Паводле інфармацыі Міністэрства па падатках і зборах, дэклярацыя таксама падаецца фізычнымі асобамі, што атрымалі даходы з-за мяжы ад фізычных асоб, якія не зьяўляюцца прадпрымальнікамі. А таксама калі фізычная асоба, якая не зьяўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, атрымлівала даходы ад здачы ў арэнду, найму жылых і нежылых памяшканьняў іншым фізычным асобам, што не зьяўляюцца прадпрымальнікамі, і памер гэтага даходу перавысіў 500 базавых велічыняў у год (на сёньня базавая велічыня складае 24 тыс. рублёў).
Дэклярацыя таксама падаецца, калі фізычная асоба — індывідуальны прадпрымальнік, у тым ліку прыватны натарыюс. Пры гэтым не ўключаюцца ў абкладаны сукупны гадавы даход і не адлюстроўваюцца ў дэклярацыі даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасьці, падаткаабкладаньне якіх ажыцьцяўлялася ў вызначаным для суб’ектаў малога прадпрымальніцтва парадку, даходы ад відаў дзейнасьці, па якіх плаціўся адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізычных асоб, даходы ад заняткаў ігральным бізнэсам, зь якіх плаціўся падатак на ігральны бізнэс.
Фізычная асоба падае дэклярацыю, калі яна атрымлівала даходы пад залог маёмасьці, уключаючы каштоўныя паперы і ня вернутыя ў вызначаныя тэрміны, а таксама сумы, якія належаць фізычнай асобе ад рэалізацыі такой маёмасьці, калі раней падаходны падатак ня ўтрымліваўся.
Дэкляраваньню таксама падлягаюць сумы, атрыманыя як кампэнсацыя маральнай шкоды, даходы ад выплатнага адчужэньня цягам пяці год больш чым адной кватэры, больш чым аднаго жылога дому, больш чым адной дачы, больш чым аднаго садовага доміку з гаспадарчымі пабудовамі, больш чым аднаго гаражу, больш чым аднаго зямельнага ўчастку, што належалі фізычным асобам на правах уласнасьці, ад выплатнага адчужэньня на працягу аднаго каляндарнага году больш чым аднаго аўтамабіля ці іншага транспартнага сродку.
Дэклярацыя падаецца ў выпадку атрыманьня даходаў ад ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці ў парушэньне вызначанага парадку, даходаў ад дарэньня ад фізычных асоб, што пастаянна знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, якія перавышаюць 500 базавых велічыняў у год, а таксама даходаў, атрыманых у выніку дарэньня ад фізычных і юрыдычных асоб за мяжой ці з-за мяжы.
Апроч таго, кошт прызоў у грашовай і натуральнай форме, атрыманых спартсмэнамі непасрэдна на міжнародных спаборніцтвах, даходы ад дыпляматычных, консульскіх і іншых прадстаўніцтваў замежных дзяржаў, калі крыніцай выплаты падаходны падатак ня ўтрымліваўся, таксама ўказваюцца ў дэклярацыі.
У цэлым у адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусі «Аб падаходным падатку зь фізычных асоб» аб’ектам падаткааб¬кладаньня зьяўляецца сукупны даход фізычных асоб у грашовай і натуральнай форме, атрыманы на працягу каляндарнага году грамадзянамі Беларусі і замежнымі грамадзянамі ды асобамі без грамадзянства, якія пастаянна знаходзяцца на тэрыторыі рэспублікі, — ад крыніц у рэспубліцы і за яе межамі, а таксама замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія не адносяцца да тых, што пастаянна знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі, — ад кры¬ніц у Беларусі.
Па заканчэньні каляндарнага году фізычныя асобы абавязаны не пазьней за 1 сакавіка падаць у падатковы орган па месцы пастаноўкі на ўлік дэклярацыю пра сукупны гадавы даход за каляндарны год. Для гэтага яны павінны (калі неабходна) зарэгістравацца ў якасьці падаткаплатніка Рэспублікі Беларусі ў падатковым органе.
Каментары