вайсковая супольнасць сталіцы.

Чытайце: 40-гадовы падпалкоўнік Ваеннай акадэміі на ШВЛ. Жонка абураецца фэйкамі ў інтэрнэце

Насуперак прагнозам Руслан адужаў, вярнуўся да службы і нават ўсміхаецца. «Наша Ніва» папрасіла яго расказаць, як гэта ўсё было. Ён пагадзіўся. 

Руслан Ушакоў. Калі прыгледзецца, то пад каўнерам бачны шрам — гэта ад апарата ШВЛ.

Руслан адчуў, што захварэў, 25 красавіка. Гуляў з дзецьмі пасля абеда, як раптам адчуў, што пачынае гарэць — градуснік паказаў за 39!

«Спачатку думаў пра звычайную прастуду, маўляў: саб'ю тэмпературу і ўсё будзе нармальна. Але не збівалася. У панядзелак ужо выклікалі доктара, а той прыйшоў без абароны, без нічога, выпісаў уколы. Але на наступны дзень жонка настаяла на тым, што трэба ў шпіталь», — расказвае вайсковец.

Усё развівалася імкліва. У 432-ы галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр узброеных сіл Ушакоў трапіў 28 красавіка, праз тры дні пасля першага ўздыму тэмпературы. 

А 29 красавіка, выходзіць, яго ўжо ўвялі ў кому і падключылі да ШВЛ.

«Калі я прыехаў, думаў, што ну максімум кропельніцы будуць ставіць, а праз тыдзень паеду дадому. Сур'ёзнасць сітуацыі я не разумеў, — кажа Ушакоў. — Я нават не ведаў значэння слова «сатурацыя». Ну нешта на палец чаплялі, мералі, там лічбы былі 93, 92, 90… Але гэта ў кіслароднай масцы. Потым памералі без яе і ўсё — доктар сказаў пераводзіць у рэанімацыю. Але я гэта ўжо слаба памятаю, ведаеце, вельмі моцна хацелася спаць. Я гляджу на гэтых людзей перада мной: доктар, санітаркі, я адзін раз міргаю, потым другі… І ўсё, яны знікаюць, наступны раз я іх убачыў 8 мая». 

Вайсковец кажа, што ў коме яму запомніліся толькі белыя плямы перад вачыма, якія часам разбаўлялі цемру — нібыта перад заплюшчанымі вачыма ўключалі і адключалі ліхтарык. Больш нічога.

«Калі раскатурхаўся — перада мной стаіць доктар. Кажа: «Буду задаваць пытанні, гаварыць вы не можаце, ківайце галавой «так» ці «не» або паказвайце рукамі». А я не зразумеў, пачаў гаварыць, а атрымлівалася толькі «хрррхрр» — трубка ў горле. Я ж не ведаў, што са мной адбылося. Гэта мне яны патлумачылі, колькі дзён я быў у коме», — кажа Ушакоў.

Вельмі высока вайсковец адгукаецца пра дактароў і санітарак. 

«Усё магчымае рабілі, а дзяўчаты-санітаркі — медыкі з вялікай літары. Мяне падтрымлівалі, усё рабілі — гэта ж і ў туалет трэба неяк і іншае», — дзякуе Ушакоў.

На ШВЛ афіцэра трымалі ажно да 14 мая. Першы час яго асцярожна кармілі праз шпрыц, потым ён спрабаваў есці сам у моманты, калі адключалі апарат для трэніроўкі ўласных лёгкіх. 

Кажа, што работы ШВЛ не адчуваў — падстроіўся пад яго.

«Першыя дні я быў вельмі-вельмі слабы, рукі трэсліся, трэніроўкай было проста падымаць іх. Недзе 14 мая ўпершыню напісаў жонцы па вайберы: «Прывітанне, любая». Яна адказала, што я малайчына, скінула фота з дзецьмі. Я тады яшчэ не ведаў, што яны таксама хварэюць. Але яны лёгка перанеслі. А таксама ўсе іх вельмі падтрымлівалі: прадукты прывозілі, грошы пералічвалі. Падтрымка была», — кажа Ушакоў і дадае, што зрабіў важную выснову пасля гэтай гісторыі. 

Ушакову 41 год, ён намеснік начальніка ваенна-метадычнага аддзела Ваеннай акадэміі. 

«Усвядоміў, што самае галоўнае — сям'я. Мяне як перавялі на рэабілітацыю, дык тады першы раз пачаў думаць пра смерць, што мог і не выкараскацца. Стала страшна, што калі б не выжыў — каму б былі дзеці патрэбныя? Важней за сям'ю нічога няма! Раней неяк прасцей ставіўся, як да натуральнага, а цяпер як да самага дарагога», — рэзюмуе Руслан.

Таксама ён за час хваробы скінуў 16 кілаграм, прыняў рашэнне правільна харчавацца і не закідваць спорт.

Але дзе заразіўся, так і не зразумеў: кажа, мо ў грамадскім транспарце, мо ў краме. 

«Але я ж раней ніякіх правілаў бяспекі і не выконваў, а цяпер вось стаў насіць маску. І думаю, што ўсё магчымае трэба рабіць, каб не захварэць. Берагчы сябе і блізкіх. Выконваць усё, пра што гаворыцца адусюль: трэба насіць маскі, мыць рукі, трымаць дыстанцыю», — кажа Ушакоў. 

Каментары17

Цяпер чытаюць

Астранаўты з «Арыёна» прыслалі ФОТА Зямлі9

Астранаўты з «Арыёна» прыслалі ФОТА Зямлі

Усе навіны →
Усе навіны

Тры прасцюсенькія перамены ў звычках могуць падоўжыць жыццё4

Рэдкі чарнавік песні Боба Дылана знайшлі ў кнізе, што прадавалася ў кнігарні

Усё менш і менш: колькі і якія візы выдае беларусам Германія3

Лукашэнка выцягнуў Умку нават на хакейную пляцоўку ВІДЭА10

Трамп звольніў генеральнага пракурора. Гэта можа быць звязана са справай Эпштэйна3

Начальнік са Следчага камітэта ехаў п'яным, груба парушаў ПДР, біўся з даішнікамі і ўцякаў ад іх. Атрымаў «хімію»5

Што вядома пра беларускага ГРУшніка, які працуе на латвійскім кірунку?11

У Іўеўскім раёне ўначы згарэла аграсядзіба. Недакурак кінуў сам гаспадар

«Мы хацелі стварыць вайб «Хлопчык, гарэлачкі мне прынясі!» У Мінску пачала працаваць «Жаночая піўная» — афіцыянты там адны мужчыны26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Астранаўты з «Арыёна» прыслалі ФОТА Зямлі9

Астранаўты з «Арыёна» прыслалі ФОТА Зямлі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць