Надзеі Польшчы, Літвы і Украіны на сланцавыя нафту і газ пакуль не апраўдаліся
У Польшчы бурэнне працягваюць толькі малыя кампаніі, нафтавыя гіганты страцілі цікавасць.

Найбуйнейшыя нафтавыя кампаніі выдаткавалі мільярды даляраў, спрабуючы паўтарыць амерыканскі сланцавы бум у іншых краінах. Пяць апошніх гадоў многія краіны спадзяваліся дасягнуць энерганезалежнасці, дзякуючы новых тэхналогіям. Але амаль нідзе надзеі не спраўдзіліся, піша The Wall Street Journal.

Chevron, ExxonMobil і Royal Dutch Shell згарнулі практычна ўсю дзейнасць па распрацоўцы сланцавых радовішчаў у Еўропе, Расіі і Кітаі. Прычыны розныя: у Расіі — санкцыі, ва Украіне — вайна, у Францыі і Балгарыі — забарона ўладаў, у Германіі — мараторый, у Польшчы й Румыніі — дрэнныя вынікі геолагаразведкі, а таксама зніжэнне цэнаў на нафту, якое робіць праекты эканамічна нявыгаднымі.
У выніку, паводле звестак Адміністрацыі энергетычнай інфармацыі ЗША (EIA), за межамі Злучаных Штатаў камерцыйная здабыча сланцавай нафты вядзецца на сёння толькі ў Кітаі, Аргенціне і Канадзе, прычым і там аб'ёмы пакуль невялікія. Пры гэтым ацэньваныя сусветныя запасы сланцавых нафты і газу ў Еўропе (уключаючы Расію) і Кітаі амаль утрая большыя, чым у ЗША.
Толькі ў Аргенціне і Алжыры здабыча сланцавай нафты на некалькіх радовішчах ідзе «гэтак жа добра, як у ЗША», кажа Фаўзі Алулу з EIA.
У Польшчы працу працягваюць толькі невялікія кампаніі, падобныя да піянераў амерыканскага сланцавага буму, нягледзячы на расчараванне гігантаў.

Як і ў ЗША, менавіта невялікія кампаніі змогуць дамагчыся поспеху ў сланцавай галіны, лічыць Ойзін Фэнінг, старшыня рады дырэктараў San Leon Energy. Гэтая кампанія ў лютым абвясціла пра першае камерцыйнае адкрыццё ў Польшчы газавага радовішча і збіраецца пачаць прадаваць газ у 2016.
Здабыча сланцавай нафты даражэйшая за звычайную, бо энергарэсурсы ў свідравінах хутка сканчаюцца і трэба ўвесь час бурыць. Акрамя таго, для гідраразрыву пласта трэба шмат вады. Менавіта гэта стрымлівае работы ў пустынных і густанаселеных раёнах Кітая, а ў Еўропе выклікала выклікала пярэчанні эколагаў.
Для нашага рэгіёна асабліва важныя вынікі разведкі і бурэння ў Польшчы, бо танны газ у суседняй краіне мог бы цалкам змяніць геапалітычную перспектыву Беларусі.
Падляшскі сланцавы басейн (жоўтым каля ўсходняй мяжы Польшчы) выходзіць і ў Беларусь каля Берасця, але ягоны патэнцыял нізкі. Патэнцыйна перспектыўныя басейны пазначаныя чырвоным.
На жаль, вынікі пакуль несуцяшальныя. EIA ў 2013 знізіла ацэнкі запасаў сланцавага газу ў Польшчы на 20%.
ExxonMobil палічыла працу ў Польшчы бесперспектыўнай у 2012 годзе і пакінула краіну. У студзені 2015 года аб рашэнні пакінуць Польшчу абвясціла і Chevron. З буйных нафтавых кампаній там працягвае працу толькі ConocoPhillips.
У Польшчы, як і ў Кітаі, выдаткі на свідравіну могуць дасягаць $25 млн, а ў ЗША яны, у сярэднім, каля $5 млн, адзначае Меліса Старк з кансалтынгавай кампаніі Accenture.
Улетку 2014 Chevron пакінула і Літву. Увосень 2014 года новы прэзідэнт Румыніі Клаус Ёханіс заявіў, што ў яго краіне, мабыць, няма сланцавых нафты і газу.
Shell прыпыніла разведку ў Расіі і Украіне пасля нападу расійскіх сілаў на Данбас.
На думку Старк, патэнцыйнымі лідарамі сланцавай галіны, акрамя ЗША, могуць стаць Кітай, Аргенціна і Саудаўская Аравія. Там ёсць моцныя нацыянальныя нафтавыя кампаніі, у якіх ёсць правы на здабычу мясцовых рэсурсаў, падтрымка ўрада і шмат грошай. «Патрэбны гулец з глыбокімі кішэнямі, які можа працаваць там некалькі гадоў», — кажа Старк і дадае, што на гэтую ролю выдатна падыходзяць дзяржкампаніі.

Ва Украіне сланцавы газ патэнцыйна можа здабывацца на захадзе і на ўсходзе, але працу ў Днепра-Данецкім басейне спыніў наступ расійскіх сілаў у Данбасе.
Каментары