Архіў

Чалавек году

Толькі за гэты год у Беларусі быў спынены выхад 19 незалежных газэт. 11 зь іх — непасрэдна перад рэфэрэндумам. Між тым дзяржаўныя СМІ пасьпяхова вярнуліся ў сыропны стан 1985 году: многа вады, многа цукру і нуль альтэрнатыўнай думкі. Таму Беларуская асацыяцыя журналістаў, што адчайна змагаецца за выжываньне незалежных СМІ, сёньня ператварылася ў сапраўднае Міністэрства інфармацыі, якое служыць свабодзе слова. А яго міністарка (слова «міністар» на лаціне, дарэчы, першапачаткова азначала «служыцель») — Жанна Літвіна.Пры канцы году БАЖ атрымаў пачэсную прэмію імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» ад Эўрапарлямэнту, і старшыня кантынэнтальнага парлямэнту прамаўляў з трыбуны па-беларуску. Ад БАЖ, захаваньня свабоды слова цяпер залежыць здольнасьць беларускай цывілізацыі да самазахаваньня. Пышна гучыць, але так і ёсьць.

Урадовец году — Сяргей Сідорскі

У тое, што Сідорскі пратрымаецца доўга, ніхто ня верыў. Ён мусіў стацца рытуальнай ахвярай газавага крызісу мінулай зімы. Але Сідорскі выявіўся вельмі гаспадарлівым і самастойным прэм’ерам. З газавай вайны нэрваў беларускі ўрад выйшаў пераможцам. Пры Сідорскім эканамічны рост у краіне дасягнуў 10% за год. Разам з тым, за гэты час жорсткі ў адстойваньні нацыянальных інтарэсаў прэм’ер не дазволіў сабе ніводнай палітычнай заявы.

Палітык году — Міхаіл Марыніч

Ад канца красавіка ў «амэрыканцы» КДБ знаходзіцца Міхаіл Марыніч. Ён меў усё: цёплую пасаду пасла ў Латвіі, грошы і бізнэс-кантакты. Аднак адрокся гэтага ўсяго дзеля перамены ўлады ў Беларусі. За што і расплачваецца. Зьвінавачаньні ў крадзяжы зь ім жа створанага грамадзкага аб’яднаньня і незаконным захаваньні зброі выглядаюць сфабрыкаванымі. Затое чалавек з судзімасьцю аўтаматычна пазбаўляецца права ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 г. Лёзунг «Свабоду Марынічу» ўвайшоў у рэпэртуар зуброў-графіцістаў. Мо толькі той факт, што ў Беларусі засталіся палітвязьні, і ёсьць адзінай прыкметай таго, што ў краіне застаецца палітыка.

Замежнік году — Віктар Юшчанка

Юшчанку пашчасьціла ачоліць народ, які перарос урад. Герой, правадыр, пакутнік за Ўкраіну — усё ён, гэты палітык зь нягучным голасам, не трыбун і не папуліст. Гэты банкір увасобіў жаданьне народу жыць пры сумленнай уладзе ў дэмакратычнай краіне. Паводле словаў пісьменьніцы Аксаны Забужкі, Юшчанка здолеў стаць сымбалем, які захапіў нацыю, як Гавал чэхаў, а Ян Павал ІІ палякаў. Ён уяўляе сабой рэдкі, пасьпяховы толькі на пераломных этапах гісторыі, тып маральнага палітыка. І гэта выявілася самым важным і запатрабаваным.

Спартовец году — Юлія Несьцярэнка

На атэнскай Алімпіядзе ўзышла новая зорка сусьветнага спорту. Упершыню ў найпрэстыжнейшай бегавой дыстанцыі — 100 м — перамагла спартоўка з Эўропы, беларуска Юлія Несьцярэнка. Мільёны людзей у сьвеце, якія не цікавяцца міжнароднай палітыкай, дазналіся пра Беларусь. Але ўсьлед за перамогай палітыка зацікавілася Юляй. Яе подпісы зьяўляліся пад улёткамі «за Бацьку», яе фота з чырвона-зялёным сьцягам і подпісам «На крыльях Родзіны» можна цяпер бачыць на бігбордах. І рэклямуе Юлія зусім не здаровы лад жыцьця.

Культурныя дзеячы году — Валер Булгакаў і Андрэй Кудзіненка

Рэдактар часопісу «ARCHE» Валер Булгакаў быў інтэлектуальна сумленным, прысьвяціўшы чацьверты нумар часопісу 10-годзьдзю кіраваньня Лукашэнкі — самаму значнаму юбілею году — і зьмясьціўшы ў ім уласны артыкул «Загадкі і адгадкі лукашэнкаўшчыны». Санкцыі не забавіліся: выгнаньне зь «Белсаюздрукаў», дзяржкнігарняў, падатковая праверка «ARCHE» і друкарняў, якія яго выдавалі.

«ARCHE» распрацоўвае новае для Беларусі спалучэньне культурнага й палітычнага аналізу. Маем справу з праўдзівым мысьленьнем — за якое нават караюць.

Створаны Андрэем Кудзіненкам фільм «Акупацыя. Містэрыі» трапіў на Ратэрдамскі й Маскоўскі кінафэстывалі, быў паказаны ў Польшчы й выдадзены на DVD. Забароненае ў былой рэспубліцы-партызанцы кіно пра рэальных партызанаў карыстаецца папулярнасьцю. Яго шукаюць, перапісваюць, ладзяць сяброўскія супольныя прагляды. Кудзіненка стварыў прывабны падпольны прадукт — сапраўдны твор, сапраўдны факт сапраўднага мастацтва.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Сяргей Мікулевіч

Каментары

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна34

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

Пяць чалавек затрымалі за каментары пра чыноўнікаў і міліцыянераў9

Стала вядома, чаму Ютуб выдаліў стрымы Сяргея Ціханоўскага59

Яна Пінчук расказала, як яе пяць гадоў таму ў Санкт-Пецярбургу арыштавалі па запыце Беларусі1

У ЗША ўпершыню абралі цемнаскурую жанчыну губернатарам штата3

У Віцебскай вобласці паставілі скрыні для лістоў толькі аднаму адрасату

Маск з гумарам пракаментаваў паразу партыі, у якую ён уклаў 400 мільёнаў даляраў15

Партыя Трампа перажывае сапраўдны разгром70

Былы мэр Талачынскага раёна аднавіў з руінаў 200‑гадовую капліцу6

«Яго шукае ўвесь Мінск». Мужчына вінен дзясяткі тысяч даляраў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна34

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць