Грамадства2626

«Раней прыходзіў Барыс Дуброўскі, але ён памёр». Актывістка Ніна Багінская ў адзіночку пікетуе рэстаран у Курапатах

73-гадовая Ніна Багінская штоаўторак прыходзіць на традыцыйную варту ў Курапатах каля рэстарацыі «Поедем поедим», паведамляе «Радыё Свабода».

Ужо больш за два тыдні пікетаваньне рэстарацыі са штодзённага перайшло ў эпізадычны рэжым. На варту актывісты выходзяць у асобныя дні і ня больш як па 2-3 чалавекі, а то і ў адзіночку.

Ахоўніку сказала: «Парвеш сьцяг, пашыю новы. А табе будзе сорамна»

На дрэве побач з плотам рэстарацыі б’ецца на ветры невялікі бел-чырвона-белы сьцяг, пад ім вісіць стары заплечнік, але гаспадара сьцяга і заплечніка нідзе не відаць. Уваходжу на двор рэстарацыі, і толькі тут мяне сустракае Ніна Багінская. На грудзях плякат «Чамадан. Вакзал. Расея». У руках аркуш і асадка, куды актывістка заносіць нумары машын, што прыяжджаюць у рэстарацыю «Поедим поедим».

«Бачыце, толькі 15 нумароў сёньня, а раней па тры такія аркушы запаўняла. Людзей едзе ўсё меней. Не разумею, на чым рэстарацыя трымаецца, але неяк жывуць. Толькі і мы не здаёмся, — пачала Ніна Багінская расказваць пра варту каранавірусных часоў. — Даю тыя нумары нашым хлопцам. Яны вядуць улік, спрабуюць засароміць гэтых людзей, аналізуюць, адкуль прыехалі».

Яна расказала, як ахоўнік рэстарацыі Мікалай спрабаваў выгнаць яе з-за плота, дзе яна хавалася ад моцнага ветру, а яна ўпіралася. Тады ахоўнік пагражаў разарваць сьцяг.

«Сказала яму, хай рве, калі ня сорамна. Я ж пашыю новы і зноў прыйду. Ён думае, што калі засталася адна, дык запалохае? Не на тую нарваўся».

Лёзунг «Чамадан. Вакзал. Расея», на думку Багінскай, якраз сёньня актуальны.

«Гэты лёзунг вылучыла апазыцыя ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, калі Расея пачала патрабаваць шчыльнай інтэграцыі ад Беларусі. Гэта было ў красавіку 1995 году, якраз 25 год таму. Цяпер новы наступ на незалежнасьць Беларусі. Але лёзунг яшчэ і супроць тых мясцовых, хто дапамагае Расеі тут», — кажа Ніна Багінская.

Не баіцца каранавірусу

Жанчына ня носіць мэдычнай маскі, рукі без пальчатак. Пытаюся, ці не баіцца падхапіць тут хваробу альбо неяк засьцерагаецца?

«А чаго мне баяцца? У рэстарацыю я не хаджу, з наведнікамі кантактую праз шкло іх аўтамабіляў. Мяркую, ад каранавірусу найперш карысны імунітэт, таму, як магу, яго падтрымліваю. У тым ліку тым, што знаходжуся тут на халодным ветры, а каб не замерзнуць, хаджу, рухаюся. Мне адной нават лепш, чым у кампаніі: ніхто не замінае думаць», — кажа Ніна Багінская.

Пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» пачалося амаль два гады таму, на пачатку чэрвеня 2018 году. Пратэстоўцы дамагаюцца закрыцьця ўстановы, якая, на іх думку, пабудавана ў ахоўнай зоне Курапатаў праз карупцыйную схему.

На агульных сходах прадстаўнікоў апазыцыйных партый і арганізацый з удзелам асобных абаронцаў Курапатаў ня раз пастанаўлялі, што пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» будзе працягвацца, пакуль яе не зачыняць. Але ў сакавіку сытуацыя зьмянілася. З прычыны каранавірусу некаторыя актывісты пачалі прапускаць варты, пікетаваньне зрабілася нерэгулярным.

Ніна Багінская кажа, што ёй было б цяжка сысьці безь перамогі, але, калі б такое рашэньне было прынята, яна б падпарадкавалася. Хоць спадзяецца, што такога не адбудзецца.

«Як вырашыць моладзь, у асноўным яна тут запраўляе. Я ж гатовая змагацца далей. Ведаю, што апроч мяне выходзяць Зьміцер Дашкевіч, Ганна Шапуцька з мужам Віктарам, магчыма яшчэ хто. Я адказная за аўторак і працягваю сваю справу рабіць. Раней прыходзіў па аўторках Барыс Дуброўскі, ён заўсёды быў са сьцягам, зь ім было цікава і пагаварыць, але ён памёр. Вельмі шкадую, добры быў чалавек і вельмі сумленны».

«Нават міліцыянты дапамагалі ў рэанімацыі Барыса, ліхтарыкамі сьвяцілі»

Ніна Багінская была апошняй, хто кантактаваў з абаронцам Курапатаў Барысам Дуброўскім. Яна згадвае падзеі 17 сакавіка, калі той у апошні раз дзяжурыў у Курапатах і па дарозе з варты памёр, фактычна ў яе на руках.

«Мы аддзяжурылі, усё было нармальна. Барыс згарнуў сьцяг, сабралі рэчы, пайшлі да прыпынку. Звычайна я іду адразу адсюль пад кальцавую і па тым баку іду да прыпынку, а ён любіў хадзіць праз Галгофу. Але ішлі ж разам, і я пагадзілася прайсьці ягоным маршрутам. Прайшлі, ужо былі за кальцавой, ішлі міма таго месца, дзе стаялі намёты, калі апошні раз баранілі Курапаты ад будоўлі. А ён якраз у той дзень надзеў новыя красоўкі і казаў, што намуляў нагу. І вось ідзём, ужо непадалёк ад вуліцы Мірашнічэнкі, як Барыс паваліўся са сьцежкі наўпрост на хмызьняк. Кінулася яму дапамагаць, каб выцягнуць, падняць, а ён не варушыцца».

Багінская расказвае, што на дапамогу прыйшлі людзі. Хтосьці зь іх нават пазнаў у Дуброўскім абаронцу Курапатаў. Выклікалі хуткую, зьявіліся міліцыянты.

«Тыя нават дапамагалі лекарам, усё ліхтарыкамі ад тэлефонаў сьвяцілі. Дзяўчаты з хуткай да апошняга за Барыса змагаліся, рабілі яму штучнае дыханьне, устаўлялі ў рот трубку ад нейкага меха, спрабавалі запусьціць дыханьне. Можа, дзьве гадзіны гэтак было, але потым прызналі, што ўсё, памёр. Вельмі добры быў чалавек».

Дырэктарка рэстарацыі сфатаграфавала карэспандэнта «Свабоды» падчас размовы зь Нінай Багінскай і занатавала нумар яго аўтамабіля.

А 19-й гадзіне вечара ў рэстарацыі «Поедем поедим» не было ніводнага наведніка. На ўваходзе стаяла адміністратарка, уздоўж сьцяны некалькі афіцыянтаў, але за сталамі — пуста. На першым ад уваходу століку наведнікаў чакалі велікодныя булкі — па 12 рублёў за булку. «Аўтарская работа», — патлумачыла вялікі кошт велікодных булак адміністратарка «Поедем поедим».

Каментары26

Цяпер чытаюць

«Сыночак, ты ў мяне адзін». Маці з Дуброўна просіць 18‑гадовага сына вярнуцца з расійскай арміі і звяртаецца да Лукашэнкі13

«Сыночак, ты ў мяне адзін». Маці з Дуброўна просіць 18‑гадовага сына вярнуцца з расійскай арміі і звяртаецца да Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі зноў заявіў пра сістэмныя абмежаванні хуткасці Starshield над Украінай — да 161 км/г8

У Рыме ідзе «дождж» з памёту: людзі ходзяць з парасонамі ВІДЭА5

У выніку выбуху ў Санкт-Пецярбургу мог загінуць галоўны штурман 6‑й арміі ВПС і СПА5

Пакаралі літоўскіх памежнікаў, якія стаялі на шухеры пры перакідванні цыгарэт праз мяжу5

Гродзенскі доктар паказаў прадметы, якія выпадкова глыталі дзеці1

У Астане з акна выкінулі чамадан з далярамі3

Ці затопіць Кіеў нечыстотамі? Што будзе з вадой і каналізацыяй з-за расійскіх удараў11

У Парыжы член ганаровай варты знепрытомнеў падчас сустрэчы Макрона з прэзідэнтам Славакіі

Экс-падпалкоўніку КДБ, які «зліў» тэлефонныя размовы Эйсмант пра гібель Рамана Бандарэнкі, дадалі год зняволення16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сыночак, ты ў мяне адзін». Маці з Дуброўна просіць 18‑гадовага сына вярнуцца з расійскай арміі і звяртаецца да Лукашэнкі13

«Сыночак, ты ў мяне адзін». Маці з Дуброўна просіць 18‑гадовага сына вярнуцца з расійскай арміі і звяртаецца да Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць