Грамадства

«Сікстынскую Мадону» ўратаваў беларус

50-ю гадавіну аднаўленьня сваёй працы пасьля другой усясьветнай вайны адзначае гэтымі днямі Дрэздэнская мастацкая галерэя (Цьвінгер). З нагоды гэтага юбілею газэта Moskauer Deutsche Zeitung зьмясьціла артыкул журналіста Тыны Кюнцэля пра тое, дзе, як і кім у траўні 1945 была знойдзеная «Сікстынская Мадона». Галоўны герой нарысу - 87гадовы менскі пэнсіянэр Іван Бяка.

Напачатку вайны галоўныя скарбы галерэі, уключна з «Сікстынскай Мадонай» Рафаэля, былі эвакуяваныя зь Цьвінгераўскага палацу і схаваныя ў розных кутках Саксоніі. Пасьля вайны, паводле загаду савецкага ўраду, знойдзеныя пераможцамі экспанаты апынуліся ў СССР. У Дрэздэн яны вярнуліся ў 1955. Не апошнюю ролю ў гэтым вяртаньні адыграла месца знаходжаньня галерэі - дружалюбная Саюзу ГДР.

Доўгі час экскурсаводы Дрэздэнскай галерэі расказвалі наведвальнікам прыблізна такую гісторыю: «Гэта было травеньскай раніцай 1945. Пасьля брытанскага бамбаваньня і Цьвінгераўскі Палац, і сам Дрэздэн ляжалі ў руінах. Перад батальёнам Чырвонай арміі, які ўвайшоў у гэты горад, была пастаўленая задача: адшукаць галоўныя каштоўнасьці славутай галерэі. Пасьля пільных пошукаў савецкім салдатам удалося знайсьці ў руінах скрыні са скруткамі карцінаў. У адной з такіх скрыняў і была «Сікстынская Мадона» Рафаэля. Маладыя салдаты, убачыўшы шэдэўр, былі настолькі ўзрушаныя, што паводле ўласнай ініцыятывы ўстанавілі ля карціны двайную варту. Потым гэты ды іншыя скарбы накіравалі на рэстаўрацыю ў СССР...»

Журналіст Тына Кюнцэль расказвае сваім чытачам куды больш празаічную гісторыю. Плян кампэнсацыі стратаў савецкіх музэяў за кошт мастацкіх твораў, якія належалі Нямеччыне, пачаў рыхтавацца ў СССР яшчэ ў 1943. У студзені 1945 капітан Чырвонай Арміі Іван Бяка трапіў на службу ў гэтак званую камісію па ваенных трафеях.

Ён мусіў зьбіраць інфармацыю пра рух і месцазнаходжаньне экспанатаў нямецкіх музэяў, а таксама адшукваць іх. У траўні 1945 адзін з маршрутаў капітана палягаў на поўдзень Саксоніі. На сваім шляху група ўбачыла забіты дошкамі чыгуначны танэль. Менавіта там за старымі вагонамі былі і знойдзеныя скруткі прыкладна 160 карцінаў, у тым ліку Рубэнса, Бругэля, ван Дэйка, Рафаэля...

«Наколькі верагоднай падаецца вам гэтая гісторыя?» - пытаюся ў аўтара публікацыі журналіста Тыны Кюнцэля.

(Кюнцэль: ) «Мне цяжка што-небудзь сьцьвярджаць. Напачатку адказная супрацоўніца Дрэздэнскай галерэі доктар Ута Найдгард сказала: «Падобнае немагчыма, паколькі насамрэч гісторыя вельмі дакладна задакумэнтаваная. Акрамя таго, пасьля вайны ў Савецкім Саюзе зьявілася шмат самых розных легендаў пра знойдзенную карціну Рафаэля». Аднак, калі перад публікацыяй я даслаў у Дрэздэн гэтыя свае нататкі, я атрымаў наступны адказ з галерэі: «Вельмі верагодная гісторыя, у ёй шмат такіх дэталяў, якія цяжка прыдумаць». Што да маіх асабістых уражаньняў, то Бяка - ня той чалавек, які здольны выдумляць штосьці неверагоднае».

Тына Кюнцэль дае мне менскія кантакты спадара Бякі і просіць перадаць яму, што артыкул пасьля доўгіх экспэртызаў нарэшце надрукаваны, і што неўзабаве Іван Кандратавіч атрымае яго па пошце.

«Мы вельмі радыя гэтай публікацыі, аднак Іван Бяка, на жаль, памёр некалькі месяцаў таму», гаворыць Вольга, дачка героя нарысу.

(Вольга Бяка: ) «Ведаеце, таты няма. Калі ж пра яго ўзгадваюць, то дзякуй Богу»…

Паводле Вольгі Бяка, бацька вельмі нямногім распавядаў гэтую гісторыю і калі б не ягоны сябар, таксама вэтэран вайны, менчук Мікалай Дуброўскі, гісторыя пра знаходку так і засталася б невядомай. Расказвае Мікалай Дуброўскі.

(Дуброўскі: ) «Гэты быў вельмі сьціплы чалавек. Некаторыя пра сябе любяць шмат расказваць. А гэты наадварот. Я ледзь пераканаў яго сустрэцца з журналістамі… Прыйшлі да яго ў госьці, а ў яго ў двухпакаёвай кватэры чатыры койкі. Я спытаўся ў яго: «Чаму ты так па-жабрацку жывеш?». А ён: «Напэўна не заслужыў. Калі жонка была, то стаяў у чарзе. А калі памерла, выкрэсьлілі з чаргі».

Спадар Дуброўскі сьведчыць, што ён літаральна «выбіў» кватэру для свайго сябра. Шкада, што гэта здарылася незадоўга да сьмерці Івана Бякі, таксама шкада, што яму, Дуброўскаму, так і не ўдалося дапамагчы гэтаму сьціпламу чалавеку ажыцьцявіць ягоную даўнюю мару: наведаць Дрэздэнскую галерэю.

Сам Іван Бяка шкадаваў, што тады, у траўні 1945, яму амаль не ўдалося ўбачыць «Сікстыстынскай Мадоны». Скруткі карцінаў былі тэрмінова перададзеныя кіраўніцтву камісіі па ваенных трафеях.

Радыё Свабода

Каментары

«Дык дадому забяры алкаша абасцанага і выходжвай». Малады загадчык аддзялення бальніцы не стрымлівае сябе ў выразах у сацсетках24

«Дык дадому забяры алкаша абасцанага і выходжвай». Малады загадчык аддзялення бальніцы не стрымлівае сябе ў выразах у сацсетках

Усе навіны →
Усе навіны

Хто і як вырабляў яд для Аляксея Навальнага6

У Мінску адчынілася новая гандлёвая галерэя з фудкортам

Прастытуцыя, педафілія, пратэсты. Прапаганда выпусціла сюжэт пра ліквідаваны фонд дапамогі анкахворым дзецям «КіндэрВіта»6

Вынеслі прысуд аднаму з кіраўнікоў ювелірнага брэнда Bielaruskicry — бо дарыў упрыгожванні Ціханоўскай10

Рубіа заявіў, што ЗША неабходна пераасэнсаваць значэнне НАТА21

46‑гадовага тэхніка з Бабруйска асудзілі па чатырох палітычных артыкулах1

Экс-хакеіста Міхаіла Грабоўскага абвінавацілі ў Канадзе ў нападзе на чалавека4

Гісторыя беларускамоўнага мінскага самелье, які ведае 8 моў і вярнуўся з Жэневы, каб падымаць культуру ў Беларусі17

Дзевяцігадовая школьніца аддала аферыстам ювелірныя каштоўнасці мамы. Яе палохалі дзіцячым домам2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дык дадому забяры алкаша абасцанага і выходжвай». Малады загадчык аддзялення бальніцы не стрымлівае сябе ў выразах у сацсетках24

«Дык дадому забяры алкаша абасцанага і выходжвай». Малады загадчык аддзялення бальніцы не стрымлівае сябе ў выразах у сацсетках

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць