Парламенцкія выбары павінны прайсці ў дэмакратычнай і спакойнай атмасферы, заявіў кіраўнік дзяржавы 27 красавіка на нарадзе па пытаннях удасканалення выбарчага заканадаўства.
«Народнае волевыяўленне, паводле існуючай практыкі, павінна прайсці ў абсалютна дэмакратычнай і спакойнай атмасферы і, самае галоўнае, — на найвышэйшым арганізацыйным узроўні, як гэта ў нас заўсёды было».
Асаблівую ўвагу, паводле слоў Лукашэнкі, варта надаць фарміраванню выбарчых камісій, у склад якіх павінны ўвайсці годныя прадстаўнікі працоўных калектываў, палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў.
«Па традыцыі ў краіну прыедуць і міжнародныя назіральнікі. Абмяжоўваць іх колькасць нам не трэба», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Запрашэнні замежным партнёрам патрэбна накіраваць пасля таго, як будуць прызначаныя даты правядзення выбараў, дадаў ён.
На нарадзе абмяркоўваюцца прапановы па ўдасканаленні выбарчага працэсу, у тым ліку выпрацаваныя на аснове рэкамендацый Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ міжведамаснай экспертнай групай, якая была створаная па даручэнні Лукашэнкі. «Асобныя [прапановы], напэўна, могуць быць рэалізаваныя зараз, іншыя — у далейшым, пры карэкціроўцы норм Выбарчага кодэкса», — зазначыў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка даручыў дакладна вызначыць тыя рэкамендацыі міжнародных назіральнікаў, якія можна прыняць пад увагу ў першачарговым парадку, і не ўлічваць прапаноў, якія ідуць насуперак інтарэсам беларускага народа. «Нельга забываць, што ў выбарчай кампаніі мы абавязаныя кіравацца перш за ўсё ўласным заканадаўствам. Ні пад каго падладжвацца не трэба», — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, беларускае выбарчае заканадаўства адпавядае міжнародным прынцыпам і ўлічвае правілы і традыцыі правядзення выбараў, якія склаліся ў краіне.
«Прынамсі, наша заканадаўства не горшае, чым у іншых дзяржаў, дзе праходзілі адпаведныя выбары, якія былі прызнаныя міжнароднымі структурамі», — перакананы Лукашэнка.
Як паведамлялася раней, 20 красавіка кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла журналістам, што некаторыя прапановы ўжо ўключаныя ў распрацаваныя Цэнтрвыбаркамам метадычныя дакументы. Пры гэтым яна не стала канкрэтызаваць, якія менавіта прапановы па ўдасканаленні выбарчага працэсу будуць выкарыстаныя падчас парламенцкіх выбараў 2016 года.
Міжведамасная экспертная група па вывучэнні рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якія былі дадзеныя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, была створаная па распараджэнні Лукашэнкі 12 лютага. У яе ўвайшлі прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама, Цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў, Міністэрства юстыцыі і Міністэрства інфармацыі.
***
Нагадаем, у выніковай справаздачы назіральнай місіі БДІПЧ адзначалася: «прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі 11 кастрычніка 2015 года, зноў паказалі, што ў Беларусі яшчэ наперадзе значны шлях да выканання абавязацельстваў АБСЕ па дэмакратычных выбарах. Гэта падкрэслівае неабходнасць палітычнай волі для правядзення ўсёабдымнага працэсу рэформаў».
Назіральнікі звярталі ўвагу на некаторае паляпшэнне і «ветлівае стаўленне» ўладаў Беларусі да місіі, а таксама адзначалі, што выбарчая кампанія і непасрэдна дзень выбараў праходзілі мірна. Але «значныя праблемы, асабліва падчас падліку галасоў і сумавання вынікаў галасавання, падарвалі сумленнасць выбараў», падкрэслівалася ў справаздачы.
Парламенцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці не пазней за 11 верасня 2016 года
Каментары