Маёр міліцыі выратаваў у Капылі бацьку і траіх дзяцей, што праваліліся пад лёд
Вечарам 19 студзеня 34-гадовы бацька разам са сваімі непаўналетнімі дочкамі (1998 і 2008 гадоў нараджэння) вырашыў прагуляцца. Разам з імі была 16-гадовая сяброўка адной з дзяўчынак, паведамілі ў прэс-службе МНС.
«Мужчына павёў дзяцей гуляць па лёдзе на вадаём. У выніку праваліўся сам, а разам з ім і дзяўчаты. Мужчына, што ішоў міма (мяркуецца, што гэта быў супрацоўнік РУУС, маёр міліцыі Алег Восіпаў) падпоўз да іх, працягнуў галіну дрэва і дастаў чацвярых чалавек», — распавёў дзяжурны МНС Беларусі.
Пацярпелых з дыягназам пераахаладжэнне даставілі ў бальніцу. Зараз яны знаходзяцца пад наглядам дактароў.
Усяго за мінулыя суткі ў Беларусі на вадаёмах удалося выратаваць 9 чалавек. У МНС падкрэслілі, што лёд яшчэ не трывалы, а значыць, выходзіць на яго небяспечна.
Каментары