Архіў

Эзра Паўнд. КАЛЯДНЫЯ ВЕРШЫ

№ 24 (121) 1998 г.

Эзра Паўнд

КАЛЯДНЫЯ ВЕРШЫ


Віянада на Каляды

Калядамі (сярод дароў
І пастушыныя ў пашане!)
Ў палёх глухі ваўчыны роў –
Ядуць падліну на сьняданьне
Пад піва сьнежаньскіх вятроў.
А я ў сьвяточным прадчуваньні:
Каб чыстым быць, між брудароў
Я п’ю за леташнія здані.

Якая зорка трох цароў
Вяла ў пячору на спатканьне?
Мяне ж вядзе сьляпая кроў
І цень памерлага каханьня,
Што ўвесну ажыве і зноў
Паабяцае і падмане,
Як гэтым разам. Будзь здароў,
Я п’ю за леташнія здані!

Плянэты воляю багоў
Сышліся ў зорным акіяне.
Дзе ж сьмех сябровак і сяброў,
Юр і шляхетнае трываньне,
Пагрозы вуснаў-ваяроў,
Тваіх вачэй выратаваньне,
Мая загуба й пэўны схоў?..
Я п’ю за леташнія здані.

Прынц, зьмест маіх блюзьнерскіх слоў
Ня варты вашага пытаньня;
Яго віхор нясе далоў:
Я п’ю за леташнія здані.
 

Белы алень

Я бачу іх у верасовай смузе.
Зірні! Іх ня спыніць журба ці каханьне,
Хоць іхныя вочы – тужлівыя вочы каханак!
Празь белым вятрыскам зьнявечаны ранак
За белым аленем імкнуцца, угледзеўшы мэту:

«За Белым Аленем – за Славаю – мчыць паляваньне,
Склікаючы гончыя зграі сусьвету!»
Гвіда запрашае так

Я Ляпа й Дантэ пакідаю ззаду,
Каб морам плыць адно з табой. Ня трэба
Мілоснай балбатні. Мой карабель
І твой тавар – пакі паўзьверх масьнічын.
Шту тут, на сушы, ведаюць пра вычын,
Які здаўна нам мроіўся дваім?

Твае жаданьні важыў я на шалях,
Твой кожны сон празь нерат мой цячэ.
Тваё жыцьцё ў сваіх хаваю хвалях,
Як у ахвярным полымі. Ты шчэ
Не вандравала. Вось мой карабель.
 

Ballatetta

Прыбралася ў сьвятло ў iмя сьляпых
І ценяў, збудаваных, нібы людзі;
Ў сьвятло, што сьпевам лашчыла нам слых,

Бо сонечнае чыстае праменьне
Ў кароне валадаркі майго сэрца.
Ня чулі ў лесе лані і алені
Сьвятла цішэйшага; нат павучына
Грубейшая; і сонца дабрачынна
Ў траве смарагды з кожнага сьцябла
Ірве, бо згаснуць ад яе сьвятла.
 

Silet

Цячэ атрамант, плынны, як гады,
З крыніцы несьмяротнасьці дармовай,
Што некалі засохне назаўжды,
І гэтай тэмы хопіць для прамовы.

Нам хопіць стрэч мінулае пары,
І не аздоблю згадкай новы твор я!
Мы крочым праз асеньнія вятры,
Чакаючы вясновага надвор’я.

Нам хопіць стрэч мінулае пары;
Хай супраць ветру пролівень паўстане.
Нам хопіць стрэч мінулае пары;
Наш сьведка – час. Яму няма вяртаньня.

І заўтра першы-лепшы ератык
Бяз жалю зрыне наш art poйtique. 
Вэрона, 1911
 

Плашч

Ці ты захаваеш пялёсткі ружы,
Калі час ружаў міне,
Юрліўца-Нябыту цябе кране пацалунак?
Ці змрочны Гадэс падорыць каханка,
Лепшага за мяне?
Ці новыя краскі красе тваёй паратунак?

Дык лепш у мой плашч загарніся самохаць –
Сьмерць гвалтам агорне нас.
Ня вочы мае павінны палохаць,
А плынны час.
 

to kalуn

Ты зноў мне адмаўляеш – нат у мроях –
І шлеш адно служанак узамен.
Альба

Халодная, нібы вільготнае,
бледае лісьце канвалі,
Ляжыць яна побач са мною на золку.
 

Пекны строй

Блакітная, блакітная травіца,
Сад ля ракі ў палоне ніцых вербаў
І гаспадыня ў росквіце юнацтва.
Рукой зграбнюткай прачыняе фортку;
На белым, белым твары нестаноўкасьць.

Яна была калісьці куртызанкай
І з п’яніцам пабралася пасьля,
Які штодня пад чаркай і ня ўдома:
П’е горкую, а жонка – на самоце.
 

Верш пра сэніна

Чырвона-смарагдавыя зімародкі
мільгаюць сярод архідэяў і дзятліны,
Птах кідае водбліск на птаха.

Суплёты зялёнай лазы вінаграду –
Сапраўднай страхой над гарой.
Самотнік сядзіць, не прамовіць ні слова,
Раз-пораз кранаецца струнаў, мармыча
І сэрцам імкнецца ў нябёсы.
Кусае таўкачык – 
і пырскае слодыччу краска.
А Боства Чырвонае Хвоі глядзіць ды зьдзіўляецца.
Праз дым пурпуровы плыве, каб наведаць сэніна,
«Ляткога Пагорка» бярэ за рукаў,
Сэніна Вялікай Вады пляскае па плячы.

А ты, чортаў рой жамяры, ці акрэсьліш – 
Плюс-мінус стагодзьдзе – век жолвы?
 

Пераклаў з ангельскай Андрэй Хадановiч

Каментары

Цяпер чытаюць

Хітры расіянін Яўген з жонкай і малым прыдумалі, як бясплатна пажыць у кватэры беларускі14

Хітры расіянін Яўген з жонкай і малым прыдумалі, як бясплатна пажыць у кватэры беларускі

Усе навіны →
Усе навіны

Кітай заблакаваў спробу Meta выкупіць распрацоўшчыка агента штучнага інтэлекту Manus

Стала вядома імя пятага абмененага шпіёна, якога Польшча аддала Расіі1

Пад Салігорскам два кіроўцы па чарзе наехалі на аднаго і таго ж чалавека

Адна з авіякампаній увяла ў сваіх самалётах спальныя месцы

«Эфект вечнага лета». У Беларусі ўжо ў канцы красавіка дзе-нідзе растуць падасінавікі1

Гарбаты кіт Цімі жывы і нарэшце кіруецца ў Паўночнае мора. Аперацыя па яго выратаванні цягнулася два месяцы

Манекен дзяўчынкі на вакзале ў Мінску напалохаў і насмяшыў сацсеткі7

На Палессі танна прадаюць сядзібу ХІХ стагоддзя з чырвонай цэглы. Можна перарабіць у жылы дом

У Хабараўскім краі адбыўся замах на генерала, які камандаваў разнёю ў Бучы11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хітры расіянін Яўген з жонкай і малым прыдумалі, як бясплатна пажыць у кватэры беларускі14

Хітры расіянін Яўген з жонкай і малым прыдумалі, як бясплатна пажыць у кватэры беларускі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць