Архіў

Воўк з сумкай

№ 26 (288), 12 ліпеня 2002 г.


генэтыка

Воўк з сумкай

Хоць сумчаты воўк ужо гадоў 60 як вымер, пра яго ў Аўстраліі гавораць больш, чым пра сьнежнага чалавека ці іншаплянэцянаў.

Гісторыя гэтага зьвера, вядомага таксама як сумчатая гіена ці тасманскі тыгр (з-за палосак на сьпіне), вельмі трагічная. Хапіла 130 год эўрапейскага гаспадараньня ў Тасманіі, каб ад яго, адзінага прадстаўніка свайго сямейства і адзінага буйнога сумчатага драпежніка, застаўся толькі чорна-белы здымак, гэткі ж фільм, а таксама сотні пудзілаў або засьпіртаваных трупаў.

Воўк зьнік, бо белыя фэрмэры былі пэўныя, што ён палюе на іхных авечак. У 1830 г. — праз 30 гадоў пасьля зьяўленьня першых белых пасяленцаў — за галаву ваўка была прызначаная ўзнагарода. Гэта быў прысуд для зьвера.

У 1924 г. трапэр Вальтэр Мулінз злавіў на поўдні Тасманіі сумчатую ваўчыху з трыма шчанюкамі. Усе яны былі прададзеныя ў заапарк у Хобарце. Ваўчыха неўзабаве памерла, ваўчаняты пратрымаліся трохі даўжэй. Першае сканала ў шэсьць гадоў ад хваробы нырак; гэта было ў 1930 г. Другое — у ліпені 1935-га. Апошні з чацьвёркі, якога назвалі Бэньямін, скончыў сваё існаваньне пасьля амаль 12 гадоў жыцьця ў няволі — у верасьні 1936 г. Ён быў апошнім вядомым навуцы прадстаўніком свайго віду. Шасьцю гадамі раней ад стрэлу фэрмэра загінуў апошні вольны зьвер.

Пасьля гэтага сумчатых ваўкоў ніхто ня бачыў. І хоць ёсьць энтузіясты, перакананыя, што зьвер яшчэ хаваецца недзе ў тасманскіх лясох, у 1979 г. аўстралійскі ўрад афіцыйна прызнаў від вымерлым. Але ці сапраўды сумчатага ваўка нікому ўжо не наканавана ўбачыць? Тут пачынаецца фантастычная гісторыя, прадстаўленая ў фільме каналу “Дыскавэры”.

Прафэсар Майк Арчэр, дырэктар Аўстралійскага музэю ў Сыднэі, перакананы, што магчымасьць вяртаньня сумчатых ваўкоў у Тасманію існуе. Праўда, ён ня верыць, што ваўкі маглі выжыць недзе ў нетрах тасманскіх лясоў. Адзіным шанцам на вяртаньне сумчатага ваўка зьяўляецца запаянае 144 гады таму ў колбу, залітую сьпіртам, ваўчаня — самы каштоўны на сёньня экспанат Аўстралійскага музэю, які захоўваецца ў сэйфе і мае ўласнага ахоўніка. Ён зьмяшчае генэтычную інфармацыю, закансэрваваную ў сьпіралях ДНК. Трэба толькі знайсьці спосаб выдзеліць яе з клетак. Гэта, аднак, няпроста, паколькі ваўчаня нельга даставаць з колбы даўжэй чым на сорак хвілінаў.

У лютым у лябараторыях музэю адбыўся пералом. Удалося размножыць ланцужок ДНК вымерлай жывёліны. Вучоныя атрымалі магчымасьць дубляваць ДНК мільёнамі копій. Прафэсар Арчэр паведаміў, што ўдалося знайсьці ДНК у добрым стане яшчэ ў двух фрагмэнтах астанкаў. Але ці азначае гэта, што прафэсар Арчэр і ягоная каманда ўшчыльную падышлі да кланаваньня вымерлага віду? Зусім не. Няма яшчэ храмасомаў (а ў сумчатага ваўка іх мусіць быць сем параў), кожную зь якіх трэба будзе старанна скампанаваць з 100 тысяч генаў. Ніхто яшчэ не ўзнаўляў з ДНК віду, прадстаўнікі якога даўным-даўно ня ходзяць па зямлі. Дый хто будзе выношваць зародак ваўка? Можа, тасманскі д’ябал — найбольшы зь яшчэ існых сумчатых драпежнікаў. Але ён ня дужа блізкі сваяк сумчатаму ваўку.

Арчэру і ягоным калегам перашкаджаюць ня толькі прырода, неразьвітасьць тэхналёгіі ці брак фінансаў. Шмат хто злуе на дасьледчыка, які “гуляе ў Госпада Бога”. Арчэр кажа, што злачынствам было зьнішчэньне віду і злачынствам было б не скарыстаць магчымасьці, якую дае навука, каб гэты від адрадзіць.

Дзеля папулярызацыі ідэі “ажыўленьня” сумчатага ваўка, быў зьняты цэлы “дакумэнтальны фільм” пра яго. Яго стваральнікі дасканальна вывучалі старыя фатаграфіі і фільмы, аглядалі шкілеты і чучалы. Іхны робат вельмі нагадвае дзікую жывёліну. Ня дзіва — ён мае такую самую сыстэму цягліцаў, як сумчаты воўк, а футра, якое выглядае натуральна, складаецца зь мільёну пучкоў штучных валасінак, кожны зь якіх мае свой колер, даўжыню і г.д. Фільм робіць яшчэ больш праўдападобным кампутарная анімацыя.

А калі мы ўбачым ваўка з плоці і крыві? “Вельмі хацеў бы дажыць да гэтага. Нашая мэта — аднаўленьне нармальнай, здаровай папуляцыі ваўкоў, — гаворыць Арчэр. — Першы зь іх, магчыма, зьявіцца на сьвет праз 10—15 гадоў”.

“Discovery”, “Gazeta Wyborcza”


Каментары

Цяпер чытаюць

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе11

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Усе навіны →
Усе навіны

«Галодныя гульні». Заўзятары — пра спробы купіць білеты на хакейнае «Дынама»3

Орбан у размове з Пуціным параўнаў сябе з мышанём, што дапамагае Пуціну, льву15

Экіпаж «Артэміда-2» выявіў на Месяцы два новыя кратары. Адзін з іх назвалі ў гонар памерлай жонкі камандзіра місіі1

Беларускі бізнэсмен стаў уладальнікам найбуйнейшай сеткі крам Samsung у Польшчы1

Беларус хацеў падаць заяву на ДНЖ у Польшчы, але па памылцы адправіў свой пашпарт у падатковую інспекцыю1

Вандроўнік і бізнэсовец з Мінска за два дні знайшоў сабе праз сацсеткі нявесту — найбольш спадабалася дзяўчына з Расіі41

Арыштаваны грамадскі актывіст, шматдзетны бацька Віктар Яўмененка3

Расія атакавала пасажырскі аўтобус у цэнтры Нікапаля Днепрапятроўскай вобласці FPV-беспілотнікам

КДБ прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем «Беларускую нацыянальную кааліцыю», а загінулага Мікіту Крыўцова назваў адным з яе арганізатараў4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе11

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць