Кожны год 30 ліпеня з’яўляюцца згадкі, што ў 1840 годзе цар Мікалай I нібыта забараніў ужыванне назваў «Беларусь» і «Літва». Гэта сцвярджэнне падаецца як аксіёма — гістарычны факт, які не патрабуе праверкі. У інтэрнэце можна знайсці сотні згадак пра гэтую «забарону», але амаль нічога — пра тое, што гэта міф, прыдуманы за савецкім часам.

Асабісты загад цара
Указ Сената «Об именовании губерний Белорусские и Литовские каждую отдельно Витебскою, Могилевскою, Виленскою и Гродненскою» ад 18 ліпеня (30 ліпеня па новым стылі) 1840 года быў апублікаваны ў 1841 годзе ў Поўным зборы законаў Расійскай імперыі:
«Правительствующий Сенат слушали предложение Управляющего Министерством Юстиции, что Управлявшей делами Комитета Министров, по поручению оного, отношением от 26 минувшего июня, сообщил ему, что по случаю внесения к Высочайшему подписанию проекта указа, в котором упоминались губернии Белорусская и Литовская под сими наименованиям и, Государь Император, зачеркнув название Белорусских и Литовских, изволил приказать переписать указ, с по именованием губерний каждой отдельно Витебской, Могилевской, Виленской и Гродненской; при чем последовало собственноручное Высочайшее повеление: — Правила сего держаться и впредь, никогда иначе не прописывая, как по именно губерний».
Савецкія памагатыя
З тэксту ўказа можа скласціся ўражанне, што імператар Мікалай I сапраўды цалкам забараніў ужываць назвы «беларускія» і «літоўскія» ў дачыненні да губерняў.

Менавіта так — без уліку ці з ігнараваннем гістарычнага кантэксту — гэты ўказ быў уключаны беларускімі навукоўцамі ў другі том «Дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі», выдадзены ў 1940 годзе.
З ідэалагічных прычын, звязаных не з нацыянальнымі інтарэсамі, а з савецкай антыцарскай рыторыкай (хоць часам гэтыя інтарэсы супадалі, як, напрыклад, у выпадку з гларыфікацыяй постаці Кастуся Каліноўскага), дакумент атрымаў у кнізе новую назву: «Забарона царом Мікалаем ужываць назвы Беларусь і Літва».
Аналагічны падыход выкарысталі і складальнікі чацвёртага тому зборніка «Беларусь у эпоху феадалізму», выдадзенага ў 1979 годзе: яны далі ўказу загаловак — «Указ Сената пра забарону ўжывання тэрмінаў «Беларусь і Літва»». Гэтыя публікацыі на доўгія дзесяцігоддзі замацавала ў гістарыяграфіі непраўдзівы міф.
Пра што насамрэч быў указ?
Уважлівы чытач мог заўважыць, што ва ўказе не згадваецца адна з беларускіх губерняў — Мінская. І гэта не выпадковасць: адсутнасць Мінскай губерні наўпрост звязаная з гісторыяй адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу гэтай часткі імперыі.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыя былога Вялікага Княства Літоўскага была цалкам далучаная да Расійскай імперыі. На гэтых землях былі створаны намесніцтвы: Полацкае, Магілёўскае, Мінскае, Віленскае і Слонімскае. У 1796 годзе Віленскае і Слонімскае намесніцтвы спачатку былі ператвораны ў губерні, а напрыканцы таго ж года, згодна з указам імператара Паўла I «Аб новым падзеле дзяржавы на губерні», і астатнія намесніцтвы сталі губернямі, частка з іх была аб’яднана.

Такім чынам, Віленская і Слонімская губерні былі аб’яднаны ў Літоўскую губерню, а Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы — у Беларускую губерню. Абедзве гэтыя адміністрацыйныя адзінкі займалі каласальныя тэрыторыі: Літоўская губерня прасціралася ад Балтыйскага мора праз Вільню да Брэста, а Беларуская — ад Рэжыцы (цяпер Рэзэкнэ, Латвія) праз Віцебск і Магілёў да Гомеля.
Назвы новых губерняў адпавядалі назвам генерал-губернатарстваў, у склад якіх уваходзілі ранейшыя намесніцтвы. Звычайна генерал-губернатарствы аб’ядноўвалі некалькі памежных губерняў ці намесніцтваў. Пасля стварэння Літоўскай губерні яна стала адзінай у сваім генерал-губернатарстве, у той час як Беларускае генерал-губернатарства было цалкам ліквідавана.
Не меншай па памеры была і Мінская губерня, якая быццам клін уразалася паміж Літоўскай і Беларускай губернямі. Цікава, што яна не была аднесена ні да Літоўскага, ні да Беларускага генерал-губернатарства, а ўключана разам з украінскімі губернямі ў склад асобнага Мінскага, Ізяслаўскага і Брацлаўскага генерал-губернатарства.

У верасні 1801 года ў Расійскай імперыі адбылося чарговае маштабнае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае пераўтварэнне. Мінская губерня была перададзена ў падпарадкаванне Кіеўскаму ваеннаму губернатарству; Літоўскае генерал-губернатарства было перайменаванае ў ваеннае губернатарства; а Беларускае ваеннае губернатарства зноў з’явілася ў межах раней скасаванага Беларускага генерал-губернатарства.
Адначасова Літоўская губерня была падзелена на Віленскую і Гродзенскую, а Беларуская — на Віцебскую і Магілёўскую. Новыя губерні адразу пачалі пісацца з падвоенымі назвамі: Літоўска-Віленская, Літоўска-Гродзенская, Беларуска-Віцебская і Беларуска-Магілёўская губерні. Такія ўдакладненні выкарыстоўваліся як у афіцыйных дакументах, так і ў назвах дзяржаўных устаноў і пасад, хаця ў практыцы іх нярэдка апускалі.
Гэта не быў унікальны выпадак: аналагічная сітуацыя адбылася ў 1801 годзе пры падзеле Маларасійскай губерні, якая ахоплівала левабярэжную Украіну. Яе падзялілі на Чарнігаўскую і Палтаўскую губерні, што атрымалі назвы Маларасійска-Чарнігаўская і Маларасійска-Палтаўская.
Мінская губерня, якая не ўваходзіла ні ў Літоўскае, ні ў Беларускае ваеннае губернатарства і не была падзелена падчас рэформы 1801 года, не мела патрэбы ва ўдакладненнях у сваёй назве. Менавіта таму яна і не згадваецца ў указе Сената ад 1840 года.
Мэта гэтага ўказу заключалася не ў тым, каб забараніць самі тэрміны «Літва» і «Беларусь», а ў тым, каб ліквідаваць залішнія і бессэнсоўныя ўдакладненні ў назвах губерняў.
Гэтая мяжа ў афіцыйным напісанні назваў губерняў пазначана і ў многіх даведніках і энцыклапедыях, хоць там яна часта падаецца без дадатковых тлумачэнняў.
Забарона, пра якую ніхто не ведаў
У самой Расійскай імперыі сярэдзіны і другой паловы XIX стагоддзя ніхто не ведаў пра нібыта «забарону» на ўжыванне назваў «Беларусь» і «Літва», якая прыпісваецца Мікалаю I.
Так, паводле падлікаў гісторыка Аляксандра Ігнаценкі, у перыяд з 1841 па 1917 год у друкарнях Санкт-Пецярбурга, Масквы, Мінска, Вільні і іншых гарадоў імперыі было выдадзена каля 190 кніг і брашур, дзе слова «Белоруссия» фігуруе ўжо на тытульнай старонцы.

Сярод іх — кніга Паўла Шпілеўскага «Путешествие по Полесью и Белорусскому краю» (1853—1856), Міхаіла Без-Карніловіча «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии» (1855), Восіпа Турчыновіча «Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен» (1857) і многія іншыя.
Пры гэтым тэрмін «Белоруссия» ў гэтых і падобных выданнях звычайна адносіўся да Віцебскай і Магілёўскай губерняў, у той час як Мінская губерня часта адносілася да «літоўскіх».
Тэрміны «Беларусь» і «Літва», а таксама «Беларускія і Літоўскія губерні» працягвалі актыўна ўжывацца расійскімі чыноўнікамі ў справаздачах, службовых запісках і іншых дакументах на працягу ўсяго XIX стагоддзя. Так, напрыклад, віленскі генерал-губернатар Уладзімір Назімаў пісаў у 1862 годзе: «Услед за найвышэйшым Маніфестам [ад 19 лютага 1861 г. пра адмену прыгоннага права], у межах Царства Польскага, Літоўскіх, Беларускіх і некаторых іншых заходніх губернях узніклі беспарадкі…»
Яшчэ як мінімум дзесяць гадоў пасля ўказу 1840 года існавала Беларуская навучальная акруга, якая ахоплівала не толькі Віцебскую, Магілёўскую і Мінскую губерні, але таксама Віленскую, Гродзенскую і Беластоцкую вобласці.
Аж да самага распаду імперыі працягвалі дзейнічаць Беларускі 7-ы гусарскі полк і Літоўскі 5-ы ўланскі полк, а таксама існавала Літоўская праваслаўная епархія. Усе гэтыя прыклады дэманструюць, што ніякай забароны на ўжыванне назваў «Беларусь» і «Літва» не існавала ні ў прававым, ні ў практычным сэнсе.
Тэрміны «Беларусь» і «беларускі» не маглі быць выключаны з афіцыйнага лексікону, бо канцэпцыя трохадзінага рускага народа — Велікаросіі, Маларосіі і Беларусі — была асновай ідэалагічнай дактрыны самадзяржаўя. Немагчымай была і забарона на ўжыванне слоў «Літва» і «літоўскі», паколькі сам афіцыйны тытул расійскага імператара ўключаў таксама тытул Вялікага Князя Літоўскага.
Верыць у такі міф — спакусліва: ён стварае простую, эмацыйна зразумелую гісторыю прыгнёту. Але падтрымка міфа азначае падрыў даверу да праўдзівасці ўсяго беларускага нацыянальнага наратыву, што можа толькі пашкодзіць. Міфы могуць натхняць, але толькі праўда дае сілу.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬМалдаўскі «нашчадак талкавінаў» дурыць усіх выдумкамі пра Скарыну. Але беларускі навуковец яму паверыў
Як Францыск Скарына стаў Георгіем. Гістарычная памылка на службе імперыялізму
У Магілёве хочуць назваць вуліцу ў гонар гісторыка-лукашыста і ідэйнага настаўніка Гігіна
Памятаеце старажытны шлем з Бабруйска, які Марзалюк абвясціў шлемам сына Рагнеды? Вось што пра яго даведаліся навукоўцы
Каб пабачыць старажытны Менск, трэба ехаць у Германію? Чаму на Захадзе па-іншаму глядзяць на славянскія крэпасці
Каментары
Белоруссию и Литву не забаранялі, што беларусы частка трыадзінства? А як жа северо-западный, юго-западный край, Западная Россия? Якое дачыненне мае гэта да канцэпцыі трыадзінства? А Новороссия і іншыя России? А гэта? https://ru.m.wikipedia.org/wiki/%D0%96%D0%B5%D0%BB%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%BE%D1%81%D1%81%D0%B8%D1%8F. Желтороссия!
Расійскі імпэратар называў сябе "Царь Польскій", хаця ў дачыненьні да губэрняў Царства Польскага пачаліся такія ж абмежаваньні, уся такая ж гісторыя: "Прывісьленскі край", і г.д. што супала з русіфікацыяй Польшчы.
До 1860-х годов в законодательстве чаще использовалось название «Царство Польское», редко — «Польша». В 1860-х годах эти названия стали заменяться словосочетанием «губернии Царства Польского». После подавления Польского восстания 1863—1864 процесс унификации Королевства Польского в составе Российской империи стал особенно интенсивным[2]. 5 марта 1870 года повелением Александра II было предчертано именовать российскую Польшу «губерниями Царства Польского», однако в ряде статей Свода законов Российской империи наименование «Царство Польское» сохранилось. С 1887 года наиболее применяемыми становятся словосочетания «губернии Привислинского края», «Привислинские губернии» и «Привислинский край» (по главной польской реке Висле), а в январе 1897 года Николай II отдал распоряжение, которым употребление названий «Царство Польское» и «губернии Царства Польского» было ограничено случаями крайней необходимости, хотя из Свода законов эти названия так и не были удалены[3].
І афіцыйныя ўказаньні наконт неназываньня Польшчы Польшчай таксама не супярэчаць кніжкам пра Польшчу, што выдавалі.