Грамадства44

«Усе, хто хацеў, працу знайшлі». Як жывуць беларускія айцішнікі ў Латвіі

Devby.io паразмаўляў з нашымі суайчыннікамі, якія жывуць у гэтай краіне.

Айцішніка, які пераехаў у Латвію пасля 2020 года, Devby.io папрасіў ацаніць рынак працы ў цэлым і ІТ-галіну ў прыватнасці.

— Беларускія эмігранты — вельмі розныя. Сярод іх ёсць алкаголікі, тыя, хто адбываў пакаранне, ёсць людзі з кучай жыццёвых праблем, ёсць людзі з інваліднасцю, пажылыя, ёсць дзяўчаты, якія выйшлі замуж, ёсць айцішнікі, фермеры, ёсць адзін вельмі вядомы блогер-механізатар, мастакі, бізнесмены, навукоўцы з Акадэміі навук. Вельмі складана абагульніць, наколькі добра ці дрэнна яны сябе адчуваюць на латвійскім рынку працы.

Рынак працы ў Латвіі ў цэлым невялікі: па канкрэтнай спецыяльнасці можа быць выбар усяго з двух-чатырох прадпрыемстваў, а можа не быць яго ўвогуле. Але людзей не хапае, і, здаецца, усе, хто хацеў, працу знайшлі. Магчыма, не па прафесіі, магчыма, з меншым заробкам (хоць заробкі нармальныя), але знайсці працу можна.

Як айцішнік я магу расказаць пра сваю галіну. У краінах Балтыі вельмі развітая сфера банкаўскага праграмнага забеспячэння, тут шмат міжнародных кампаній, у тым ліку банкаў. Заробкі добрыя: напрыклад, бізнэс-аналітык у сярэднім атрымлівае 3—4 тысячы еўра брута (адніміце траціну на падаткі). Я сам працую ў міжнароднай кампаніі, якая стварае розныя прадукты, пры гэтым маё падраздзяленне спецыялізуецца на распрацоўцы ПЗ для апрацоўкі карткавых плацяжоў.

Да нядаўняга часу быў вялікі выбар вакансій. Я сам двойчы мяняў працу, і абодва разы пошук займаў не больш за месяц. Праўда, апошні раз гэта было даўно — у 2021 годзе. Тым не менш да гэтага года крызіс у галіне не адчуваўся: пра скарачэнні або замарожванне заробкаў я не чуў, наадварот, зарплаты раслі на 6—10% у год (хоць пасля вялікай інфляцыі 2022 года яны так і не вярнуліся да ўзроўню 2021 года ў рэальным выражэнні).

А вось у 2026 годзе праз ШІ усё прасела. Кампаніі не ведаюць, якая будучыня іх чакае, таму стрымліваюць набор новых супрацоўнікаў і рост заробкаў. Прычым гэта тычыцца нават тых ШІ-спецыяльнасцяў, на якія штучны інтэлект ніяк не ўплывае.

— Калі б мне цяпер давялося шукаць працу, было б няпроста. Магчыма, давялося б ахвяраваць заробкам або паехаць у іншую краіну ЕС — тую ж Польшчу ці Літву, дзе рынак большы.

Але тут праблема не ў Латвіі — проста ў свеце цяпер такая сітуацыя. Усе думаюць, як перабудаваць свае кампаніі, каб інтэграваць ШІ у працэсы. Пакуль не зразумеюць, як гэта зрабіць, і не знойдуць інвестыцыі, найм не адновіцца. Трэба, каб бурбалка ШІ лопнула і з'явілася рэальнае разуменне сітуацыі.

На іншыя прафесіі вайна і санкцыі ўплываюць значна больш, чым ШІ. Транзіт і гандаль па напрамках поўнач — поўдзень, захад — усход былі аднымі з найважнейшых кірункаў эканомікі краін Балтыі. З пачаткам вайны іх больш няма. З-за гэтага рост эканомікі запаволіўся, цэны на многія тавары выраслі, у выніку пакутуюць галіны, на якія раней ішлі заробкі ад гандлю і транзіту.

Рэстараны, будаўніцтва, нават праект Rail Baltica і нацыянальная авіякампанія airBaltic знаходзяцца ў крызісе, бо разлічвалі на пасажырапаток з Беларусі і Расіі. У той жа час расце абаронная прамысловасць.

Што да мігрантаў з Беларусі, то ў многіх выпадках яны не маюць выбару. Латвія — не Польшча (зусім іншая мова, меншы рынак), беларусы ў большасці сваёй ехалі сюды не на заробкі, а каб забяспечыць асабістую бяспеку для сябе і сваёй сям'і.

«У грамадстве высокая нецярпімасць да мігрантаў у цэлым»

Вось што расказвае чытач-праграміст, які пераехаў у Латвію ў 2018 годзе:

— У Латвіі сапраўды асаблівая сітуацыя: ёсць абмежаванні на набыццё нерухомасці грамадзянамі Расіі і Беларусі, ёсць цяжкасці з банкаўскімі рахункамі.

У той жа час з легалізацыяй усё даволі стандартна. У новых мігрантаў самая вялікая складанасць — першапачаткова трапіць у Латвію: кампаніі больш не разглядаюць рэлакацыю грамадзян РБ або РФ. А ў тых, хто ўехаў па Blue Card паміж 2020 і 2022 гадамі, усё даволі гладка. Яны працягваюць жыць і працаваць. Пасля пяці гадоў легальнай працы і паспяховага экзамену па латышскай мове на ўзроўні А2 ты пераходзіш у статус уладальніка ПМЖ, і гэта вырашае твае праблемы з легалізацыяй прыкладна назаўжды.

Яшчэ праз пяць гадоў пры жаданні здаеш экзамен на натуралізацыю (мову ўжо трэба ведаць на ўзроўні B1) і чакаеш рашэння аб грамадзянстве — да аднаго года. Жывых прыкладаў у маім коле пакуль няма: яшчэ ніхто не дасягнуў другой пяцігадовай адзнакі.

Гісторыя з мовай дваістая да непрыстойнасці. З аднаго боку, можна спакойна жыць у Латвіі без латышскай — дастаткова англійскай і рускай. Але калі ў цябе ёсць дзеці, трэба выбіраць: альбо ідзеш у бок глыбокага пагружэння, альбо шукаеш больш дарагія варыянты адукацыі.

У момант пераезду мой старэйшы сын заканчваў школу, і падрыхтаваць яго да паступлення ў ВНУ на латышскай было немагчыма, таму спачатку ён пайшоў у платны каледж, дзе навучанне было на англійскай і рускай. А вышэйшую адукацыю ён атрымліваў у іншай еўрапейскай краіне.

А малодшае дзіця нарадзілася ў Латвіі, і пасля дзіцячага садка яно абсалютна гатовае да школы. Яно размаўляе па-латышску як латыш, хоць ні мы з жонкай, ні наша няня не размаўляем па-латышску. І вось для яго адукацыі я тут бачу фантастычныя магчымасці: сын бясплатна ходзіць у спартыўную школу і на мноства гурткоў, хоць мы жывём не ў Рызе.

Так, латышская мова вельмі складаная, але тут столькі падручнікаў, курсаў, YouTube-каналаў, што здаць экзамен А2 нескладана. Я вылучыў на вывучэнне мовы тры месяцы: займаўся кожны дзень ад двух да васьмі гадзін (у выхадныя) і здаў экзамен з першага разу з вялікім запасам.

Вядома, стаўленне да рускамоўных моцна змянілася, але гэта адбылося не толькі ў Латвіі.

У 2018 годзе тут былі рускія школы, гэта была настолькі рускамоўная краіна, што я адчуваў сябе прыкладна гэтак жа, як у Мінску. Зрэшты, і цяпер я адчуваю сябе нядрэнна.

Але так, ёсць рэчы, якія нам не падабаюцца. Не падабаецца антымігранцкая палітыка, прычым не толькі ў дачыненні да рускамоўных, але і да тых, хто прыехаў здалёк.

Тое, што я бачу ў дачыненні да людзей з больш смуглай знешнасцю, лічу непрымальным для Еўропы. Парадаксальным чынам гэта некалькі абараняе рускамоўных мігрантаў.

У мяне ёсць сяброўка-латышка, з якой мы разам выгульваем сабак. Яна кажа, што цяпер у грамадстве высокая нецярпімасць да мігрантаў у цэлым, асабліва да прыезджых з Індыі і іншых азіяцкіх краін. Яны настолькі прыкметныя на вуліцах і жыхары так востра на іх рэагуюць, што раптам палюбілі людзей славянскай знешнасці.

Таму, як кажа мая сяброўка, «усё нармальна, вы ўжо — нашы, а вось гэтыя нам не падабаюцца».

З'язджаць мы пакуль не плануем: быт наладжаны, з працай усё нядрэнна. Хоць старэйшы сын будзе будаваць кар'еру за межамі Латвіі.

«Калі б у мяне не было еўрапейскага пашпарта, мы б не маглі тут жыць»

А вось што расказвае сузаснавальнік EPAM Леанід Лознер, які жыве ў Латвіі амаль шэсць гадоў.

— Яшчэ ў 2012 годзе мы набылі зямельны ўчастак побач з горадам Цэсіс. Гэта сэрца Латвіі, вакол — нацыянальны парк Гаўя, вельмі прыгожае месца.

Тут ёсць прыгожы экалагічны пасёлак Аматцыемс, які задумаў латвійскі бізнесмен у той добры перыяд, калі Латвія была дастаткова прыязнай да рускамоўных прыезджых і актыўна прадавала ім ДНЖ. Уладальнікам нерухомасці яна выдавала дакументы на пяць гадоў, а потым працягвала іх бясконца.

За гэты час мы пабудавалі тут дом. Спачатку ездзілі сюды як на дачу, а ў снежні 2020 года пераехалі. Вырашылі, што лепш паглядзім збоку, як хутка радзіма вернецца да спакойнага стану. Да гэтага часу яшчэ чакаем.

— Як за апошнія гады ў Латвіі змянілася стаўленне да вас асабіста і да рускамоўных мігрантаў у цэлым?

З боку дзяржавы стала значна складаней. Многія людзі, з якімі я меў зносіны пасля 2020 года, ужо не ў Латвіі. Мае айцішныя сябры жывуць пераважна ў Польшчы або на Кіпры. Некаторыя застаюцца ў Латвіі, але ўжо задумваюцца.

Калі б у мяне не было еўрапейскага (партугальскага) пашпарта, мы б не маглі тут жыць.

У нашым пасёлку першыя змены сталі прыкметныя яшчэ ў 2014 годзе: перасталі з'яўляцца новыя расійскія пакупнікі, бо Латвія ўзмацніла правілы ў сферы нерухомасці. Тады гэта тычылася толькі расіян, а з 2022 года — і беларусаў.

Але мы ўжо ўбудаваліся ў гэтае жыццё. Прырода тут падобная да Браслаўшчыны або Нарачанскага краю — маіх любімых мясцін у Беларусі. У гэтым сэнсе я адчуваю сябе як дома. Культурнае асяроддзе таксама дастаткова мне блізкае. Але латышскую мову я так і не вывучыў, бо ўсё яшчэ спадзяюся на вяртанне на радзіму.

— Адсутнасць мовы стварае дыскамфорт?

У побыце практычна няма. Усё ж латышы больш талерантна ставяцца да рускамоўных прыезджых, чым да сваіх рускамоўных суграмадзян, якія так толкам і не вывучылі латышскую. У Цэсісе ёсць толькі адно месца — крама канцылярскіх тавараў, дзе немаладая прадаўшчыца скрывілася, калі я ўпершыню спытаў у яе нешта па-руску. Цяпер я звяртаюся да яе па-англійску. Праўда, па-англійску яна не вельмі размаўляе, а па-руску не хоча. Таму самая праблематычная пакупка ў мяне — гэта канцылярскія тавары.

У астатніх месцах я не адчуваю ніякіх праблем. Некалькі сотняў латышскіх слоў я ўсё ж ведаю і заўсёды пачынаю размову з прывітання па-латышску.

Пасля гэтага з людзьмі старэйшага пакалення магу перайсці на рускую, і гэта заўсёды сустракаецца добразычліва. З моладдзю ж трэба адразу размаўляць па-англійску, і ўсё таксама будзе добра.

Тыя, з кім я даўно знаёмы, ведаюць, што я — беларус і хацеў бы вярнуцца ў Беларусь, гэта апраўдвае мяне ў іх вачах. Афіцыянты ў кавярнях гэтага, вядома, не ведаюць. Але калі яны чуюць, што мы з жонкай размаўляем паміж сабой па-руску, яны з усмешкай пераходзяць на рускую, калі валодаюць ёю.

З іншага боку, яны цалкам могуць дапускаць, што мы ўкраінскія бежанцы. Увогуле, усе гэтыя наратывы ў Латвіі пераплеценыя неверагодным чынам.

Падсумоўваючы латвійскую тэму: вы ў Латвіі, таму што нерухомасць, таму што блізкі менталітэт і звыклы клімат?

Клімат якраз не: летам тут класна, але зімой — сумна. Гэта ж на 500 км на поўнач ад Мінска, і кароткі светлавы дзень зімой памнажаецца на пахмурнае неба — дэпрэсіўная штука.

У плане клімату мне больш падабаецца Партугалія. Дружалюбная і сімпатычная краіна, але своеасаблівая: там жывуць вельмі душэўныя людзі, дрэнна прыстасаваныя да сістэматычнай працы. Я ж выхаваны ў традыцыі адказнасці і дысцыпліны, і сутыкненне з грамадствам, у якім гэтыя паняцці надзвычай аслабленыя, для мяне — кашмар і непаразуменне. Таму ўсё ж Латвія.

Тут у нас камфортнае жыллё, а вакол — вельмі прыгожая прырода. Едзеш з нашай вёскі ў Цэсіс па прадукты, глядзіш па баках і думаеш: як прыгожа! Тут я адчуваю сябе як дома, амаль як у Лагойскім раёне, дзе жыў апошнія 20 гадоў перад ад'ездам. Таму я тут.

Каментары4

  • Эканоміка
    24.08.2026
    ШІ ( які з'явіу́ся адносна нядау́на) хутка выцесне шмат праграмістау́ з рынка працы, якія будуць попрасту непатрэбны. А вось сельская гаспадарка будзе зау́сёды, бо піць ды есьці хочуць і праграміст, і шафёр і кожны чалавек. Сельская гаспадарка будзе толькі расьці...
  • Канечне
    24.08.2026
    Поцык, летувісы, латышы, эстонцы глядзяць на вас як на разумова адсталага.
  • Эканаміст, емае
    24.08.2026
    Эканоміка, сельскай аспадарцы шмат людзей ўжо не патрэбна шмат гадоў. Дарэчы, на сельскую гаспадарку зараз працуе больш айцішнікаў, чым трактарыстаў. Бо кіраваць шмат якімі працэсамі ў сельскай гаспадарцы можна з офісу ці з дому. Жніво сеецца, каровы дояцца, склады даглядаюцца і так далей.
    Думайце трошкі і глядзіце вакол, мамкіны эканамісты.

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Усе навіны →
Усе навіны

У Растоўскай вобласці атакаваны склад Ozon. Пацярпелі сем чалавек2

Навукоўцы выявілі тры суперздольнасці, якія абараняюць кажаноў ад раку

У Мінску хутка знікне яшчэ адзін закутак прыватнага сектара. Тут пабудуюць жыллёвы комплекс8

На станцыі метро «Слуцкі гасцінец» спынілі цягнікі і выклікалі ратавальнікаў

Жыхары аграгарадка пад Гомелем стогнуць ад нашэсця «шалёнага агурка»1

У Тбілісі знайшлі мёртвым абхазскага блогера, які выступаў за прымірэнне з Грузіяй2

Лаўроў заявіў, што Расія хоча вырашыць пытанне вайны ва Украіне «па-пацанску»11

У Беларусі чакаецца павышэнне цэн на муку4

У дваццаці штатах ЗША тысячы людзей атруціліся мексіканскай салатай. Двое насмерць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць