Грамадства4242

Былы кіраўнік Міншчыны Барыс Батура пахваліўся сваёй высокай пенсіяй

Барыс Батура нарадзіўся ў Ваўкавыску, адвучыўся ў палітэху, але кар'еру зрабіў у якасці службоўца. У суверэннай Беларусі быў міністрам ЖКГ, намеснікам прэм'ер-міністра, старшынёй Магілёўскага аблвыканкама, старшынёй Савета Рэспублікі і губернатарам Мінскай вобласці.

На ўваходзе ў кафэ, дзе мы дамовіліся аб сустрэчы, апісаў афіцыянту былога чыноўніка такім, якім прывык бачыць яго па тэлевізары: касцюм, гальштук і сівізна. Хлопец трохі памарудзіў, але правёў суразмоўцу да нашага стала. 68-гадовы Батура сканчаў размову са знаёмым. Ён быў апрануты па-простаму: джынсы, бардовае пола і скураная куртка. У пальцах дымілася цыгарэта. І толькі сівізна не выбівалася з прывычнага вобразу.

— Думаў, вы па звычцы ў гальштуку будзеце.

— Насіў іх больш за 30 гадоў. Колькі ж можна ўжо!

— Гальштукаў шмат у калекцыі?

- Хапае. Не люблю яркія. Звычайна павязвалі чорны ў палоску, або сіні ў гарошак, або чыста сіні.

— Палітычную кар'еру выбралі свядома?

— Ну, як… Я скончыў машынабудаўнічы факультэт Політэхнічнага інстытута па спецыяльнасці «металарэжучыя станкі і інструменты». Пры размеркаванні ўся група з'язджала на будаўніцтва тальяцінскага аўтазавода з гадавой стажыроўкай у Італіі. Але ў маёй сям'і быў строгі парадак. Калі ад'язджаў вучыцца ў Мінск, бацька сказаў, каб потым вярнуўся ў Ваўкавыск.

Стаў шукаць варыянты размеркавання дадому. У горадзе быў нядрэнны ліцейна-механічны завод, але спецыялісты там не патрэбны былі. Увогуле, знайшоў «купца» у МУС, які пагадзіўся ўзяць у Оршу ў металаапрацоўчую калонію і перавесці ў Ваўкавыск ў калонію, дзе зняволеныя рабілі цэглу і маталі трансфарматарныя шпулькі для віленскага завода радыёакампанентаў. Так я атрымаў размеркаванне ў МУС.

Адпрацаваў у калоніі тры гады. Пачынаў майстрам і даслужыўся да начальніка аддзела тэхнічнага кантролю. А потым мне прапанавалі ўзначаліць ваўкавыскую камунальную гаспадарку. І я стаў рухацца па гэтай лесвіцы. Папрацаваў у родным горадзе сем гадоў, а пасля столькі ж у Гродне. Калі Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч стаў міністрам ЖКГ, прапанаваў быць яго намеснікам. А праз некалькі гадоў і я стаў міністрам. Ну, і пайшло-паехала.

— Вы на пенсіі, але ўвесь час у раз'ездах і справах. Чаму вам не адпачываецца?

— Ну, ёсць жа сад і дом, які абавязвае нешта рабіць. Нездарма ж кажуць: калі хочаш нешта захаваць ва ўласным доме, трэба кожны дзень забіваць цвік. Калі працаваў у аблвыканкамах, заўсёды пра гэта памятаў. Узяць фермы, да прыкладу. Іх даводзяць да такога стану, што яны развальваюцца. А калі рабіць нешта кожны дзень, то яны былі б у цэласнасці і захаванасці.

Увогуле, працы ў мяне хапае. Зразумела, што такой вялікай нагрузкі, як раней, няма. Проста сябры, знаёмыя запрашаюць пагаварыць, параіцца. Езджу да іх у госці. На футболе ў Барысаве бываю. Ну, і засталася загрузка ў асацыяцыі «Пародненыя гарады», якой таксама трэба займацца.

— Што гэта такое?

— Вельмі добрая народная дыпламатыя. У кіраванне асацыяцыі ўваходзіць 15 беларускіх гарадоў. Усяго ж іх больш за сто. Нашаму руху ўжо 20 гадоў. Адзначалі юбілей у мінулым годзе ў Падольску, калі праводзілі сустрэчу пародненых гарадоў Расіі і Беларусі. Нас нават прэзідэнты віншавалі. У мінулым годзе правялі сустрэчу з палякамі (у краінах каля 50 пар пародненых гарадоў) у Гродне. Ты якраз у гэты час і тэлефанаваў. У гэтым годзе ў чэрвені будзе сустрэча з немцамі ў Нясвіжы. Сустрэчы вельмі карысныя. Вось, да прыкладу, Барысаў і Падольск — параднёныя гарады. І расейцы «забіраюць» амаль усю мяса-малочную прадукцыю. Асабліва малочную. У свой час у Полацку водазабор пабудаваў спакрывёны горад з Нямеччыны. І грошы ў яго ўклаў. Вельмі шмат пастаўляецца медыцынскага абсталявання і рэалізуюцца розныя праекты. Я лічу, што ад нашага руху і нашых сустрэч вялікая карысць. І гэта трэба развіваць.

— На хобі — гульню ў вялікі тэніс — застаецца час?

— Раз на тыдзень выходжу на корт, але трэба было б часцей. Агулам гуляю ўжо гадоў 30. Мне падабаецца, таму што гульня дае рух. Ну, і няма неабходнасці ў вялікай колькасці спарынг-партнёраў. Гэта не валейбол ці футбол, дзе патрэбныя каманды. Двух чалавек дастаткова.

— У краіне пенсіянерам жывецца складана. Калі былі губернатарам, агучвалі сваю зарплату. Можаце сказаць, якая ў вас пенсія?

— Магу, але не ведаю, як на гэта паглядзяць.

— Ну, на зарплатныя лічбы, здаецца, адэкватна адрэагавалі.

— Атрымліваю каля 15 мільёнаў. Дзякуючы кіраўніку дзяржавы далі пенсію з пасады вышэйшай службовай асобы.

— Перад выхадам на пенсію вас прэзідэнт славесна адправіў працаваць на «Барысаўдрэў», а вы не пайшлі. Дастаткова смела.

— Усё не зусім так. Тое рашэнне было не канчатковае і потым змянілася. Адкрыта табе скажу, што за час маёй працы ў Мінскай вобласці мы шмат зрабілі на гэтым прадпрыемстве. Але і кіраўнік павінен быў сам навесці там элементарны парадак. Гэта ж не тэхнічнае рашэнне, не трэба ўдавацца ў глыб вытворчасці. Але кожнаму свае рукі і галаву не прымацаваць.

— Наколькі наогул мэтазгодна падтрымліваць на плаву вялікую колькасць прадпрыемстваў, якія тонуць — такія, як «МТЗ» або «БелАЗ»?

— У «БелАЗа» — запатрабаваная прадукцыя. Яго ў гэты спіс уключаць не варта. Наколькі ведаю, і гэты год у завода цалкам загружаны. Праблем не бачу. А што да рэшты, трэба вырабляць машыны нармалёвай якасці і добра працаваць над рэалізацыяй. Вазьмі, да прыкладу, «Вольва». Кожны год выходзіць новая мадэль аўто. Трэба развівацца і рухацца наперад. Тады ты будзеш канкурэнтаздольным, а не глядзець у рот ураду або дзяржаве і прасіць дапамогі. Самім трэба круціцца. Лічу, што прадпрыемствы недапрацоўваюць.

Закрываць таксама не выйсце. Калектывы вялікія. Трэба абавязкова іх захоўваць. У гэтым складанасці. Для краіны гэта знакавыя прадпрыемствы. Імі проста трэба займацца больш эфектыўна.

— Вы сышлі з палітыкі ў 66 гадоў, Міхаілу Мясніковічу — 65 і ён яшчэ працуе. Маладых кіраўнікоў мала. Гэта праблема?

— Лічу, трэба больш давяраць моладзі і больш яе прыцягваць. Ёсць жа Акадэмія кіравання пры прэзідэнце. Кадры ёсць, трэба проста больш сістэмна іх прыцягваць. Чаму не прыцягваюць? Гэта пытанне не да мяне.

Каментары42

Цяпер чытаюць

У Беларусі рэзка вырасла доля стратных прадпрыемстваў — такіх ужо траціна. Чаму так адбываецца?10

У Беларусі рэзка вырасла доля стратных прадпрыемстваў — такіх ужо траціна. Чаму так адбываецца?

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША папрасілі Польшчу перакінуць на Блізкі Усход батарэю Patriot5

У Еўрасаюзе ўводзяць падатак на дробныя пасылкі з іншых краін2

У Грэцыі папярэдзілі пра дэфіцыт сыру фета, бо сталі масава хварэць авечкі1

На маршрут паміж Мінскам і Заслаўем вярнулі цягнікі Stadler

Сілавікі запатрабавалі ад былога палітзняволенага распіску, што ён не вернецца ў Беларусь3

Беларусы абурыліся, што шакаладка «Любімая Алёнка» «пахудзела». На прадпрыемстве адрэагавалі3

Беларус стаў найбуйнейшым гандляром кветак у Эстоніі, скарае Фінляндыю і нацэльваецца на Швецыю6

Іранскія лідары амаль не камунікуюць паміж сабой праз страх праслухоўвання і ліквідацыі4

Чаму малочныя прадпрыемствы адмовіліся ад шкляной тары?7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі рэзка вырасла доля стратных прадпрыемстваў — такіх ужо траціна. Чаму так адбываецца?10

У Беларусі рэзка вырасла доля стратных прадпрыемстваў — такіх ужо траціна. Чаму так адбываецца?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць