У Польшчы тэрміны разгляду спраў аб ДНЖ замарозілі да сакавіка 2027 года. А для міжнароднай абароны — вярнулі
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі падпісаў закон аб спыненні рашэнняў, якія рэгулююць дапамогу бежанцам у сувязі з узброеным канфліктам ва Украіне. Ён прадугледжвае паступовы пераход ад асобнага рэгулявання дапамогі ўкраінцам да агульных стандартаў, але таксама закранае і становішча іншых замежнікаў у Польшчы.

Закон не адмяняе найбольш важныя інструменты часовай абароны ўкраінцаў, а пераносіць іх у закон аб прадастаўленні абароны замежнікам, у тым ліку падаўжае законнасць знаходжання грамадзян Украіны ў Польшчы да 4 сакавіка 2027 года, піша Most.
Нягледзячы на тое, што закон тычыцца пераважна ўкраінцаў, ён закранае інтарэсы і грамадзян іншых краін. Адной з самых непрыемных для іх мер стала падаўжэнне замарозкі тэрмінаў разгляду спраў аб ДНЖ да 4 сакавіка 2027 года.
Дзяржорганы па-ранейшаму будуць прымаць і разглядаць заявы, аднак пры гэтым могуць не прытрымлівацца ўстаноўленых тэрмінаў.
Гэта выключэнне з правіл было прынята ў пачатку 2022 года ў сувязі з наплывам украінскіх уцекачоў і неаднаразова падаўжалася, з-за чаго легалізацыя расцягваецца на гады.
Увосень 2025 года аналагічным чынам былі замарожаныя тэрміны разгляду спраў аб міжнароднай абароне. Прыпыненне дзейнічае да 4 сакавіка 2026 года — але, у адрозненне ад іншых легалізацыйных працэдур, яно не будзе прадаўжацца. Такім чынам, Упраўленне ў справах замежнікаў зноў павінна будзе выносіць рашэнні на працягу 6 месяцаў з магчымасцю падаўжэння да 15 месяцаў.
За выключэннем асобных палажэнняў, закон уступае ў сілу 5 сакавіка 2026 года.
Каментары