Тэатр

«Прадалі радзіму за каўбасу!» — у Мінску паказалі маладзечанскі спектакль «Час сэканд-хэнд»

Мінскі абласны драматычны тэатр з Маладзечна паказаў у Мінску «Час сэканд-хэнд» паводле Святланы Алексіевіч. Пра ўражанні ад спектакля для «Нашай Нівы» напісаў крытык Аляксей Стрэльнікаў. 

Спектакль «Час сэканд-хэнд» з'явіўся ў Маладзечне шырока анансаваўся ў СМІ перад прэм'ерай вясной 2018 году, але постфактум водгукаў не з'явілася. Хіба такімі можна лічыць вынікі апытання пабліка Мінскага абласнога тэатра ў ВК, там за яго прагаласавала 7 чалавек з 35, што ёсць даволі высокім вынікам.

Валер Анісенка адмыслова абраў гэты спектакль для мінскіх гастроляў тэатра, у нас была магчымасць паглядзець, як у Беларусі ставяць спектаклі па кнігах, якія the Guardian прызнае ў тройцы найлепшых за ХХІ стагоддзе. Традыцыя пастановак паводле Алексіевіч яшчэ толькі фарміруецца, але на дакументальныя спектаклі ёсць сталы попыт.

Вельмі рэдка пабачыш цікавую форму для дакументальнага спектакля. Як правіла гэта тым ці іншым чынам зрэжысіраваныя маналогі, часам з групавымі харавымі ўстаўкамі, часам з музыкай, часам з відэа. Менчукі могуць пабачыць гэты фармат спектакляў у праектах Лабараторыі сацыяльнага тэатра, як не дзіўна, мне бачыцца вельмі цікавым параўнаць два такія розныя спектаклі, як, скажам, «Родныя людзі?» і «Час сэканд-хэнд».

Фота з сацсетак тэатра

«Час сэканд-хэнд» Мінскага абласнога тэатра пачынаецца з таго, што акцёры пад хроніку парадаў 30-х гадоў маршыруюць і робяць пластычныя фігуры, а сканчваецца аўтарскай песняй, дзе яны хорам спяваюць пра тое, што не хочуць быць «сэканд-хэнд». За паўтары гадзіны мы слухаем шэраг пранізлівых маналогаў, але нейкая скразная лінія ў спектаклі хіба толькі абазначана. Існуе персанаж, які чытае рэплікі «ад аўтара», але выканаўца, напрыклад, разам з астатнімі спявае савецкія песні, і яе рэплікі быццам такія ж, як і астатнія.

Акцэнт у спектаклі зроблены не на канкрэтных герояў, а на ўмоўнай супольнасці. Супольных сцэн, дзе рэплікі падаюцца з хуткасцю кулямётнай чаргі. Праз гэта знікае канкрэтны чалавек, але ўзнікае эфект натоўпу. Якой бы цікавай ці дасціпнай думка ні была, але ў натоўпе яна зліваецца ў агульны гул. І гэты гул гучыць вельмі трывожна.

Вельмі цяжка вымяраць баланс расповедаў пра агульную гісторыю, са сцэны гучаць гісторыі пра дзяцінства ў лагеры разам са зласлоўямі ў адрас Гарбачова. Агулам, у гэтым складанасць для сцэнічнай перадачы прозы Алексіевіч. У кнізе гісторыі могуць быць раўнапраўнымі, а ў тэатры нейкі маналог можа выглядаць больш пераканаўчым за кошт больш выразнай ігры артыстаў, і вось мы ўжо маем перакос. Ці задумваўся ён рэжысёрам? Ці гэта нейкая ідэя, што лунае ў паветры.

Праз шматлікія рэплікі, якія мы чуем са сцэны, паўстае супольны вобраз крыўды ад страчанай краіны. У спектаклі падкрэсліваецца, што рэплікі агучваюць не толькі беларусы, а, напрыклад, жыхары Іркуцка, але са сцэны няма халоднай аддаленасці да персанажаў. Наадварот, адчуваецца эмацыйная заангажаванасць.

Цікава, якім чынам зроблены мантаж з пункту гледжання эмацыйных перападаў. Вось акцёр выказвае ізноў нейкую ўмоўна крыўдлівую рэпліку, а тут яго спыняе партнёр і раптам гучыць гітара, і вось ужо ўсе разам спяваюць «Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались…» І хвіліны, пакуль гучыць песня, раптам няма каго пераўпэўніваць, усе разам, усё добра, сапраўды ўзнікае эфект настальгічнага вяртання ў СССР.

Гэтага адчування часта няма падчас маналогаў. Часам, як сядзіш у залі, узнікае адчуванне, быццам менавіта ты вінаваты ў тым, што гэтыя людзі на сцэне страцілі радзіму. Вялікую, савецкую, якой можна было б ганарыцца. «Прадалі радзіму за каўбасу!» — гучыць са сцэны.

Цікава назіраць, як гэта робіцца акцёрскі, калі рэплікі прамаўляюцца з мікрапаўзамі, і такім чынам узнікае эфект значнасці выказвання, незалежна ад таго, наколькі яно сапраўды значнае. На жаль, прыёмаў не так шмат, і праз нейкі час пачынаеш ад яго стамляцца… Назіраць за агоніяй чырвонага чалавека цяжка, нават калі настроены адчуваць да яго спагаду.

Адразу пасля спектакля глядзельная зала падзялілася на больш сталую палову, якая абмяркоўвала часы Машэрава, і больш малодшую, якая рабіла сэлфі на фоне буржуазных інтэр'ераў Тэатра юнага гледача.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне13

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Усе навіны →
Усе навіны

20‑гадовы мінчук адважна і перпендыкулярна выехаў перад трамваем4

Гомельскага прадпрымальніка прызналі дармаедам, калі ён квартал спрацаваў без прыбытку6

«Я папрасіла сваю сястру раздрукаваць фотаздымкі з майго акаўнта і прыслаць мне ў калонію». Ларыса Шчыракова расказвае пра фотасесіі ў этнастылі1

У Беларусі запрацаваў медпартал. Зараз звесткі сваёй медыцынскай карты можна праглядаць анлайн7

Спілберг выпускае «Дзень выкрыцця» — новы фільм пра іншапланетнікаў3

Як у Амерыцы. У Бабруйску гандлёвы цэнтр адчынялі з помпай, пераразаннем чырвонай стужкі і штурмам дзвярэй7

У Венесуэле ў выніку землятрусу — больш за 200 загінулых, тысячы людзей лічацца зніклымі без вестак1

Тульская вобласць падверглася атацы дронаў4

Кот д'Івуар, Эквадор, Японія, Швецыя і Аўстралія выйшлі ў плэй-оф чэмпіянату свету1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне13

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць