На правах рэкламы

Кірыл Атаманчык: Як зарабіць на «саўку»?

Меркаванне беларускага прадпрымальніка, кіраўніка агенцыі адпачынку і забаваў Vilnius Relax Кірыла Атаманчыка аб тым, як Беларусі трэба манетызаваць сваё савецкае мінулае.

У гэтым кароткім артыкуле мне хацелася б падзяліцца думкамі адносна магчымага выкарыстання савецкай гісторыка-культурнай спадчыны ў турызме, але пачаць усё ж варта з некалькіх уступных тэзісаў…

Паняцце «траўма» даўно вядома ў медыцыне, але ўсё часцей пра траўмы даводзіцца чуць і ў сацыяльным, і ў грамадскім кантэкстах. Культурная траўма можа паўстаць у выніку трансфармацыйных працэсаў, якія часцяком бываюць не толькі эвалюцыйнымі і працяглымі па часе, але і радыкальнымі, рэвалюцыйнымі, якія адбываюцца досыць хутка. У любым выпадку гэтыя працэсы вядуць да таго ці іншага выніку, які можа выклікаць адчуванне траўмы ў вызначанай сацыяльнай групы ці насельніцтва краіны, рэгіёна ці нават усяго свету. У Беларусі ёсць такія траўмы, сярод іх траўмы савецкага мінулага і Другой сусветнай вайны. Відавочна, што пасля развалу СССР большасць людзей змагла адчуць настальгію па простым і зразумелым Савецкім Саюзе. Гэта не дзіва, паколькі аўтарытарная форма сацыяльнасці з'яўляецца вельмі простай у тэарэтычна-інфармацыйным плане, а таксама больш жывучай, чым дэмакратычная, таму што яна прасцейшая і больш зразумелая для абывацеля. З майго пункту гледжання, менавіта тут і адбыўся асноўны раскол, які беларусы не могуць пераадолець і па сённяшні дзень. Палітыка дэсаветызацыі ў Беларусі скончылася, так і не пачаўшыся. Былі абраныя новыя органы ўлады, але шмат якія беларусы засталіся па сваёй сутнасці «саўком» да мозгу костак і перайшлі з БССР у «БССР-light».

Ніжэй мне б хацелася сцісла і неперадузята ацаніць тую савецкую спадчыну, якая засталася ў Беларусі (на прыкладзе некалькіх аб'ектаў: «Лініі Сталіна», Курапатаў і месца Белавежскай дамовы ў Віскулях), і той патэнцыял, які ёсць у нашай краіны для яе выкарыстання.

«Гарачыя галовы» кажуць, што «Лінія Сталіна» – наш нацыянальны здабытак. Іншыя ж кажуць, што гэта ганьба нацыі, прафанацыя і наогул даўно трэба пазбавіцца гэтага аб'екта. Такія прозвішчы, як Сталін, Гітлер, Ленін і да т.п., заўсёды будуць выклікаць жывую зацікаўленасць. Жудасныя і страшныя месцы прыцягальныя для турыстаў і заўсёды пакідаюць уражанні. Працуючы доўгі час у Літве, мы прапануем сваім кліентам тэматычныя экскурсіі «Вандроўка ў СССР» ці «Цёмныя старонкі савецкай Вільні». Аб’екты гэтых экскурсій надзвычай часта наведваюцца ў Літве. Распешчаныя прыгожымі сярэднявечнымі гарадамі, замкамі і палацамі, заходнія турысты шукаюць разынку ў краінах былога сацлагеру. Безумоўна, Беларусь з-за стагоддзяў разбурэнняў і войнаў не можа пахваліцца такім багаццем старадаўняй архітэктуры, таму разынкай тут можа быць якраз савецкая спадчына, на якой можна і нават трэба зарабляць – праўда, не добраахвотна-прымусовымі школьнымі экскурсіямі ў Хатынь ці Брэсцкую крэпасць, а зусім іншымі спосабамі.

Паколькі мы закранулі тэму «Лініі Сталіна», то я з'яўляюся прыхільнікам таго, каб гэты комплекс не толькі застаўся адкрытым, але і пакінуў сваю назву, аднак яго «начынка» і інтэрпрэтацыя павінна быць іншай. Ёсць ідэі стварыць там парк савецкіх скульптур, аднак такім ужо не здзівіш, паколькі падобныя паркі ёсць у Літве і Венгрыі. Я б рабіў стаўку на рэкорды, «трэш» і эксклюзіўныя забавы. Вось вам некалькі ідэй у якасці мазгавога штурму і дыскусіі: што калі сабраць тут, у адным месцы, усе помнікі і бюсты Леніну з усёй Беларусі – гэта ж адразу Кніга рэкордаў Гінэса; што калі арганізаваць тут стрэльбішча, каб была магчымасць пастраляць не толькі з рэальнай баявой зброі, але і, напрыклад… танка; што калі вынесці казіно за межы Менска на «Лінію Сталіна» і жахнуць кагнітыўным дысанансам, сюрэалізмам і капіталізмам па «камуністычнай утопіі»? Іду ў заклад, такога месца ў Еўропе не знайсці!

Што да Курапатаў, то, з майго пункту гледжання, гэты мемарыял паказвае ўвесь трагічны лёс Беларусі. Я перакананы, што там не патрэбны пампезныя помнікі і манументы. У тых уласнаручна зробленых крыжах магутная энергетыка! Мае знаёмыя з Цэнтра даследаванняў генацыду Літвы, пабываўшы ў Курапатах, засталіся пад велізарным уражаннем, паколькі прачулі ўсю трагічнасць, моц і значнасць гэтага месца для беларусаў. У Курапатах павінна быць створана добраўладкаваная тэрыторыя пад аховай, належным чынам выведзена інтэрпрэтацыя, а сам мемарыял павінен быць уключаны ва ўсе турыстычнае маршруты Менска і Менскага раёна. Упэўнены, пры правільнай арганізацыі наведаць гэта месца будзе досыць шмат ахвотных.

Яшчэ адным цікавым аб'ектам як для заходніх, так і беларускіх турыстаў пры належнай інтэрпрэтацыі могуць стаць Віскулі. Не трэба казаць пра тую гістарычную значнасць, якая закладзена ў гэтым аб'екце. Па зразумелых прычынах цяпер гэты аб'ект не выкарыстоўваецца ў поўнай меры, аднак, спадзяюся, гэта калі-небудзь зменіцца.

Напрыканцы хачу толькі дадаць, што ў Беларусі велізарны патэнцыял для выкарыстання савецкай гісторыка-культурнай спадчыны, аднак толькі ў яго трансфармаваным выглядзе, пры іншай інтэрпрэтацыі. Нам як народу яшчэ прыйдзецца прыкласці намаганні, каб перажыць савецкія комплексы і траўмы, каб ісці далей і быць больш адкрытымі да дыялогу на няпростыя тэмы, паказаўшы як самім сабе, так і замежным гасцям сваю гісторыю ў розных яе выглядах.

Даведка:

Кірыл Атаманчык – прадпрымальнік і грамадскі дзеяч. Родам з горада Жлобіна Гомельскай вобласці (Беларусь). Больш за 8 гадоў жыве ў Літве. Бакалаўр турызма і рэкрэацыі, магістр культурнай спадчыны Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Кіраўнік агенцыі адпачынку і забаваў Vilnius Relax.

ЗАТ «Правекта фабрыка» г.Вільнюс, Літва

Каментары

Цяпер чытаюць

З Oz.by неспакойна. Беларуская кампанія тры гады ў мінусе, а расійскі канкурэнт яе выціскае18

З Oz.by неспакойна. Беларуская кампанія тры гады ў мінусе, а расійскі канкурэнт яе выціскае

Усе навіны →
Усе навіны

Аб'яднаны пераходны кабінет выказаўся адносна дыкпікаў Стрыжака18

Калумбійскі порнаакцёр спачатку забіў, а пасля расчляніў двух сваіх знаёмых-брытанцаў3

«Бураць, бураць і атрымліваюць ваду». Лукашэнку давялося тлумачыць, чаму знайсці радовішчы нафты не так проста8

Ціханоўскі пасля шуміхі вакол яго слоў пра аўтаномныя «астравы» беларусаў за мяжой патлумачыў сваю пазіцыю23

Наўседа выказаўся наконт ідэі Ціханоўскага пра аўтаномныя «астравы» беларусаў у розных краінах30

У офіс расійскага тэлеграм-канала Baza прыйшлі сілавікі, галоўны рэдактар затрыманы

На плошчы Якуба Коласа ў Мінску прыбралі знакамітую тратуарную плітку з васількамі3

На некаторыя спецыяльнасці ў БДУ прахадны бал склаў 396 і 398 балаў3

Трамп плануе вывесці ЗША з ЮНЕСКА3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З Oz.by неспакойна. Беларуская кампанія тры гады ў мінусе, а расійскі канкурэнт яе выціскае18

З Oz.by неспакойна. Беларуская кампанія тры гады ў мінусе, а расійскі канкурэнт яе выціскае

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць