Судовае разбіральніцтва па справе эксперта, які не правёў дактыласкапію аднаго з абвінавачваных у выбуху ў мінскім метро, пачнецца 26 верасня ў Віцебскім абласным судзе,паведаміў карэспандэнту БелТА старшыня Віцебскага абласнога суду Мікалай Хамічонак.
Следчым аддзелам пракуратуры Віцебскай вобласці было праведзенае расследаванне крымінальнай справы па абвінавачанні аднаго з супрацоўнікаў органаў унутраных справаў УУС Віцебскага аблвыканкама ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 428 КК РБ «Службовая халатнасць». Гэтая справа непасрэдна звязаная з справай, што была распачатая Генеральнай пракуратурай па арт. 289 «Тэрарызм» КК Беларусі.
Падчас папярэдняга расследавання было высветлена, што 20 студзеня 2009 года ў гарадскім вайсковым камісарыяце эксперт УУС Віцебскага аблвыканкама не распачаў захадаў па правядзенні дактыласкапіі прызыўніка, які падлягаў абавязковаму дзяржаўнаму дактыласкапiчнаму ўліку як ваеннаабавязаны. Паверыўшы на слова маладому чалавеку, эксперт далучыў да асабістай справы прызыўніка даведку пра тое, што той раней прайшоў дактыласкапію і неабходнасці ў яе паўторным правядзенні няма. Пры гэтым супрацоўнік праваахоўных органаў не пераканаўся ў праўдзівасці заявы прызыўніка. Тым самым эксперт вызваліў яго ад дактыласкапічнага ўліку, інфармацыя пра яго не была змешчаная ў банк дактыласкапічных дадзеных, малады чалавек не быў правераны на дачыненне да выбуху ў Мінску 4 ліпеня 2008, што дазволіла яму здзейсніць злачынства на станцыі метро ў Мінску.
Цяпер у Мінску праходзіць судовы працэс па справе аб тэракце, які адбыўся 11 красавіка ў сталічным метро.На лаве падсудных знаходзяцца два ўраджэнца Віцебска Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў, абодва 1986 года нараджэння.
Канавалаву інкрымінуецца больш за 30 эпізодаў па ч.1 арт. 289, ч.2 арт. 289, ч. З арт. 289, ч.2 арт. 295, ч. З арт. 295, ч.2 арт. 339, ч. З арт. 339, ч. 2 арт. 218, ч.1 арт. 14 і ч. З арт. 339, ч.1 арт. 14 і ч.2 арт. 218 КК РБ: учыненне тэрарызму, што ў тым ліку прывяло да чалавечых ахвяр, прычыненне цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, іншыя цяжкія наступствы, незаконныя дзеянні з выбуховымі рэчывамі і прыладамі, злоснае і асабліва злоснае хуліганства, наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам.
Кавалёву інкрымінуецца ўдзел у 15 эпізодах па ч.6 арт. 16 і ч. З арт. 289, ч. З арт. 295, ч. З арт. 339, ч.2 арт. 339, ч.2 арт. 218, ч.2 арт. 405, ч.2 арт. 406, ч.1 арт. 406 КК РБ: саўдзел у форме дапамогі ў здзяйсненні тэрарызму, злоснае і асабліва злоснае хуліганства, наўмыснае знішчэнне маёмасці агульнанебяспечным спосабам, незаконныя дзеянні з выбуховымі рэчывамі. Ён абвінавачваецца і ва ўкрывальніцтве асобы, якая ўчынiла асабліва цяжкае злачынства, а таксама ў неданясенні пра здзейсненыя і рыхтаваныя асабліва цяжкія злачынствы.
Максімальнае пакаранне, прадугледжанае самым цяжкім з выстаўленых Канавалаву і Кавалёву арт. 289 «Тэрарызм», — смяротнае пакаранне.
Самы гучны эпізод справы — выбух 11 красавіка на станцыі метро «Кастрычніцкая», які забраў жыцці 15 чалавек, 11 з якіх загінулі на месцы. Таксама сотням людзей былі нанесеныя розныя раненні і маральныя пакуты. Праз тэракт на некалькі дзён была парушаная праца метрапалітэна. Матэрыяльная шкода, нанесеная метро, склала больш як Br2 млрд, а пацярпелым — не менш за Br175 млн.
Каментары