Меркаванні4343

Кіраўнік штаба Саннікава расказаў, як яго вербавалі

Уладзімір Кобец расказаў, як яго прымусілі падпісаць у КДБ паперу аб супрацоўніцтве.

Уладзімір Кобец напісаў для сайта charter97.org артыкул, у якім падрабязна расказаў, праз што яму давялося прайсці пасля арышту 21 снежня 2010.

Ужо паўтара месяца я знаходжуся за межамі Беларусі, тут і даведаўся, што ў дачыненні да мяне «спынены крымінальны пераслед». Неўзабаве высветлілася, што такое рашэнне было прынятае ў дачыненні да тых абвінавачаных і падазраваных па справе аб так званых «масавых беспарадках» 19 снежня 2010 года, справы якіх так і не дайшлі да суду.

Ліст за подпісам старэйшага следчага СУ ПР ГУУС Мінгарвыканкама капітана міліцыі Д. Дышчанкі кінулі проста ў паштовую скрыню, нібы паштоўку з навагоднім віншаваннем, а не важны дакумент.

Прыйшоў час даць адказ на пытанне, на якое я не мог адказаць, працягваючы заставацца ў краіне: на якіх жа ўмовах адпускалі з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе?

Адкажу наўпрост — на ўмовах, пра якія расказаў Алесь Міхалевіч: распіска аб «добраахвотным» садзейнічанні органам дзяржбяспекі ў рэалізацыі імі канстытуцыйных абавязкаў… «

Іншага шляху з СІЗА ў тыя дні проста не было.

Без такіх паперак адпусцілі толькі жаночыя камеры (Наталлю Радзіну, Ірыну Халіп і Насту Палажанку), перад гэтым атрымаўшы ад іх адмову ў «супрацоўніцтве».

Чаму я кажу пра гэта толькі цяпер?

Па-першае, тое, што рабілася ў СІЗА КДБ мой розум былога дзяржаўнага службоўца і цяпер адмаўляецца ўспрымаць як рэальнасць.

Толькі прафесійная дапамога спецыяліста па псіхалогіі катастроф дазволіла з часам пазбавіцца кашмараў.

Па-другое, я вельмі сур’ёзна паставіўся да пагрозаў, якія прагучалі ў дачыненні да маёй сям’і, мяне і маіх сяброў. Пагрозы гучалі і пасля «вызвалення», іх мэта — прымусіць працаваць на КДБ.

Па-трэцяе, я ведаў, што калі справа дойдзе да суду, у мяне будзе магчымасць пра ўсё расказаць там.

Выйшаўшы з СІЗА КДБ,

я расказаў пра ўсё праваабарончаму цэнтру «Вясна». Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч усе гэтыя месяцы падтрымлівалі мяне і імкнуліся дапамагчы.

Упэўнены, да кожнага з палітвязняў быў абраны індывідуальны падыход, таму можна толькі здагадвацца, што адбывалася з тымі, каго адпусцілі адразу (самі яны пра гэта публічна не кажуць), ці з тымі, хто выйшаў да канца 2010 года.

Пра тое, што рабілася ў былой унутранай турме НКУС, ужо расказалі Алесь Міхалевіч, Аляксандр Атрошчанкаў, Андрэй Саннікаў, Ірына Халіп, Наталля Радзіна.

Катаванні

Палітвязням вырашылі паказаць, што і ў XXI стагоддзі былая ўнутраная турма НКУС — «амерыканка», нібы машына часу, лёгкім рухам рукі вяртаецца ў 30-я гады мінулага стагоддзя.

Мы былі ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі. З нас здзекаваліся байцы невядомага падраздзялення ў масках, узброеныя электрашокерамі і дубінкамі.

Нас абшуквалі, прымушаючы раздзявацца дагала і прысядаць, ставілі на расцяжкі і білі чаравікамі па нагах, ганялі па крутой лесвіцы ў кайданках, абражаючы і зноў наносячы ўдары па нагах.

Тое, што «маска» набліжаецца, вызначаеш па частым дыханні, што ўсё нарастае. У гэтым дыханні чуваць ўзбуджэнне, задавальненне ад гарантаванай беспакаранасці. У гэты момант чакаеш удару — і атрымліваеш яго, некалькі разоў за «сеанс».

Пасля такога стаяння падчас ператрусу ў халодным спартзале пад роў: «Разчэй!!!» Цяжка трапіць у вопратку, цягліцы зусім не слухаюцца. А некалькі (ад трох да пяці) «масак», сеўшы на складзеныя матрацы, як у тэатры, атрымліваюць асалоду ад відовішча, памахваючы паміж ног дубінкамі і пакрыкваючы.

У свой час я скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і прывык з належнай павагай ставіцца да кіраўніцтва сваёй альма-матэр. Калі наступным у чарзе прымушалі раздзецца былога прарэктара БДУ, кіраўніка Мінскай арганізацыі АГП Анатоля Паўлава, асацыяцыя з нацысцкім канцлагерам рабілася амаль поўнай — заставалася развесці вогнішча з кніг. Прагулкі ў «каменных мяшках» ператварыліся ў здзек — ён пачынаўся з прагону ўніз па лесвіцы пад роў: «Не расцягвацца!!!» «Глядзець у падлогу!!!» «Рукі за спіну!!!» Нам загадвалі хадзіць па коле, не спыняючыся, не размаўляючы. Калі ты пажылы (а такія былі) ці ў цябе праблемы з нагамі, хадзіць цягам гадзіны-дзвюх практычна немагчыма. Стаяць, рабіць практыкаванні забаронена.

Калі пасля адлігі прыйшлі маразы, двары для шпацыраў ператварыліся ў каток.

Часам мы заўважалі сляды крыві — хто-небудзь з вязняў «амерыканкі» не ўстаяў на лёдзе, упаў і разбіўся ў кроў.

Візіты нагляднага пракурора, пра якія потым часта пыталіся журналісты, адбываліся ў суправаджэнні начальніка СІЗА. Менавіта ён, новы начальнік СІЗА КДБ Аляксей Арлоў, забіяцка ўсміхаючыся, цікавіўся, ці няма скаргаў і пажаданняў. Постаць жа пракурора маячыла дзесьці за дзвярыма. У камеру пракурор не заходзіў, і праз дзвярны праём было відаць, як ён верне нос убок — пах камеры быў яму агідны.

Мой сукамернік па наіўнасці пацікавіўся, калі ж уключаць тэлевізар? «Уключаць», — паварочваючыся спінай, паабяцаў начальнік СІЗА. Адразу па заканчэнні візіту пракурора ў камеру ўварваліся кантралёры і людзі ў масках: «Планавы ператрус! Усе на выхад! Рукі за спіну!» Хацелі відовішчаў — атрымайце шмон.

Галоўнай задачай катаў было вывернуць чалавеку псіхіку так, каб яму было ўжо ўсё роўна, што падпісваць, і каб ён паверыў, што наперадзе доўгія гады тулянняў па турмах і лагерах.

Вытанчаны цынізм — выкарыстоўваць у гэбэшных гульнях сям’ю, уключаючы дзяцей. Так, на трэція суткі пасля допыту мне паведамілі, што адпускаюць пад падпіску аб яўцы па першым патрабаванні. Адваката папрасілі сысці, дазволілі зрабіць званок дахаты.

Аднак замест вызвалення мяне пад канвоем адвезлі ў гарадскую пракуратуру, дзе сівавалосы пажылы чалавек, не адрываючыся ад папер, абвясціў: «Усё вы ведаеце, былі ў штабе, усё чулі».

У перапоўненую камеру № 18, куды мяне кінулі, шконка проста не ўвайшла. Замест новенькага камплекта (матрац, падушка, коўдра), які ў мяне забралі, выдалі іншы — збіты ў камякі тонкі матрац, плед, што рассыпаўся ў руках, і падушку ў брудна-карычневых разводах.

Спаць давялося проста на бетоннай падлозе ля дзвярэй. Да раніцы суставы ледзь разгіналіся, і моцна балела спіна…

Вярбоўка

Менавіта ў гэты перыяд пачаліся актыўныя допыты без адваката і вярбоўка. Яшчэ раней адзін з аператыўных супрацоўнікаў празрыста даў зразумець, што ў «распрацоўцы» знаходжуся не толькі я — збіраецца аператыўная інфармацыя на маю жонку, маіх блізкіх сяброў. Цяпер усе яны, уключаючы сям’ю, рабіліся закладнікамі маёй лініі паводзін.

На ўсіх наступных «допытах» аператыўны супрацоўнік званнем вышэй працаваў у пары з псіхолагам. Ён адразу пацікавіўся: «Як вы думаеце, чаму ўсе астатнія кіраўнікі ініцыятыўных груп ужо на волі і толькі вы тут?».

Вядома, я не мог гэтага ведаць, але падвох у пытанні заўважыў. Потым пайшлі пагрозы: «Пойдзеце! Далёка паедзеце!» Дэманстравалася веданне маёй біяграфіі, паказваліся нейкія фінансавыя дакументы, якія я бачыў упершыню.

Аператыўнікаў цікавілі два пытанні: фінансы і планы апазіцыі на 19 снежня. Уразіла, што яны падрабязна ведалі хто, калі і што казаў у нашым выбарчым штабе.
Уотэргейт у той момант здаўся нявінным свавольствам, пра што я і заявіў ім. Высветлілася, што за Андрэем Саннікавым і чальцамі яго выбарчага штаба вялося пастаяннае вонкавае назіранне — усе перасоўванні і кантакты з людзьмі былі зафіксаваныя аператыўнікамі КДБ.

Аператыўныя супрацоўнікі КДБ наўпрост заявілі, што ні пракуратура, ні суд нічога не вырашаюць — яны толькі аформяць тое, што скажуць у «канторы». Пасля ўсяго, што ўжо давялося ўбачыць і перажыць, у гэта верылася лёгка.

Пасля шматгадзіннага сеансу прамывання мазгоў, дэманстрацыі разнастайных, у тым ліку фінансавых, дакументаў сітуацыя здалася мне фатальна бязвыхаднай — прававая анархія душыла, апеляваць да здаровага сэнсу або законнасці не было карысці.

Урэшце была агучаная ўмова вызвалення з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе — напісанне распіскі «аб добраахвотнай згодзе на аказанне садзейнічання органам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь».

У той момант для сябе я вырашыў, што трэба любым коштам вырвацца з КДБ. Тэкст пісаўся пад дыктоўку аператыўнага супрацоўніка. Ніякіх абавязанняў, акрамя захавання факту напісання такой распіскі ў таямніцы, папера не ўтрымлівала.

Абавязковай працэдурай стаў паліграф. Высвятлялі, ці ёсць у мяне іншае грамадзянства, акрамя беларускага, ці працую я на замежныя выведкі і ці трапляў я ў фінансавую залежнасць ад замежных грамадзян. Асобнымі блокамі ішлі пытанні аб падзеях непасрэдна 19 снежня і, вядома ж, фінансавыя пытанні.

«Вызваленне»

Выпусцілі позна ўвечары без дакументаў, грошай і тэлефона.

Праз дзень мне ў КДБ выдалі асобную сім-картку, абавязаўшы актываваць яе і быць пастаянна на сувязі з імі.

Праз некалькі дзён я звярнуўся ў праваабарончы цэнтр «Вясна», дзе расказаў пра тое, што са мной адбылося і адбываецца. Пазней стала вядома пра ад’езд Міхалевіча. На жаль, я не меў другога дзейнага пашпарта, як ён, дый бегчы, усведамляючы, што ўцёкі могуць стаць прычынай вяртання ў СІЗА Наталлі Радзінай, іншых, якія знаходзяцца пад падпіскай, пагрозы ў адрас сям’і, якія не дазвалялі знайсці лёгкі і хуткі адказ на пытанне «што рабіць?»

На наступны дзень пасля ўцёкаў Наташы Радзінай мне патэлефанавалі з КДБ, загадалі заставацца дома і выйсці ў інтэрнэт.

Кожныя паўгадзіны мне тэлефанавалі, правяраючы, ці не ўцёк я. Напэўна, думалі, што ўцёкі набудуць масавы характар. Патрабавалі тэлефанаваць усім і пытацца, дзе журналістка.

Вядома, я нікому не тэлефанаваў і быў вельмі рады, што Наташы ўдалося абвесці КДБ вакол пальца.

Прапановы ад КДБ

Уразіла некалькі прапановаў, якія паступілі ад КДБ.

Перш за ўсё, яны прапаноўвалі ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах.
Падобна да таго, там сабраліся стварыць фракцыю КДБ.

Прапаноўвалі таксама рэалізаваць уласны праект — усё роўна які. Казалі: атрымай фінансаванне і можаш нічога не рабіць. На маю заўвагу, што атрымліваць вонкавае фінансаванне незаконна, пачуў адказ: у нас ёсць багаты досвед такой працы, ёсць схемы…

Пасля адмоваў і сабатажу «супрацоўніцтва» пайшлі непрыхаваныя пагрозы і шантаж. Цягнуць з ад’ездам больш было нельга.

Я выдатна разумею, што, зраўбіўшы гэтую заяву, я напэўна, стану мішэнню для нападаў з боку КДБ і іх агентуры. Мне абяцалі сур’ёзныя праблемы і кампраметацыю ў выпадку, калі я зраблю нешта падобнае. Пасля заявы Алеся Міхалевіча мне паведамілі, што ў дачыненні да мяне таксама вялася схаваная здымка. Усё гэта я разумею. Але па-іншаму я і не планаваў паступаць.

Валянцін Стэфановіч (праваабарончы цэнтр «Вясна»):

— Я ведаў пра сітуацыю з Уладзімірам, ведаў з першых вуснаў.

Фактычна адразу пасля таго, як яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе і вызвалілі з СІЗА КДБ, ён прыйшоў у офіс «Вясны». Ведаў пра гэта і Алесь Бяляцкі.
Потым мы шмат разоў сустракаліся з ім у горадзе, каб немагчыма было адсачыць, з кім сустракаецца Уладзімір, бо за ім пастаянна сачылі, аказвалі моцны псіхалагічны ціск, схілялі да супрацоўніцтва.

Уладзімір не хацеў супрацоўнічаць з КДБ, і з самага пачатку нашай сустрэчы мы пачалі абмяркоўваць выхад з сітуацыі. Мая парада была — публічна расказаць усё, што здарылася, і публічна заявіць пра адмову ад усялякіх кантактаў з КДБ і, каб пазбегнуць магчымых негатыўных наступстваў, выехаць за мяжу.

Планавалі мы і сумесную канферэнцыю, якую збіраліся правесці ў Вільні або іншым бяспечным для Уладзіміра месцы.

Я лічу, што ён зрабіў усё правільна, і заклікаю ўсіх, хто пад ціскам, пад пагрозамі, а магчыма, і катаваннямі быў вымушаны падпісаць якія-небудзь пагадненні аб супрацоўніцтве з КДБ, публічна расказаць пра гэта, інакш вы ніколі не здолееце вырвацца з гэтага замкнёнага кола і скампраметуеце сябе на ўсё астатняе жыццё.

Каментары43

Цяпер чытаюць

Хто той замежнік, які забіў жонку і згвалтаваў падчарыцу ў Добрушы19

Хто той замежнік, які забіў жонку і згвалтаваў падчарыцу ў Добрушы

Усе навіны →
Усе навіны

«Бесіць, калі мне кажуць кітайскае «ніхаа». Казашка расказала, як ёй жывецца ў Беларусі27

Трамп заявіў, што Іран пагадзіўся перадаць ЗША ўзбагачаны ўран2

Як зрабіць пасведчанне кіроўцы на беларускай мове? Усё прасцей, чым вы думаеце12

Трамп: Мы засяроджаныя на Іране2

Куба паспрабавала перадаць сакрэтны ліст асабіста Трампу1

У гэтым годзе плануецца маштабная забудова Лошыцы3

На Вялікай ціхаакіянскай смеццевай пляме знайшлі дзясяткі відаў жывых істот5

У чарнобыльскай зоне штогод ловяць да 30 тон рыбы8

У Мядзелі на беразе возера паставілі фігуру рыцара ФОТЫ12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той замежнік, які забіў жонку і згвалтаваў падчарыцу ў Добрушы19

Хто той замежнік, які забіў жонку і згвалтаваў падчарыцу ў Добрушы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць