Архіў

Аб усім патроху

№ 17 (226), 25 красавіка — 4 траўня 2001 г.


 Аб усім патроху

 

Генэрал Касмовіч

23 красавіка — дзясятыя ўгодкі з дня сьмерці кіраўніка Беларускага Вызвольнага Фронту генэрала Дзімітрыя Касмовіча (1909—1991).

 

Касмовіч — адзін з апошніх дзеячаў беларускай паваеннай эміграцыі, які актыўна й прафэсійна займаўся палітыкай: пашыраў на Захадзе інфармацыю пра Беларусь, узначальваў Замежны сэктар Беларускай Незалежніцкай Партыі, кіраваў Беларускім Вызвольным Фронтам, быў сябрам Беларускай Цэнтральнай Рады, выдаваў часопіс “Барацьба”.

Актыўны ўдзельнік беларускага студэнцкага руху ў міжваеннай Эўропе, увосень 39-га Касмовіч займаў уплывовую пасаду ў савецкай адміністрацыі Нясьвіжу. Ён быў абраны дэлегатам на “Народны сход Заходняй Беларусі” і сфатаграфаваўся побач са Сталіным. А ўжо ўлетку 1941-га кіраваў менскай паліцыяй... Разам са стрыечным братам Міхалам Вітушкам ён ствараў беларускія вайсковыя фармаваньні й падпольле БНП на Смаленшчыне й Браншчыне. А потым была эміграцыя.

Дзімітры Касмовіч застаўся жыць у Заходняй Нямеччыне, у Штутгарце. Доўгі час былі вялікія спадзяваньні на хуткае вызваленьне Беларусі. А калі яны не збыліся, Касмовіч працягваў актыўна дзейнічаць, верыў, што “прыйдзе той час, калі... падымуцца маладыя беларускія сілы і здабудуць Вольнасьць і Незалежнасьць Беларускай Дзяржаве”.

Сяргей Ёрш

 

Лукашэнку — дом Цанавы

Польскую амбасаду высяляюць зь вілы на вул.Румянцава (гэта на гары ля плошчы Перамогі).

Беларускія ўлады адмовілі палякам працягнуць дамову аб арэндзе і прапанавалі вызваліць памяшканьне да 1 ліпеня. Польскае прадстаўніцтва месьціцца там яшчэ з БССРаўскіх часоў, тады яно было яшчэ на ўзроўні не амбасады, а толькі консульства. Другое — нямецкае — знаходзіцца цераз плот. Кажуць, што неўзабаве выселяць і яго. Улады, нібыта, маюць пабудаваць тут урадавы комплекс. Але скандалу, як з Драздамі, відаць, ня будзе — палякі ня хочуць галасу ў год выбараў.

За жаданьнем сымбалічна “пакараць” суседзяў-палякаў праглядаюцца геапалітычныя арыенціры сёньняшняй менскае ўлады.

Асабняк паўстаў пры канцы 40-х — спачатку там жыў сумнавядомы верхавод НКВД БССР Цанава. Будынак даўно ўжо цесны і знаходзіцца не ў найлепшым стане. А капітальнага рамонту палякі не рабілі, бо ня іхная ўласнасьць. Некаму ж во спатрэбіўся дом Цанавы.

Сяргей Рак

 

Розная саломка

У Берасьце прыехала перасоўная выстава народнай творчасьці супрацоўнікаў беларускіх мытняў, прымеркаваная да 10-годзьдзя мытнай службы Рэспублікі Беларусі.

Усяго на выставе 245 экспанатаў, сярод якіх ёсьць і твор начальніка мытні «Заходні Буг» Вячаслава Асінцава — «Галава каня», выкананая гуашшу на кардоне. Сярод твораў супрацоўнікаў Берасьцейскай мытні нямала вышывак, разьбы па дрэве, вязаных рэчаў і вырабаў з саломкі. Дарэчы, днямі памежнікі Пінскага атраду, аглядаючы дызэль «Забалацьце—Берасьце», які ходзіць з Украіны, знайшлі пакет зь іншай – макавай – саломкай, вагой 660 грамаў. Гаспадар пакету ня выяўлены. А ў Горадні памежнікі затрымалі трох грамадзянаў Беларусі, якія перавозілі 1300 г макавай саломкі.

Паводле БелаПАН

 

Ліст у рэдакцыю

Сьвята кнігі Зянона

12 красавіка адбылася прэзэнтацыя кнігі Зянона Пазьняка “Глёрыя Патрыя”, арганізаваная сябрамі КХП-БНФ

Распачаў прэзэнтацыю дзіцячы хор, які выканаў песьню “Авэ Марыя” на словы Зянона Пазьняка (верш, дарэчы, завецца “Гучаньне анёльскага голасу”). Гэтая малітва заўсёды кранае душу, асабліва, калі яе сьпяваюць дзеці...

А потым вершы, цудоўныя вершы пра Родны край, прыгажосьць прыроды, пра любоў невымерную да роднага куточка, да маці, пра жаданьне заўсёды быць разам са сваёй Бацькаўшчынай. І ўсё гэта — з вуснаў маладых хлопцаў і дзяўчат, што надавала асабісты, кранальны сэнс дэклямаванаму.

Прафэсар, доктар філязофскіх навук Мікалай Крукоўскі рапавёў пра філязофскі сэнс паэзіі З.Пазьняка. Пазьняк — філёзаф, гэта зразумелі й адчулі ўсе.

Прыемна адзначыць, што вершы Зянона Пазьняка перакладзеныя на іншыя мовы. Па-польску, у перакладзе Сэнюха, чытаў вершы Валеры Буйвал, па-арабску — аўтар перакладу сп.Хашэм.

Усё гэта напаўняла душу шчасьцем і гонарам за аўтара, якога нам падараваў лёс.

У праграме вечара былі і слайды фатаздымкаў з кнігі Зянона на вялікім экране. Слайды суправаджала музыка ў цудоўным выкананьні ляўрэата міжнародных конкурсаў Міхаіла Лявончыка.

Усе прысутныя былі зьяднаныя любоўю да Радзімы. Гэта асабліва адчувалася ня толькі ў аплядысмэнтах, але і ў тым, як усе напрыканцы прасьпявалі гімн “Магутны Божа”. Кніга Зянона Пазьняка вельмі патрэбная нам, беларусам, якраз сёньня, каб яшчэ глыбей любіць нашу Беларусь і працаваць на яе шчасьце.

Вольга Кацянкова, Менск


Каментары

Цяпер чытаюць

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура18

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура

Усе навіны →
Усе навіны

Платформу «Тры сланы» і ініцыятыву «Вольныя» прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі

З 1 мая ў мінскім наземным транспарце запрацуюць кнопкі адкрыцця дзвярэй1

Два рыбакі патанулі ў Віцебскім раёне

Wildberries запусціў у Беларусі дастаўку ежы з кафэ і рэстаранаў3

Стала вядома, у чым абвінавачваюць архітэктурную студыю ZROBIM architects8

«Часам я жыла на 100 і на 40 рублёў у месяц». Як маці з 4 дзецьмі выстаяла ў глухой беларускай вёсцы2

«Бесіць, калі мне кажуць кітайскае «ніхаа». Казашка расказала, як ёй жывецца ў Беларусі30

Трамп заявіў, што Іран пагадзіўся перадаць ЗША ўзбагачаны ўран2

Як зрабіць пасведчанне кіроўцы на беларускай мове? Усё прасцей, чым вы думаеце13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура18

Зяленскі нагадаў Лукашэнку пра лёс Мадура

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць